/ / Общественно-политические
22.12.2014

«Адстойваць нацыянальныя інтарэсы»<em> («Звязда» ад 20 снежня 2014 г.)</em>

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Паважаныя дэпутаты!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання завяршае сваю работу.

Пройдзены своеасаблівы «экватар» у нашай дзейнасці. За два гады Парламент наладзіў сістэмную, зладжаную работу, вырас у прафесійным плане. Прынята больш за 200 запатрабаваных дзяржавай і грамадствам законаў, істотна пашыраны сувязі з замежнымі парламентамі і міжпарламенцкімі арганізацыямі.

Даволі выніковай была і бягучая сесія. Прынята каля 70 законапраектаў. Асноўны акцэнт пры гэтым зроблены на выкананні пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па абароне суверэнітэту і адстойванні нацыянальных інтарэсаў.

Рызыкі, звязаныя з запаволеннем тэмпаў росту сусветнай эканомікі, нестабільнасцю рынкаў, спадам попыту на прамысловую прадукцыю, патрабуюць ад нас прыняцця неадкладных мер. Толькі моцная, устойлівая эканоміка служыць надзейным гарантам высокіх стандартаў жыцця, захавання грамадскай згоды, а значыць, – і незалежнасці.

Ключавое значэнне ў гэтых адносінах мае прыняцце пакета бюджэтных дакументаў на 2015 год. З улікам няпростых знешнеэканамічных умоў фінансавыя рэсурсы краіны сканцэнтраваны на вырашэнні задач захавання макраэканамічнай стабільнасці, развіцця рэальнага сектара, стымулявання экспарту.

Прынцыпова важна, што бюджэт дае магчымасць забяспечыць выкананне сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы. У мэтах узмацнення абароны найбольш слабаабароненых катэгорый насельніцтва прадугледжаны такія формы дзяржаўнай падтрымкі сям’і, як фарміраванне «сямейнага капіталу», прадастаўленне льготнага крэдыту на будаўніцтва або набыццё жылля сем’ям, якія выхоўваюць дваіх непаўналетніх дзяцей.

Бюджэт, а таксама змяненні, унесеныя ў Падатковы кодэкс, улічваюць інтарэсы айчынных вытворцаў, прадугледжваюць паступовы адыход ад практыкі перакрыжаванага субсідзіравання, ствараючы тым самым умовы для зніжэння сабекошту прадукцыі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці.

Гэта асабліва актуальна ў сувязі з уступленнем у сілу Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, які ратыфікаваны ў ходзе сесіі. Безумоўна, стварэнне агульнага рынку адкрывае дадатковыя магчымасці, і мы проста абавязаны імі правільна распарадзіцца.

У той жа час асноўныя мэты саюза могуць быць дасягнуты толькі пры ўмове строгага выканання прынцыпаў раўнапраўя і ўліку нацыянальных інтарэсаў бакоў, адмовы ад усялякіх выключэнняў і абмежаванняў.

Праблемы з транзітам і пастаўкамі беларускай прадукцыі на расійскі рынак не садзейнічаюць умацаванню саюзніцкіх адносін і пашырэнню ідэй еўразійскай інтэграцыі.

Нам неабходна больш актыўна адстойваць свае інтарэсы, асвойваць новыя рынкі, працаваць над якасцю прадукцыі, прымаць меры па ўмацаванні эканомікі, робячы яе менш успрымальнай для знешняга ўздзеяння.

Работа наперадзе вялікая. Ужо сёння практычна ўсе законапраекты эканамічнага блока разглядаюцца намі ў такім ключы. Гэта, у прыватнасці, датычыцца прынятых на бягучай сесіі законаў «Аб рынку каштоўных папер» і «Аб энергазберажэнні», паправак у Закон «Аб гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб».

Самую пільную ўвагу дэпутаты ўдзялілі развіццю аграпрамысловага комплексу, удасканаленню сістэмы кантролю якасці і бяспекі сельскагаспадарчай прадукцыі. Па-новаму ўрэгуляваны пытанні ветэрынарнай дзейнасці. Зроблены першы крок у напрамку стварэння сістэмы ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці сельскагаспадарчых жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання.

Перспектывы росту эканомікі, паспяховай рэалізацыі інфраструктурных праектаў у сацыяльнай сферы ўвязваюцца з выкарыстаннем магчымасцяў прыватнага капіталу. Устанаўленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу патрабуе ўдасканалення дзеючай мадэлі іх узаемаадносін. Гэтай тэме былі прысвечаны парламенцкія слуханні, вынікам якіх стала выпрацоўка падыходаў да рэалізацыі механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Важныя прававыя рашэнні прыняты і ў сацыяльнай сферы. Магчымасць замены воінскай службы на альтэрнатыўную, далейшае развіццё фізкультуры і спорту, удасканаленне лекавага забеспячэння насельніцтва, донарства – гэта далёка не поўны пералік значных для насельніцтва пытанняў, якія з асаблівай увагай былі разгледжаны дэпутацкім корпусам.

Задача забеспячэння дзяржаўнага суверэнітэту ў сучасных умовах запатрабавала разгляду важкага пакета дакументаў у сферах нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку.

Сёння ў барацьбе за геапалітычнае панаванне ўсё актыўней выкарыстоўваецца практыка распальвання міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці, насаджэння экстрэмізму, развязвання інфармацыйных войнаў.

Крызіс ва Украіне стаў сур’ёзным выклікам для ўсёй сусветнай супольнасці. Увесь гэты час мы з трывогай сочым за развіццём сітуацыі ў гэтай брацкай для нас краіне. Сваю пазіцыю беларускія парламентарыі не раз выказвалі на розных узроўнях і пляцоўках, уключаючы Парламенцкую асамблею АБСЕ і Міжпарламенцкі саюз.

Беларусь з самага пачатку заклікала ўсе бакі канфлікту адмовіцца ад насілля, шукаць шляхі вырашэння супярэчнасцяў выключна мірнымі сродкамі і за сталом перагавораў.

Разам з тым з гэтай сітуацыі наша дзяржава атрымала адпаведныя ўрокі. Прынятыя на сесіі заканадаўчыя рашэнні прызначаны павысіць абараназдольнасць краіны, надзейнасць дзяржаўных граніц, наладзіць дзейсныя механізмы абароны інфармацыі. Канцэптуальна новыя рашэнні прыняты ў сферах крымінальнага, адміністрацыйнага і працэсуальнага заканадаўства. Узмоцнены меры па барацьбе з карупцыяй, экстрэмізмам, наркаманіяй, гандлем людзьмі. Прадаўжаецца работа па ўдасканаленні механізмаў разгляду зваротаў грамадзян, недапушчэнні фармалізму і абыякавага стаўлення да праблем насельніцтва.

Міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў накіравана на ўмацаванне пазіцый беларускай дзяржавы на ўсіх вектарах яе знешняй палітыкі.

Значна пашырылася міжнародна-дагаворная база Рэспублікі Беларусь. Заканадаўчае забеспячэнне атрымала развіццё супрацоўніцтва з Бразіліяй, Грэцыяй, Ізраілем, Камбоджай, Кітаем, Расіяй, Эквадорам, іншымі краінамі.

Асаблівы акцэнт рабіўся на пашырэнне эканамічных інтарэсаў краіны. У гэтым плане паказальныя вынікі афіцыйнага візіту беларускай дэлегацыі ў Шры-Ланку, дзе нараўне з парламенцкім складнікам вялікая ўвага ўдзялялася абмеркаванню пытанняў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У ходзе візіту падпісаны Мемарандум паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Цэйлонскай гандлёвай палатай. Дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў Шры-Ланцы сумеснага прадпрыемства па зборцы трактароў «Беларус». У перспектыве – рэалізацыя іншых кааперацыйных праектаў, уключаючы вытворчасць малочнай прадукцыі, зборку аўтобусаў і грузавікоў МАЗ, падрыхтоўку ланкійскіх спецыялістаў у беларускіх ВНУ.

Прынцыпова важна, што ў перыяд сесіі актывізаваўся парламенцкі дыялог з еўрапейскімі дзяржавамі. Праведзены сустрэчы з парламентарыямі Аўстрыі, Латвіі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі. Адбыўся рабочы візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Чэхію. Вынікі перагавораў з чэшскімі парламентарыямі і прадстаўнікамі дзелавых колаў пацвярджаюць узаемную зацікаўленасць у паглыбленні ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Такія кантакты з еўрапейскімі парламентарыямі трэба развіваць, дабіваючыся ўстанаўлення трывалага і адкрытага дыялогу як на міжпарламенцкім, так і на міждзяржаўным узроўнях.

Канструктыўна вялася работа і ў рамках інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. У ходзе 47-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі разгледжана шырокае кола пытанняў, галоўным з якіх стала прыняцце бюджэту Саюзнай дзяржавы, што прадугледжвае фінансаванне 36 сумесных праграм і мерапрыемстваў.

Пляцоўка саюзнага парламента была выкарыстана і для абмеркавання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Праведзены дыялог паказаў, што для парламентарыяў не існуе закрытых тэм, і нам трэба актыўней выкарыстоўваць парламенцкую дыпламатыю для вырашэння ўзнікаючых праблем.

Плённай была работа дэпутатаў у міжпарламенцкіх асамблеях СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ, прававая база якіх папоўнілася больш як 20 мадэльнымі заканадаўчымі актамі і рэкамендацыямі.

Сярод мерапрыемстваў, праведзеных па лініі гэтых інтэграцыйных структур у нашай краіне, адзначу міжнародную канферэнцыю «Выбарчыя працэсы на прасторы СНД», выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі ПА АДКБ па пытаннях абароны і бяспекі, прысвечанае вывучэнню ваенна-палітычнай абстаноўкі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі АДКБ.

У адпаведнасці з рашэннем, прынятым Міждзяржаўным Саветам Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Міжпарламенцкая Асамблея ЕўрАзЭС завяршае сваю дзейнасць. У сувязі з гэтым хачу падзякаваць дэпутатам, якія прымалі актыўны ўдзел у рабоце гэтай арганізацыі. Упэўнены, яе вопыт будзе запатрабаваны і адыграе важную ролю ў развіцці еўразійскай інтэграцыі.

Паважаныя калегі!

Напружаная дзейнасць прадоўжыцца і ў міжсесійны перыяд. Напаўненне парадку дня вясенняй сесіі, па сутнасці, пачалося ўжо. Фарміруецца даволі інтэнсіўная міжнародная праграма. Вялікі аб’ём работы трэба будзе выканаць і ў выбарчых акругах.

У перыяд навагодніх свят у краіне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». І, вядома, дэпутатам трэба прыняць у ёй самы актыўны ўдзел. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць вывучэнню сітуацыі ў акругах, паглядзець, ці ўсё робіцца мясцовымі органамі ўлады для вырашэння праблем, якія хвалююць насельніцтва, ацаніць эфектыўнасць работы са зваротамі грамадзян.

Трэба часцей сустракацца з людзьмі, абмяркоўваць прынцыповыя пытанні жыцця грамадства і дзяржавы, ісці ў працоўныя калектывы, асабліва маладзёжныя, у студэнцкія аўдыторыі, сустракацца з маладзёжным актывам. Наступны год аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам моладзі. І гэта невыпадкова: галоўны здабытак Беларусі – чалавечы патэнцыял. Краіне патрэбны энергічныя, ініцыятыўныя, прадпрымальныя людзі, для якіх любоў да Радзімы – не пусты гук.

Сёння ад кожнага патрабуецца быць гатовым узяць на сябе максімальную адказнасць – за свой лёс, лёс сваёй сям’і, лёс сваёй краіны. З’яднаць грамадства вакол гэтай ідэі, забяспечыць яго кансалідацыю – наш прамы абавязак.

На заканчэнне, паважаныя калегі, хачу падзякаваць вам за праведзеную работу і сардэчна павіншаваць усіх прысутных з надыходзячымі навагоднімі і каляднымі святамі. Новы год – гэта самае любімае ў народзе, самае дамашняе і сямейнае свята. З ім мы звязваем добрыя надзеі і чаканні. Кожнаму хочацца верыць, што ў жыцці яго чакаюць перамены да лепшага і абавязкова збудуцца самыя запаветныя мары.

Шчыра жадаю моцнага здароўя, аптымізму, здзяйснення задуманага вам і вашым блізкім, дабрабыту і працвітання нашаму агульнаму дому – роднай Беларусі. 

«Звязда» ад 20 снежня 2014 г.
(фота – «Звязда»)