/ / Общественно-политические
07.02.2014

«Усё пра бальнiчныя лiсты» <em>(Святлана Бусько, «Звязда»)</em>

З нядаўняга часу бальнічныя лісты пачалі аплачвацца па-новаму. На гарачы тэлефон і ў аддзел пісьмаў «Звязды» ў сувязі з гэтым паступае нямала пытанняў. Пракаменціраваць для нашых чытачоў асноўныя змены ў правілах іх аплаты і расставіць усе кропкі над «і» мы папрасілі начальніка аддзела сацыяльнага страхавання Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ларысу Капыльскую.

Што змянілася

Сярод асноўных змяненняў пры назначэнні дапамогі па часовай непрацаздольнасці можна вылучыць наступныя.

  • Дапамога прызначаецца не за працоўныя дні, як раней, а за каляндарныя дні часовай непрацаздольнасці.

Гэта значыць, выхадныя дні, праведзеныя ў змаганні з хваробай, зараз таксама аплачваюцца.

  • Дапамогі па часовай непрацаздольнасці ў сувязі з захворваннем або траўмай у быце зараз прызначаюцца ў памеры 80 % сярэднядзённага заробку за першыя 12 каляндарных дзён часовай непрацаздольнасці.

Як растлумачыла спецыяліст, дапамога па часовай непрацаздольнасці – гэта сацыяльная выплата, а не заробак. Важна, што вышэйзгаданая норма не закранае людзей, якія страцілі заробак з прычыны цяжкага захворвання або траўмы ў быце, таму што, пачынаючы з 13-га дня часовай непрацаздольнасці, дапамога прызначаецца ў памеры 100 % незалежна ад працягласці выпадку часовай непрацаздольнасці. Адзіны нюанс – гэта павінен быць бесперапынны бальнічны ліст.

  • Сярэднядзённы заробак для налічэння дапамогі па часовай непрацаздольнасці вылічваецца згодна з агульным правілам за 6 каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу ўзнікнення права на дапамогу.

Парадак вылічэння сярэднядзённага заробку, які дзейнічаў раней (за 2 каляндарныя месяцы), паводле слоў Ларысы Капыльскай, не дазваляў дакладна ўвязаць памер дапамогі з велічынёй страчанага заробку.

  • Устаноўлены мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці, у тым ліку асобам, за якіх абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся менш чым за 6 месяцаў да ўзнікнення права на дапамогу.

Як правіла, гэта тычыцца маладых людзей, якія захварэлі ў першыя паўгода працы. Іх выплаты па бальнічным лісце цяпер залежаць не ад заробку, а ад бюджэту пражытачнага мінімуму. За месяц хваробы паложана палова БПМ – цяпер гэта 564 000 рублёў. Памер выплаты па бальнічным лісце вылічваецца наступным чынам: 50 % максімальнага памеру БПМ, які дзейнічае ў месяцы, дзе мела месца часовая непрацаздольнасць, дзеляць на колькасць каляндарных дзён у гэтым месяцы, а потым памнажаюць на колькасць каляндарных дзён непрацаздольнасці.

  • Змены чакаюць і тых, хто атрымаў траўму ў быце ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Раней выплаты за «п’яны» бальнічны складалі 50 % ад сумы, якая была паложана за звычайны бальнічны на той жа тэрмін. Цяпер за першыя шэсць дзён такі хворы грошай не атрымае зусім. За другія шэсць дзён аплата будзе праводзіцца ў памеры 40 % ад сярэднядзённага заробку. Астатнія дні аплацяць у памеры 50 % сярэднядзённага заробку.

Засталося па-ранейшаму

Не закранулі змены памеру выплаты бацькам, якія сышлі на бальнічны праз хваробу дзіцяці. Ім выплацяць 100 % сярэднядзённага заробку за перыяд догляду дзіцяці, на які выдадзены бальнічны ліст, у тым ліку за выхадныя. Выдаецца лісток непрацаздольнасці з таго дня, з якога асобе, якая ажыццяўляе догляд, патрабуецца вызваленне ад работы.

Застаўся ранейшым і складае 100 % сярэднядзённага заробку за ўвесь перыяд памер выплаты па бальнічным лісце для асоб, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, а таксама па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння. Акрамя таго, уведзена дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго медыцынскай рэабілітацыі. Яна таксама аплачваецца ў памеры 100 % сярэднядзённага заробку.

Змены не закранулі і тэрмінаў, на якія прызначаецца бальнічны ліст, незалежна ад таго, будуць гэта выплаты ў сувязі з агульным захворваннем, траўмай у быце або па доглядзе хворага члена сям’і.

Дапамога па часовай непрацаздольнасці ў выпадку захворвання або траўмы ў быце прызначаецца на ўвесь перыяд часовай непрацаздольнасці да дня аднаўлення працаздольнасці або ўстанаўлення інваліднасці, але не больш чым на 120 каляндарных дзён бесперапынна альбо не больш чым на 150 каляндарных дзён з перапынкамі за апошнія 12 месяцаў пры паўторных выпадках часовай непрацаздольнасці ў сувязі з адным альбо роднаснымі захворваннямі або траўмай.

Прызначэнне дапамогі па часовай непрацаздольнасці ў выпадку захворвання або траўмы ў быце можа ажыццяўляцца і на больш працяглыя перыяды на падставе рашэння медыка-рэабілітацыйнай камісіі МРЭК аб працягу лячэння.

Пытанне-адказ

Ці аплачваецца бальнічны ліст, калі работнік працуе ў арганізацыі па сумяшчальніцтве?

Калі работнік працуе па асноўным месцы працы і па сумяшчальніцтве, то дапамога прызначаецца па кожным месцы працы. Калі работнік працуе яшчэ і па грамадзянска-прававым дагаворы, то мае права на дапамогу і па месцы выканання работы па гэтым дагаворы. Пры гэтым неабходна адзначыць, што па кожным месцы працы памер дапамогі не можа быць ніжэйшым за мінімальны (50 % велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за кожны поўны месяц часовай непрацаздольнасці).

Ці аплачваецца бальнічны ліст, калі чалавек захварэў падчас адпачынку за свой кошт?

За перыяд хваробы, які супаў з адпачынкам без захавання заработнай платы, дапамога па часовай непрацаздольнасці не назначаецца. Калі работнік працягвае хварэць пасля заканчэння такога водпуску, то дапамога прызначаецца з дня, наступнага за днём заканчэння гэтага водпуску. Але памер дапамогі вызначаецца, зыходзячы з першага дня вызвалення ад працы паводле лістка непрацаздольнасці. Гэта значыць, 12-дзённы перыяд для вылічэння дапамогі ў памеры 80 % сярэднядзённага заробку адлічваецца з дня, з якога выдадзены лісток непрацаздольнасці. Такім чынам, калі, напрыклад, водпуск без захавання заработнай платы прадастаўлены з 9 па 17 лютага, а лісток непрацаздольнасці выдадзены з 11 па 26 лютага, то выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасці ажыццяўляецца з 18 па 22 лютага ў памеры 80 % сярэднядзённага заробку, а пачынаючы з 23 лютага, у памеры 100 % сярэднядзённага заробку.

На заметку

Калі работнік звольніўся, але пасля звальнення не працаўладкаваўся афіцыйна, то ён можа разлічваць на тое, што яго бальнічны ліст будзе аплачаны – пры ўмове, што ён звольнены з працы з уважлівай прычыны, захварэў на працягу 30 каляндарных дзён пасля звальнення і хвароба доўжылася больш чым 30 каляндарных дзён. Рашэнне аб прызначэнні дапамогі ў парадку выключэння ў гэтых выпад­ках прымаецца камісіяй па назначэнні дапамог абласных, Мінскага гарадскога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, а выплачваецца яна па ранейшым месцы працы.

Важна ведаць

Не варта блытаць працоўны стаж са стажам страхавым. Цяпер разлік дапамогі па часовай непрацаздольнасці работніку ажыццяўляецца з улікам перыяду вы­платы за яго страхавых узносаў. Дапамога асобам, за якіх страхавыя ўзносы выплачваліся менш чым за 6 месяцаў да ўзнікнення права на яе, назначаецца ў мінімальным памеры. Прасцей кажучы, калі работнік працаваў на «шэрую» кампанію, у якой працадаўца не адлічваў страхавыя ўзносы, то яго страхавы стаж будзе значна меншы за працоўны. Гэта можа негатыўна ўплываць на памер дапамогі ў выпадках часовай непрацаздольнасці.

Святлана Бусько, «Звязда»