Каментарыі Т.І. Доўнар да статута

Статут 1566

Раздзел 1

Арт. 25. Закон забараняе ўстанаўліваць у Вялікім княстве Літоўскім новыя мытні. Дазвалялася дзейнічаць толькі тым мытням, якія існавалі са старажытных часоў і на якія існавалі спецыяльныя граматы, выдадзеныя папярэднімі вялікімі князямі. За парадкам збору мытных падаткаў павінна была наглядаць мясцовая адміністрацыя. Яна таксама наглядала і за парадкам на судаходных рэках.

Арт. 26. Упершыню у статутавым заканадаўстве артыкул дазваляе шляхце свабодна перамяшчацца па тэрыторыі дзяржавы, як па сушы, так і па вадзе, з мэтай продажу ўласнага збожжа (не купленага). Шляхта пры гэтым вызвалялася ад мытнага і маставога збору.

Раздзел 2

Арт. 1. Рэгламентуецца воінскі абавязак з пералічэннем кола асоб, якія пры дасягненні паўналецця паводле пастановы сойма павінны несці воінскую службу.

Арт. 2. Замацоўваецца кампетэнцыя сойма адносна падаткаў і збораў на ваенныя патрэбы, а таксама абавязак усіх падданых дзяржавы без пастановы сойма, а ў адпаведнасці з вялікакняжацкім лістом ехаць на вайну ў выпадку раптоўнага нападу непрыяцеля.

Арт. 3. Вялікі князь абавязваецца нікога не вызваляць (вусным распараджэннем ці спецыяльным лістом) ад воінскай службы.

Арт. 9. Устанаўліваецца, што духоўныя асобы таксама нясуць воінскую службу па пастанове сойма дзяржавы.

Раздзел 3

Арт. 1. Дапаўняюцца і развіваюцца палажэнні арт. 1 трэцяга раздзела Статута 1529 года. Вялікі князь абяцае пад прысягай, якую даў усім жыхарам дзяржавы, клапаціцца аб захаванні іх правоў, імкнуцца к павелічэнню правоў усіх станаў, а таксама ахоўваць суверэнітэт дзяржавы і клапаціцца аб яе узвышэнні.

Арт. 2. Гаспадар абяцае ад свайго імя і ад імя папярэдніх вялікіх князёў усіх феадалаў (духоўных і свецкіх), усіх службоўцаў, шляхту, гараджан і усіх людзей паспалітых захоўваць пры свабодах і вольнасцях хрысціянскіх.

Арт. 3. Развіваюцца і дапаўняюцца палажэнні арт. 2 трэцяга раздзела Статута 1529 года. Гаспадар абяцае не толькі захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, але і удакладняе, з якіх дзяржаў (з Польшчы, Мазовіі, Прусіі, Інфляндыі) неабходна вярнуць "упрошаныя" раней землі Вялікага княства Літоўскага.

Арт. 4. Вялікі князь абяцае ўсім жыхарам дзяржавы па прыкладу іншых хрысціянскіх дзяржаў захоўваць іх пры свабодах і вольнасцях, не адымаць у іх зямель, пасад, правоў, дарчых грамат і інш.

Арт. 5. Упершыню у статутавым заканадаўстве гаворыцца аб дзейнасці павятовых соймікаў - агульных сходаў павятовай шляхты, якія склікаліся за чатыры тыдні перед пачаткам працы вальнага сойма. Соймікі сведчылі аб новых дэмакратычных тэндэнцыях у дзяржаве. На іх павятовая шляхта выбірала са свайго асяроддзя па два дэпутаты на сойм, абмяркоўвала розныя мясцовыя пытанні, а таксама тыя пытанні, якія павінны былі разглядацца на сойме, давала наказы дэпутатам і інш.

Арт. 6. Упершыню статутавай нормай рэгламентуецца дзейнасць сойма, які склікаецца па меры патрэбы па ініцыятыве паноў радных і шляхты.

Арт. 7. У кантэксце павелічэння правоў шляхты забараняецца турэмнае зняволенне прызванага да суда шляхціца да таго часу, пакуль ён не будзе прызнаны вінаватым у судовым парадку.

Арт. 8. Рэгламентуецца падсуднасць вялікакняжацкаму (гаспадарскаму) суду спраў, якія тычыліся шляхецкага гонару, за выключэннем некаторых спраў (крадзеж і і нш.). Арт. 9. Чужаземцам забаранялася (як і ў папярэдніх заканадаўчых актах) даваць землі і пасады ў Вялікім княстве Літоўскім.

Арт. 10. Князь абяцае захоўваць вышэйшых службовых асоб дзяржавы пры іх пасадах і ў павазе. Удакладняецца, што іх дзейнасць павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці са статутавымі нормамі.

Арт. 11. Паўтараюцца палажэнні папярэдніх заканадаўчых актаў адносна таго, што вялікі князь па завочному абвінавачванню не будзе нікога судзіць і пазбаўляць пасад.

Арт. 12. Удакладняюцца палажэнні арт. 6 гэтага раздзела. Упершыню статутавая норма прама замацоўвае заканадаўчую функцыю сойма і гаворыць, што новыя законы прымаюцца толькі на вальным сойме.

Арт. 13. Паўтараючы і развіваючы палажэнні папярэдніх заканадаўчых актаў (граматы Казіміра 1447 года, Полацкай граматы 1511 года і інш., а таксама Статута 1529 года), дазваляецца ўсім жыхарам Вялікага княства Літоўскага свабодна выязджаць за межы дзяржавы, акарамя непрыяцельскіх зямель, з якімі Княства знаходзілася у стане вайны.

Арт. 20. Шляхціцы, якія займаліся рамяством і гандлем, пазбаўляліся шляхецкага стану. Сыны ж іх, калі не займаліся рамяством і гандлем, павінны былі прызнавацца сапраўднымі шляхціцамі.

Арт. 21. Удакладняючы палажэнні арт. 15 дадзенага раздзела, дзе гаварылася, што простых людзей нельга павышать над шляхтай, гаворыцца, што ніхто самавольна не можа прысвоіць сабе шляхецкае званне.

Арт. 31. У больш дакладнай юрыдычнай форме паўтараюцца палажэнні папярэдніх заканадаўчых актаў. Гаворыцца, што жанчыны ў Вялікім княстве Літоўскім (у параўнанні з папяпярэднімі законамі дадаецца: «усякага стану») захоўваюцца пры іх вольнасцях і маюць права свабодна, па свайму жаданню выходзіць замуж.

Арт. 33. Палажэнні артыкула сведчаць аб зараджэнні буржуазных праваадносін у дзяржаве. Упершыню закон рэгламентуе права ўсіх людзей, належачых да сасло'ўя шляхты, свабодна распараджацца зямлей (па Статуту 1529 года дазвалялася упершыню распараджацца 1/3 часткай нерухомасці).

Арт. 39. Удакладняюцца папярэднія палажэнні Статута, абвяшчаюцца прынцыпы справядлівасці і неадкладнасці разгляду судовых спраў адносна ўсіх падданых дзяржавы.
Арт. 41. Забараняецца вывозіць зброю з тэрыторыі дзяржавы.

Раздзел 4

Арт. 1. Упершыню статутавымі нормамі рэгламентуюцца прынцыпы выбарнасці суддзяў і аддзялення судовай улады ад выканаўчай (упершыню гэта было замацавана на Бельскім сойме прывілеям 1564 года). Вызначаецца парадак прыняцця судовай пасады. Прыводзіцца тэкст прысягі суддзяў, якую яны прыносілі на першай судовай сесіі пры ўступленні на пасаду і ў якой гаварылася, што суддзі павінны дзейнічаць у межах закона, судзіць сумленна і справядліва, нікога не баючыся і не звяртаючы ўвагі на тытулы, пасады, багацце тых ці іншых асоб і інш.

Арт. 8. Забараняецца выбіраць суддзямі ў земскія суды прадстаўнікоў духавенства і службовых асоб мясцовай адміністрацыі.

Арт. 33. Замацоўваецца права чалавека на абарону сваіх правоў у судовым парадку з дапамогай адваката. Закон удакладняе, што кожная асоба можа патрабаваць ад суда прызначыць адваката, а бедным людзям, сіратам і ўдовам адвакаты павінны прызначацца бясплатна.

Арт. 38. Закон клапаціўся аб ахове судовай улады і патрабаваў яе паважаць. Усялякімі сродкамі стрымліваліся намеры на замах на яе. Так, забаранялася ўваходзіць узброеным у судовую залу (за выключэннем халоднай зброі, якую меў кожны шляхціц). Аб абароне судовай улады, ахове суддзяў сведчаць шматлікія артыкулы гэтага раздзела (39-43 і інш.).

Раздзел 5

Арт. 1. Закон клапаціўся аб абароне правоў жанчын. Артыкул сведчыць аб матэрыяльным забеспячэнні жанчыны. Перш чым аддаць дачку замуж бацька павінен быў патрабаваць ад зяця аформіць спецыяльным лістом на карысць сваёй дачкі пэўную частку нерухомай маёмасці (т.зв. вена, як правіла афармлялася на 1/3 частку маёмасці). Гэта маёмасць заставалася жанчыне і ў выпадку смерці мужа.

Арт. 18. Гаворыцца аб разводах, якія здзяйсняліся духоўным судом, а матэрыяльныя наступствы якіх залежалі не толькі ад віны жонкі, але і ад віны мужа.

Раздзел 7

Арт. 1. Дапаўняюцца палажэнні арт. 33 трэцяга раздзела адносна права свабоднага распараджэння маёмасцю. Рэгламентуецца парадак рэалізацыі гэтага права.

Раздзел 8

Арт. 1. Замацоўваецца права кожнага чалавека свабодна завяшчаць маёмасць. Выключэнне складалі непаўналетнія асобы, псіхічна хворыя і некаторыя іншыя.

Арт. 4. Заканадаўца адмоўна ставіцца да самога паняцця «няволя». Законам дазваляецца нават завяшчаць нявольнікам маёмасць, аднак папярэдне патрэбна было аформіць вольную.

Раздзел 9

Арт. 8. Гэты артыкул, як і іншыя артыкулы дадзенага раздзела, сведчыць аб імкненні заканадаўцы ахоўваць прыроду і яе багацці.

Раздзел 12

Арт. 5. Забаранялася трымаць у няволі хрысціян асобам нехрысціянскага веравызнання.

Арт. 7. Свабоднага чалавека ні за якае злачынства нельга было аддаваць у вечную няволю. Рэгламентавалася такса адпрацоўкі крымінальнага штрафа, асобна для мужчын і жанчын.

Арт. 11. Афармленне запісам у галодны год вольнага чалавека ў няволю лічылася несапраўдным.

Раздзел 14

Арт. 8. Упершыню закон рэгламентуе ўзрост крымінальнай адказнасці асобы - з 14 гадоў. Непаўналетнія асобы, як правіла, не належалі крымінальнаму пакаранню.

Каментарыі Т.І. Доўнар