ІХ Міжнародная юрыдычная алімпіяда «Моладзь за мір» адбываецца гэтымі днямі ў Мінску
Інтэлектуальнае спаборніцтва паміж студэнтамі-юрыстамі вядучых ВНУ свету адбываецца з 30 верасня па 4 кастрычніка.
Міжнародная юрыдычная алімпіяда адносіцца да ліку найбольш значных конкурсаў па міжнародным праве ў Еўропе. Арганізатар мерапрыемства – Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО».
Мэта юрыдычнай алімпіяды – далучыць моладзь да палітычнага і культурнага жыцця грамадства, распаўсюдзіць веды пра міжнароднае гуманітарнае права.
У юрыдычнай алімпіядзе ўдзельнічаюць 17 каманд, сярод якіх прадстаўнікі ўніверсітэтаў Велікабрытаніі, Швецыі, Нідэрландаў, Бразіліі, Кубы, Кітая, Інданэзіі, Румыніі, Польшчы, Расіі, Малдовы, Арменіі, Сербіі, Украіны.
Судзі конкурса – прафесары, кандыдаты юрыдычных навук, магістры права з Беларусі, Аргенціны, Нарвегіі, Італіі, Бразіліі, Расіі, Арменіі і Германіі.
«Колькасць удзельнікаў алімпіяды павялічваецца з кожным годам, і гэта паказчык сапраўднай папулярнасці і прэстыжу, якія яна набыла», – адзначыў у сваёй прамове падчас урачыстага адкрыцця Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі.
У мерапрыемстве, якое адбылося 1 кастрычніка, таксама ўзялі ўдзел намеснік кіраўніка Рэгіянальнай дэлегацыі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў Расійскай Федэрацыі, Беларусі і Малдове Бруна Ускіне, пасол Кубы ў Беларусі Херарда Суарэс Альварэс і іншыя.
«Пытанні, якія ўдзельнікі алімпіяды абмяркуюць падчас тэарэтычных раўндаў, надзвычай актуальныя і важныя, бо менавіта яны могуць у значнай ступені паўплываць не толькі на сучаснасць, але і на будучыню чалавецтва», – падкрэсліў пасол Кубы. Дарэчы, менавіта кубінская каманда перамагла на мінулагодняй алімпіядзе.
Міжнародная юрыдычная алімпіяда «Моладзь за мір» праводзіцца пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Рэгіянальнай дэлегацыі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.



Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!
(фота - Валерый Картуль)