«Аб тых, каго мы прыручылі»<em> (Вольга Мядзведзева, «Звязда» ад 6 чэрвеня 2014 г.)</em>
Законапраекту аб абыходжанні з жывёламі патрэбны медыятар
Закон «Аб абыходжанні з жывёламі» беларускі парламент спрабаваў прыняць ужо тройчы на працягу апошніх 13 гадоў, і кожны раз праект быў адкліканы. Дэпутаты мінулага, чацвёртага, склікання, нарэшце, прынялі законапраект у першым чытанні, але так і не змаглі яго дапрацаваць да другога. Тым не менш у важнасці і тэрміновасці вызначэння прававых асноў абыходжання з жывёламі ў нашай краіне не сумняваецца, здаецца, ніхто: ні ўладальнікі чатырохногіх істот, ні іх суседзі, ні супрацоўнікі жыллёва-камунальных службаў, ні абаронцы жывёл, ні медыкі, ні крыміналісты, ні нават палітыкі. Пра тое, якія захады для ліквідацыі заканадаўчага прабелу робіць парламент пятага склікання, наша размова з членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве Наталляй ГУЙВІК (Полацкая гарадская акруга), якая прапанавала ў план работы парламента праект закона «Аб абыходжанні з жывёламі».
— Наталля Васільеўна, раскажыце, якая адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжана ў існуючым заканадаўстве?
— У нашай краіне за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, але, як паказвае практыка, гэтая норма не працуе, бо не папярэджвае такія небяспечныя для грамадства дзеянні, як жорсткае абыходжанне з жывёламі. Артыкул 15.45 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне за гібель, калецтва і катаванне жывёл у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (сёння гэта ад 1,5 да 4,5 млн рублёў. — «Зв.») альбо адміністрацыйны арышт.
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за жорсткае абыходжанне з жывёламі складаюць выканаўчыя камітэты розных узроўняў. Натуральна, што звяртацца туды, калі людзі бачаць факт жорсткага абыходжання з жывёлай, нязручна, ды і самі супрацоўнікі выканкамаў не вельмі ахвотна складаюць такія пратаколы. Як правіла, яны выклікаюць грамадзяніна, які ўтрымлівае жывёліну, а той адмаўляе факт жорсткага абыходжання.
Пасля шматлікіх зваротаў выбаршчыкаў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання рыхтуюць змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях аб узмацненні адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі і аб наданні службовым асобам Міністэрства ўнутраных спраў права складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за здзяйсненне такіх дзеянняў. У міліцыі больш паўнамоцтваў. Яны на месцы могуць устанавіць усе абставіны.
— Калі я аднойчы ў спёку ўбачыла у прыпаркаванай зачыненай машыне сабаку, то пазваніла ў міліцыю. Мне нават у галаву не прыйшло званіць у выканкам або ЖЭС.
— Гэта натуральная рэакцыя. Наша парламенцкая камісія імкнецца ўпэўніць Міністэрства ўнутраных спраў, што матыў жорсткага абыходжання з жывёламі — хуліганства. У першую чаргу, парушаецца грамадскі парадак, зневажаецца мараль, бо часцей гэта адбываецца на вачах іншых людзей. Таму мы прапануем даць міліцыі паўнамоцтвы на складанне пратаколаў па артыкуле 15.45 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Нават калі гэта адбываецца не навідавоку, міліцыі лягчэй прыняць меры супрацьдзеяння. А выканкамы часта пераводзяць стрэлкі на домаўпраўленні. Вось чаму за мінулы год па гэтым артыкуле былі прыцягнуты да адказнасці толькі 33 чалавекі з усёй Беларусі.
На мой погляд, распрацаваны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» быў цалкам дакладны, зразумелы і адпавядаў патрабаванням часу. Яго трэба было толькі дапрацаваць да другога чытання і потым, з улікам практыкі прымянення, удасканаліць.
— Але гэтага не здарылася. Чаму законапраект быў зноў адкліканы?
— На жаль, яго адклікалі з-за немагчымасці ўзгаднення пазіцый зоаабаронцаў і распрацоўшчыкаў дакумента. На той момант таксама не знайшла падтрымку ў Генпракуратуры ініцыятыва дэпутатаў аб увядзенні нормы, якая прадугледжвае крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Яна была ўключана падчас падрыхтоўкі праекта да другога чытання.
— Якія нормы аказаліся найбольш спрэчнымі?
— Першая — па колькасці жывёл, якіх дазволена ўтрымліваць у кватэры шматкватэрнага дома. Распрацоўшчыкі прапаноўвалі не больш за двух. Мяркую, гэта лагічна і разумна, бо такая колькасць не будзе замінаць суседзям. Сёння ў невялікіх гарадскіх кватэрах ставяць клеткі і разводзяць катоў і сабак на продаж, і няма на гэта ніякай управы.
З гэтай нормай, у першую чаргу, не згодны тыя, хто робіць на развядзенні жывёл бізнес. Але спецыялісты прызнаюць, што больш за двух жывёл, як і прадстаўнікоў некаторых парод, лепш утрымліваць у прыватным доме, ва ўмовах свабоднага выгулу альбо вальера. Ва ўласным доме з падворкам можна трымаць любую колькасць хатніх любімцаў.
Другая спрэчная норма датычылася чыпавання. Я згодна з тым пунктам гледжання, што ніводны закон не будзе працаваць, калі не будзе праведзена работа па ўліку жывёл. У нас кожны чалавек мае ідэнтыфікацыйны нумар. А колькі жывёл, каму яны належалі ці належаць, — ніхто не ведае.
Калі ўсе чатырохногія кампаньёны чалавека будуць улічаны, тады ў нас не будзе бяздомных сабак і кошак, бо закон прадугледзіць адказнасць уладальнікаў за іх утрыманне. Супраць гэтай нормы таксама выступілі заводчыкі хатніх гадаванцаў, бо па-першае, гэта — адказнасць, па-другое — грошы, якія неабходна будзе заплаціць за чыпаванне.
— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб законапраект быў, нарэшце, прыняты?
— Ужо праз год пасля адклікання з парламента законапраекта «Аб абыходжанні з жывёламі» беларускае грамадства загаварыла аб неабходнасці яго прыняцця. Для яго дапрацоўкі неабходна знайсці залатую сярэдзіну, уключыць асновы медыятарства. Узначаліць працоўную групу па яго дапрацоўцы павінен чалавек, які будзе валодаць якасцямі прымірыцеля. У 2012 годзе распрацоўшчыкі законапраекта проста не вытрымалі націску абаронцаў жывёл. У прычынах адклікання такая фармулёўка: грамадства не падрыхтавана да прыняцця прапісаных у законапраекце нормаў. Але ў чым грамадства не падрыхтавана? Фінансаванне прытулкаў для жывёл не з’явіцца да таго часу, пакуль у законе не будзе прапісана стварэнне такіх прытулкаў…
У Віцебску, дарэчы, пры гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы стварылі прытулак для бяздомных жывёл, які ўтрымліваецца, у асноўным, за спонсарскія грошы. Але ўжо тое, што горад знайшоў памяшканне, стварыў умовы, — вельмі добры прыклад.
У Наваполацку і Полацку ўлады таксама ідуць насустрач абаронцам жывёл. Грамадскаму аб’яднанню «Шанц» далі памяшканне ў арэнду, а грамадскаму аб’яднанню «Сябар» далі памяшканні пад стварэнне працоўных месцаў. На жаль, больш дзяржава такім арганізацыям дапамагчы нічым не можа. А яны робяць вельмі шмат: кормяць, прышчэпліваюць, стэрылізуюць, лечаць, шукаюць новых гаспадароў. Быў бы адпаведны закон, лягчэй было б павысіць узровень такой работы ў нашай краіне, падтрымаць яе.
Я згодна з думкай індыйскага філосафа Махатмы Гандзі пра тое, што вялікасць і маральны прагрэс нацыі можна вымераць тым, як гэта нацыя ставіцца да жывёл.
— Да таго ж даўно заўважана ўзаемасувязь паміж жорсткімі злачынствамі супраць людзей і садызмам у дачыненні да жывёл…
— Сучасныя псіхалогія і крыміналогія пераканаўча паказваюць гэтую ўзаемасувязь. Жорсткасць у дачыненні да жывёл садзейнічае фарміраванню пачуцця абыякавасці да пакут жывых істот, нараджае агрэсіўнасць і гвалтоўнасць да навакольных. Гэта ўплывае на свядомасць тых, хто непасрэдна здзяйсняе жорсткія дзеянні, і тых, хто аказваецца іх відавочцамі.
— Тое, што «мінскага скуралупа», які пакалечыў і забіў дзясятак жывёл восенню мінулага года, так і не знайшлі, — тоіць патэнцыйную небяспеку для людзей?
— Безумоўна. І самае страшнае — ёсць сведчанні, што такі нелюдзь у Беларусі не адзін. На пачатку гэтага года ў пасёлку Лужасна пад Віцебскам нехта надзеў на пашчу сабакі маску з дроту, якая нанесла ёй жудасныя раны, не давала магчымасці есці і піць…
— Магчыма, пасля гэтых выпадкаў на ініцыятыву ўвесці крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі грамадства паглядзіць інакш.
— Неапраўдана высокая цана. Калі б законапраект быў прыняты, магчыма, гэтых выпадкаў не было б. Цяпер дэпутаты прапануюць дапоўніць Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь артыкулам 339-1, які складаецца з дзвюх частак. Першая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ, арышту за жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое выклікала гібель або калецтва і было здзейснена з-за хуліганскіх, карыслівых або іншых нізкіх памкненняў альбо ў прысутнасці малалетняга. Калі гэтыя ж дзеянні здзейснены паўторна альбо групай асоб, то санкцыя часткі другой гэтага артыкула будзе прадугледжваць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі на тэрмін да аднаго года або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.
— Чым хуліганства адрозніваецца ад нізкіх памкненняў?
— Хуліганства — гэта адкрытае выказванне непавагі да ўсталяваных нормаў, парушэнне грамадскага парадку, выклік маралі. А нізкія памкненні, як правіла, не дэманструюць.
Абнадзейвае тое, што цяпер большасць дзяржаўных органаў, меркаванне якіх высвятлялі, выказаліся за неабходнасць прыняцця асобнага заканадаўчага акта, які рэгулюе пытанні абыходжання з жывёламі. Адміністрацыя Прэзідэнта таксама падтрымлівае гэтую пазіцыю. Так што цалкам магчыма, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 5-га склікання паспеюць прыняць гэты вельмі важны для нашага грамадства закон.
Вольга Мядзведзева, «Звязда» ад 6 чэрвеня 2014 г.
(фота - «Звязда»)

