Чым адметны новы Закон «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці»
У студзені 2016 года ўступіць у сілу новы Закон «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці». Чым ён адрозніваецца ад Закона 1999 года і якія новаўвядзенні замацоўвае, мы даведаліся ў першага намесніка начальніка Акадэміі МУС палкоўніка міліцыі Аляксея Башана, які прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы дакумента.
Заканадаўчыя адзрозненні
Новы закон з’явіўся не раптам, распавёў Аляксей Башан. Неабходнасць больш дэтальна выкласці некаторыя з палажэнняў дзеючага заканадаўства, суаднесці іх з практыкай аператыўна-вышуковай дзйнасці існавала даўно – першы варыянт законапраэкта быў падрыхтаваны ў 2011 годзе, на дапрацоўку і ўзгадненне спатрэбілася амаль чатыры гады.
Закон вызначае новую канцэпцыю, накіраваную на забеспячэнне абароны правоў і свабод удзельнікаў аператыўна-вышуковай дзейнасці, а таксама пазбаўляецца супярэчнасцяў паміж старымі і новымі нормамі, якія кіруюць аператыўна-вышуковай дзейнасцю.
Так, з мэтай аднастайнага выкарыстання паняццяў была ўведзена спецыяльная тэрміналогія, напрыклад: «грамадзянін, які аказвае або які аказваў садзейнічанне на канфідэнцыяльнай аснове органу, які ажыццяўляе аператыўна-вышуковую дзейнасць», «аператыўна-вышуковае мерапрыемства», «штатны негалосны супрацоўнік» ды іншыя. Раней гэтыя тэрміны адрозніваліся ў нарматыўных прававых актах органаў, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю. Напрыклад, тэрмін «матэрыялы аператыўна-вышуковай дзейнасці» выкарыстаны таксама ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе (КПК), але раней нідзе не было яго расшыфроўкі, патлумачыў Аляксей Башан.
Ці вось яшчэ прыклад: паняцце «прадметы і дакументы» шырока выкарыстоўваецца на практыцы, але раней існавалі некаторыя супярэчнасці ў яго тлумачэнні. Калі раней КПК разумеў пад гэтым паняццем дакумент ці прадмет, то зараз поле значэнняў пашырана да рэчываў, рэчаў, іншых аб'ектаў, маёмасных правоў, праграмных прадуктаў, у тым ліку забраных з абароту і абмежавана абаротаздольных, атрыманых або выкарыстаных пры ажыцяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці.
У Законе таксама прапісаны новыя правілы вядзення спраў аператыўнага ўліку, па-новаму прадстаўлены агульныя ўмовы ажыццяўлення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Удакладнена, калі патрабуецца санкцыя пракурора (напрыклад, пры навядзенні даведак аб звестках, якія састаўляюць банкаўскую, медыцынскую, камерцыйную і іншую тайну, якая ахоўваецца законам; для назірання з выкарыстаннем сродкаў негалоснага атрымання (фіксацыі) інфармацыі і іншых сродкаў, устаноўленых у жыллі і іншым законным валоданні грамадзяніна, правядзення аператыўнага эксперыменту і інш.), якія аператыўна-вышуковыя мерапрымствы ажыццяўляюцца абавязкова ў рамках адпаведных спраў аператыўнага ўліку (напрыклад, збор узораў, даследаванне прадметаў і дакументаў, кантроль у сетках электрасувязі, кантроль паштовых адпраўленняў, аператыўнае ўкараненне, аператыўны эксперымент і г.д).
Новае для грамадзян
Аляксей Башан засяродзіў увагу і на тых баках новага Закону, якія тычацца гарантый захавання правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян падчас ажыццяўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці. Дарэчы, акрэслены межы дапушчальнасці ўмяшання ў асабістае жыццё грамадзян з боку органаў, якія ажыцяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць. У Законе сказана, што «абмежаванне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці дапускаецца ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод другіх грамадзян».
Пры гэтым дакладна акрэслена, калі такое ўмяшанне патрабуе санкцыі пракурора. Можна параўнаць з дзеючым заканадаўствам, дзе любыя мерапрымствы, якія абмяжоўваюць правы грамадзян, патрабуюць пракурорскай санкцыі. На практыцы ўзнікалі складанасці з тым, каб вызначыць, што дакладна абмяжоўвае правы канкрэтнага чалавека. З уступленнем Закона ў сілу заканадаўства пазбавіцца розначытанняў, бо будзе канкрэтна вызначана, якія дзеянні патрабуюць санкцыянавання.
Важна, што ў Законе ўпершыню прапісаны нормы, прысвечаныя правам і абавязкам грамадзян у сувязі з ажыцяўленнем аператыўна-вышуковай дзейнасці. «Гэта сур’езны прарыў, тым больш, што прапісаны правы і абавязкі не только грамадзян, але і арганізацый», – зазначыў Аляксей Башан. У параўнанні з Законам 1999 года таксама ўдакладнены і падрабязней вызначаны абавязкі і правы органаў, якія ажыцяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць. Новым з’яўляецца абавязак кампенсаваць выдаткі грамадзянам, што бяруць удзел у аператыўна-вышуковай дзейнасці (не толькі грашовыя, але і іншыя негатыўныя наступствы).
Адно з рэзанансных новаўвядзенняў Закона – вылучэнне правоў і абавязкаў асоб, якія садзейнічаюць аператыўна-вышуковай дзейнасці. Упершыню заканадаўства прадугледжвае абарону такіх грамадзян. Мерам бяспекі прысвечана асобная глава. Грамадзянам, якія аказваюць або аказвалі садзейнічанне на канфідэнцыяльнай аснове органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, гарантуюцца прававая і сацыяльная абарона, забеспячэнне бяспекі. Так, напрыклад, да ліку мер бяспекі аднесены: забеспячэнне канфідэнцыяльнасці звестак; асабістая ахова, ахова жылля і маёмасці; выдача спецыяльных сродкаў індывідуальнай абароны і абвяшчэння аб небяспецы; часовае змяшчэнне ў бяспечнае месца; перавод на іншую працу (службу), змена месца працы (службы) або навучання; перасяленне на іншае месца жыхарства; змена дадзеных пасведчання асобы, замена дакументаў; перавод з аднаго месца змяшчэння пад вартай або адбывання пакарання ў іншае. Што да сацыяльных гарантый, то, напрыклад, перыяд, у які грамадзянін супрацоўнічаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, па кантракце ў якасці асноўнага занятка, уключаецца ў працоўны стаж, а таксама дае права на пенсійнае забеспячэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Дарэчы, таксама ўпершыню Закон вызначае, якія дзеянні службовых асоб належыць разглядаць як правакацыйныя. Закон прама забараняе органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, ствараць абстаноўку (сітуацыю), якая выключае магчымасць свабоднага выбару грамадзянамі, у дачыненні да якіх праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, характару сваіх дзеянняў, у тым ліку рэалізацыі права на добраахвотную адмову ад злачынства (правакаваць грамадзян на здзяйсненне злачынства).
Дзякуючы новаму Закону пашыраны і спіс мерапрыемстваў, якія праводзяцца па запыце грамадзяніна, калі ён мяркуе, што знаходзіцца ў небяспецы. Зараз дазваляецца выкарыстоўваць сродкі аўдыя і відэакантролю, напрыклад, у хаце грамадзяніна. Дзеючае заканадаўства дазваляе толькі праслухоўваць тэлефон.
Узгаданыя навэлы не вычэрпваюць спіс таго прынцыпова новага і абноўленага старога, што чакае нас з уступленнем Закона ў сілу. Так, важным падаецца тое, што абноўленае заканадаўства прадстаўляе новыя падставы для міжнароднага ўзаемадзеяння ў галіне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. «Аб’ектыўную адзнаку новаму закону вызначыць час і практыка выкарыстання, але відавочна, што ён стане падмуркам новай канцэпцыі заканадаўчага рэгулявання аператыўна-вышуковай дзейнасці», – лічыць Аляксей Башан.
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!
Перайсці да абмеркавання артыкула на Прававым форуме Беларусі

