/ / Новости PRAVO.BY
02.07.2014

1 ліпеня 2014 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь»

Праект Закона распрацаваны ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2013 год, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2013 г. № 1. Падрыхтоўка дадзенага нарматыўнага прававога акта абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення нарматыўных палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 1995 года «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» з улікам практыкі яго прымянення.

Папраўкі ў Закон [ZIP] накіраваны на ўдасканаленне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, забеспячэнне каардынацыі ўзаемадзеяння бібліятэк і ўзаемавыкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, а таксама дзяржаўнага рэгулявання бібліятэчнай справы.

Новаўвядзенні ў Закон маюць змястоўны характар. Сярод іх – увядзенне тэрміну «кніжныя помнікі» і рэгуляванне звязаных з гэтым пытанняў, у тым ліку стварэнне дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў краіны як сукупнасці звестак аб каштоўных кнігах.

Змяненні і дапаўненні закранулі вызначэнне абавязковых умоў для стварэння бібліятэкі, а таксама пытанні супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі. Цяпер яны будуць каардынаваць і кааперыраваць сваю дзейнасць па набыцці, стварэнні і выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг.

На ўзровень Закона вынесена пытанне дзейнасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскага бібліятэчнага савета як спецыяльнага органа на грамадскіх пачатках, прызначанага садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці дзейнасці бібліятэк. Асноўнай функцыяй гэтага савета з’яўляецца выпрацоўка рэкамендацый па пытаннях бібліятэчнай справы.

Нормамі Закона закладзена аснова для пашырэння міжнародных кантактаў дзяржаўных бібліятэк, якія атрымалі магчымасць праводзіць міжнародныя выставы дакументаў з фондаў замежных бібліятэк і музеяў.

Актуальным для грамадства стала новаўвядзенне ў Закон, накіраванае на павышэнне прававой культуры грамадзян. Так, у якасці аднаго з асноўных прынцыпаў дзейнасці бібліятэк замацавана распаўсюджанне прававых ведаў. Для бібліятэк устаноўлены абавязак пры прадастаўленні карыстальнікам актуальнай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь забяспечваць магчымасць доступу да эталоннай прававой інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсах і афіцыйных выданнях Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, пашыраны ўмовы для забеспячэння права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне шляхам стварэння і функцыянавання на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі (ПЦПІ) як пунктаў свабоднага доступу грамадзян да поўнай, дакладнай і актуальнай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень у краіне створана больш за 560 ПЦПІ, якія даюць кожнаму магчымасць азнаёміцца з тэкстамі прававых актаў, раздрукаваць іх ці запісаць патрэбнае на электронны носьбіт.

Гэтыя дапаўненні накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін, звязаных з забеспячэннем права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і актуальнай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Яны таксама будуць садзейнічаць павелічэнню колькасці дзяржаўных бібліятэк, якiя забяспечваюць доступ грамадзянам да гэтай інфармацыі, павышэнню прававой інфармаванасці насельніцтва.

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!