/ / Аналитика
19.06.2025

Мінадукацыі пра змяненні ў Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі

Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2025 г. № 72 «Аб змяненні пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2022 г. № 322» (далей – Пастанова) падрыхтавана з мэтай прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2024 г. № 46-3 «Аб змене кодэксаў па пытаннях адукацыі» (далей – Закон) і з улікам практыкі яго прымянення.

Пастановай унесены змяненні ў Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі (далей – Палажэнне).

З мэтай выканання Пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р., якія дадзены 24 жніўня 2021 г. на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе, Міністэрствам адукацыі быў падрыхтаваны школьны стандарт, адобраны рашэннем калегіі Міністэрства адукацыі ад 10.05.2022 № 4.11. Для надання школьнаму стандарту статусу нарматыўнага прававога акта распрацавана яго форма, якая з’яўляецца дадаткам да Палажэння. У мэтах недапушчэння дубліравання асобных норм, якія вызначаны Палажэннем і школьным стандартам, з Палажэння выключаецца пункт 3, главы 3, 4 выкладаюцца ў новай рэдакцыі.

У адпаведнасці з артыкуламі 19, 30, 31, 33, 34, 52, 53 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі іншыя правы і абавязкі ўстаноў адукацыі, навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў, педагагічных работнікаў уключаны ў форму школьнага стандарту.

Законам прадугледжана, што агульныя патрабаванні да дзелавога стылю ў адзенні навучэнцаў устанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі. У Главе 3 Палажэння канкрэтызавана паняцце «дзелавы стыль адзення» для навучэнцаў і вызначаны патрабаванні да камплекта адзення для юнакоў і дзяўчынак.

Пункт 51 Палажэння дапоўнены нормай, якая ўстаноўлена пунктам 62 Закона. Пры гэтым напаўняльнасць падтрымліваючых і стымулючых заняткаў, устаноўленая Палажэннем, распаўсюджваецца толькі на заняткі, якія праводзяцца ў рамках вучэбных гадзін, што прадугледжаны вучэбным планам установы адукацыі.

У адпаведнасці з часткай другой пункта 5 артыкула 150 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі парадак падзелу класаў на групы вызначаецца Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі або яго відзе. Прапануецца пры правядзенні вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Замежная мова» падзяляць клас на дзве групы пры яго напаўняльнасці не менш за 20 вучняў (змены ўнесены ў абзац чацверты пункта 41 Палажэння). Дадзеная мера выключае магчымасць падзелу класа на тры групы.

З мэтай удасканалення прадметных кампетэнцый вучняў X класаў па вучэбным прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», адпрацоўкі практычных навыкаў, атрыманых у працэсе навучання, удасканалення ваенна-патрыятычнага выхавання вучняў ажыццяўляецца паэтапнае павелічэнне працягласці вучэбна-палявога збору і медыцынскай практыкі. Адпаведныя змены ўнесены ў Палажэнне ў 2024 годзе ў частцы працягласці вучэбна-палявога збору для вучняў Х класаў кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў. У 2026 годзе (2025/2026 навучальны год) плануецца павелічэнне працягласці да 10 дзён вучэбна-палявога збору і медыцынскай практыкі ў X класах іншых відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З мэтай забеспячэння аператыўнай карэкціроўкі працягласці гэтых заняткаў з улікам патрабаванняў да патрыятычнага выхавання вучняў, з Палажэння выключана нарміраванне па колькасці дзён і гадзін на іх правядзенне, захаваўшы гэтыя нормы ў тыпавым вучэбным плане агульнай сярэдняй адукацыі (змены ўнесены ў абзац трэцці пункта 64 Палажэння).

Улічваючы, што Законам прадугледжана магчымасць рэалізоўваць установамі агульнай сярэдняй адукацыі адукацыйную праграму падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын, адпаведныя змены ўнесены ў абзац чатырнаццаты пункта 65 Палажэння.

Акрамя таго, прадугледжваецца:

  • правядзенне вучэбна-палявога збору і медыцынскай практыкі ў X класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што размешчаны на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання. Адпаведныя запыты паступалі ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад законных прадстаўнікоў вучняў, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях;
  • правядзенне з вучнямі V–VIII класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія не маюць вучэбна-вопытныя гаспадаркі, пасля завяршэння вучэбных заняткаў, грамадска-карыснай працы, што накіравана на працоўнае выхаванне вучняў;
  • пералік вучэбных прадметаў у Асабовай картцы вучня дапоўнены вучэбным прадметам «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».

Інфармацыя прадастаўлена Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для Нацыянальнага прававога Iнтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на крыніцу абавязковая!