Не стаць «жывым таварам»<em> (Надзея Юшкевіч, «Звязда» ад 20 жніўня 2014 г.)</em>
Дэпутаты працуюць над рэдакцыяй праекта закона, прысвечанага барацьбе з гандлем людзьмі.
«Рабства не стала больш гуманным ні на ёту за апошнія некалькі тысяч гадоў». Гэты слоган сацыяльнай рэкламы знаёмы амаль усім. Раней на нашым тэлебачанні паказвалі іншыя ролікі, якія заклікалі людзей правяраць свайго замежнага працадаўцу… Такая рэклама — частка працы адпаведных спецслужбаў і арганізацый па барацьбе з гандлем людзьмі, якую можа бачыць кожны, але, натуральна, гэта далёка не ўсё. Наша краіна першая на тэрыторыі постсавецкай прасторы разгарнула шырокамаштабную кампанію па барацьбе з гэтым злом. Больш за тое, сёння процідзеянне гандлю людзьмі — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашай краіны на міжнароднай арэне.
30 ліпеня гэтага года ў свеце ўпершыню адзначылі Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Дата была абвешчана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, а ініцыятарам гэтага стала наша дзяржава. Менавіта 30 ліпеня 2010 года быў прыняты Глабальны план дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі, у вытокаў якога стаяла Беларусь.
2Зараз у Палаце прадстаўнікоў працуюць над праектам Закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб процідзеянні гандлю людзьмі». Дэпутат Васіль АЛЯКСЕЕНКА, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, расказаў «Звяздзе», чаму менавіта наша краіна стала адным з сусветных лідараў у барацьбе з гандлем «жывым таварам» і што новага ўносіцца ў законапраект.
— Васіль Анатольевіч, як так атрымалася, што наша краіна стала адным з сусветных лідараў у сферы барацьбы з гандлем людзьмі?
— Ад нас зыходзіць шмат прапаноў па процідзеянні такім злачынствам. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Праз нашу тэрыторыю праходзяць нелегальныя шляхі перапраўкі жывога тавару з поўдня на захад і з усходу на захад. Мы абавязаны рабіць усё магчымае ў гэтым кірунку, каб не стаць краінай, праз якую могуць без перашкод перавозіць людзей для далейшай іх эксплуатацыі.
У нас ёсць шмат чаго, што могуць ацаніць і ўжо ацанілі партнёры, калегі па сферы процідзеяння гандлем людзьмі. Напрыклад, падчас пасяджэння «круглага стала», якое прайшло напрыканцы мінулага месяца ў Мінску, усе госці ацанілі дзейнасць нашай дзяржавы ў процідзеянні гандлю людзьмі станоўча.
— У чым сутнасць законапраекта, над якім зараз працуе ваша камісія?
— Гэты законапраект рыхтуецца ў адпаведнасці з Законам «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі Савета Еўропы «Аб процідзеянні гандлю людзьмі».
Што да самога законапраекта, то там дадзены азначэнні паняццяў «гандаль людзьмі», «эксплуатацыя», «ідэнтыфікацыя ахвяры гандлем людзьмі».
Так, пад паняццем «гандаль людзьмі» трэба разумець усе дзеянні, якія могуць прымяняцца ў дачыненні да чалавека з мэтай зрабіць яго аб’ектам гандлю. Таму ўцячы ад адказнасці, заяўляючы, што пэўнага чалавека не прадавалі, ужо не атрымаецца. Раз яго дзеянні папалі пад адну з вызначаных катэгорый — вярбоўку, перадачу, укрывальніцтва, перавозку чалавека з мэтай далейшага продажу, злоўжыванне яго даверам, прымяненнем насілля з пэўнымі мэтамі, то гэта ўсё будзе кваліфікавацца як «гандаль людзьмі».
У праекце закона вызначана паняцце «ідэнтыфікацыя ахвяры гандлем людзьмі». Яго трэба разумець як комплекс дзеянняў, якія здзяйсняюцца дзяржаўнымі органамі і грамадскімі і іншымі арганізацыямі з мэтай вызначэння факта здзяйснення гандлю людзьмі або звязанымі з гэтым злачынствамі. У праект закона ўводзіцца новы артыкул, дзе вызначаны дзяржаўныя органы, якія будуць займацца ідэнтыфікацыяй, а таксама адзначана, хто можа здзяйсняць ідэнтыфікацыю ахвяр гандлю людзьмі. Акрамя таго, там жа вызначана, хто можа ініцыяваць гэтую працэдуру. Яна праводзіцца на працягу 30 сутак, але можа быць спынена раней — калі дакладна выяўлена, з’яўляецца чалавек ахвярай гандлю людзьмі або не.
Лічу, што гэтыя змены ў праекце закона, які на восеньскай сесіі будзе прыняты ў другім чытанні, паспяхова інтэгруюцца ў наша заканадаўства як дастаткова сучасныя і перспектыўныя. І тое, што задача процідзеяння гандлю людзьмі — першарадная ў дзяржаве, з’яўляецца прычынай лідарства Беларусі сярод іншых краін-барацьбітоў супраць гандлю людзьмі.
— Існуе і такая з’ява, як гандаль людзьмі ўнутры нашай краіны…
— Сапраўды, ахвярай гандлю людзьмі можна стаць і не пакідаючы межаў краіны. У законе прапісана паняцце эксплуатацыі. Яна разумее пад сабой незаконнае прымушэнне чалавека да працы або аказання паслуг, у тым ліку сексуальнага характару, сурагатнага мацярынства, забору ў чалавека органаў або тканак у выпадку, калі ён па прычынах што не залежаць ад яго, не можа адмовіцца ад выканання гэтых работ або аказання паслуг.
— Але калі чалавек па нейкіх прычынах не можа адмовіцца ад аказання такіх паслуг, верагодна, што па гэтых жа прычынах ён не можа звярнуцца ў адпаведныя службы. Ці распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне такіх выпадкаў?
— У нас усё пастаўлена на прафесійную аснову. Няма праблемы — куды і да каго звярнуцца. Нават калі чалавек не можа прыйсці, патэлефанаваць самастойна, ён можа зрабіць гэта праз каго-небудзь. Таксама ў нас ёсць грамадскія арганізацыі, якія аказваюць кансультацыйную дапамогу, ананімныя «гарачыя лініі», куды можна паведаміць пра акт эксплуатацыі, гандлю людзьмі.
— Здараецца, беларусы з невялікіх гарадскіх цэнтраў або з вёсак едуць на заробкі ў Расію ці іншыя краіны. Вельмі часта яны працуюць там нелегальна і здараюцца сітуацыі, калі за работу ім не заплацілі. Бывае так, што няма нават грошай, каб вярнуцца дадому. Закон прадугледжвае дапамогу такім людзям?
— Натуральна, такім людзям з боку дзяржавы аказваецца дапамога, калі гэтая інфармацыя становіцца вядома адпаведным службам, пасольству Беларусі ў той краіне, дзе чалавек пацярпеў. Па лініі дыпламатыі прымаюцца ўсе меры, каб чалавек мог вярнуцца на радзіму: дапамагаюць з дакументамі і грашыма, могуць нават і да граніцы падвезці і дапамагчы перайсці яе.
— У мінулым месяцы была на слыху гісторыя беларускі, якая ў двухгадовым узросце трапіла да цыган. А якія нормы ў законапраекце ахоўваюць дзяцей ад пагрозы стаць ахвярай гандлю людзьмі?
— Вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальніцтва непаўналетніх з мэтай эксплуатацыі лічыцца гандлем людзьмі. Калі дарослы на працягу 30 дзён яшчэ можа сказаць, што ён не з’яўляецца ахвярай гандлю людзьмі, то дзіця будзе лічыцца ахвярай у любым выпадку.
(фото - «Звязда»)