Каментарыі Т.І. Доўнар да статута

Статут 1529

У прэамбуле да Статута вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт аб'яўляе аб тым, што жадае даць правы ўсім жыхарам дзяржавы - «подданым а тубылцом», свецкім і духоўным, праваслаўным і католікам, усім тым, хто меў гэтыя правы ад папярэдніх князёў (Казіміра, Аляксандра і інш.). Гэта тычыцца маёмасных правоў і шляхецкіх вольнасцей, калі адносна іх былі выдадзены адпаведныя граматы на лацінскай ці рускай (у сэнсе тагачаснай беларускай) мовах. Князь адзначае, што правы гэтыя Статутам пацвярджаюцца і павялічваюцца на вечныя часы.

Раздзел 1

У першым раздзеле Статута паўтараюцца, удакладняюцца і дапаўняюцца палажэнні агульназемскіх грамат аб адказнасці кожнага чалавека індывідуальна за ўласныя правапарушэнні (арт. 1), аб падпадрадкаванасці ўсіх людзей, як багатых так і бедных, аднолькавым пісаным законам дзяржавы (арт. 2), аб абавязковым і неадкладным разглядзе, з удзелам паноў радных, тых судовых спраў, якія былі ўзбуджаны пры папярэдніх князях (арт. 14) і інш.

Арт. 19. Пацвярджаюцца вялікім князем падараванні (пажалаванні) феадалам зямель, здзейсненыя папярэднімі князямі.

Арт. 20. Князь абяцае ў заканадаўча рэгламентаваны тэрмін разглядаць судовыя справы, якія тычацца гонару і годнасці асобы. У тым выпадку, калі б хто не дачакаўся разгляду сваёй справы і памёр, гэта не павінна было шкодзіць яго нашчадкам.

Арт. 22. Гаворыцца аб вызваленні жыхароў дзяржавы ад шэрагу павіннасцей і аб захаванні некаторых іх абавязкаў адпаведна звычаёваму праву.

Арт. 23. Пад пагрозай крымінальнага пакарання павінны выконвацца пастановы вялікага князя, якія ён прымае сумесна з радай.

Арт. 24. У тым выпадку, калі князем быў выдадзены пісьмовы дакумент (грамата) адносна маёмасных правоў адной асобе, а потым на гэту ж маёмасць ён выдаў іншай асобе грамату, то лічыцца законным першы дакумент, акрамя выпадкаў неўступлення ў валоданне маёмасцю на працягу дзесяці гадоў. 

Арт. 25 мае вельмі важны характар у сувязі з тым, што Вялікае княства Літоўскае знаходзілася ў стане уніі з Польшчай. Закон забараняе вялікаму князю, які адначасова з'яўляўся і каралём Польшчы, нікому нічога на тэрыторыі Княства не дараваць у той час, калі ён знаходзіўся ў Польшчы. Удакладняецца, што граматы на валоданне нерухомасцю ў дзяржаве павінны прымацца толькі разам з панамі раднымі (рада Вялікага княства Літоўскага) на вальным сойме.

Арт. 26. Забараняецца падданым Вялікага княства станавіцца на пастой і браць з княжацкіх двароў пракорм для сябе і коней, акрамя двароў, якія былі размешчаны ў пушчах.

Раздзел 2

У другім раздзеле, які прысвечаны воінскаму абавязку жыхароў Вялікага княства Літоўскага, важнымі з'яўляюцца палажэнні, якія рэгламентуюць абавязак усіх ваеннаабавязаных людзей пад час вайны выконваць воінскую службу паводле спецыяльнай пастановы, а таксама парадак з'яўлення ў дзеючую армію (арт. 1).

Арт. 2. Вялікі князь грозна прыказвае збірацца ўсім ваеннаабавязаным асобам пад павятовымі харугвамі (сцягамі), акрамя асаблівых гетманскіх прадпісанняў і інш.

Арт. 15. Забараняецца на вайне рабіць шкоду мясцоваму насельніцтву, браць у яго розныя рэчы і харч. Пры неадкладнай жа патрэбе - закон абавязвае кампенсаваць узятае ў насельніцтва адпаведна са спецыяльным статутам і інш.

Раздзел 3

Раздзел прысвечаны правам і вольнасцям шляхты. Перш за ўсе вялікі князь абавязваецца ў выпадку набыцця права кіравання яшчэ якой-небудзь дзяржавай не прыносіць шкоды Вялікаму княству Літоўскаму і панам радным (арт. 1), не памяншаць тэрыторыю дзяржавы (арт. 2), не даваць чужаземцам пасад і земляў у дзяржаве (арт. 3), захоўваць папярэдне вызначаныя і дадзеныя пасады ў Княстве і дазваляць службовым асобам дзейнічаць адпаведна старым звычаям, аднак выкарыстоўваць пры гэтым Статут (арт. 4).

Арт. 5. Закон забараняе па завочнаму абвінавачванню адбіраць пасады і землі, а караць абвінавачаных патрабуе толькі за віну і ў судовым парадку.

Арт. 6-7. Вялікі князь пацвярджае папярэднія заканадаўчыя акты, а новыя абяцае прымаць з мэтай карысці для дзяржавы і толькі з дазволу паноў рады, абяцае ўсіх феадалаў, мяшчан і іх людзей захоўваць пры свабодах і вольнасцях, дадзеных ім (гаспадаром) і яго папярэднікамі.

Арт. 8. Замацоўвае права ўсіх феадалаў свабодна выязджаць за межы дзяржавы для пошуку лепшай долі або навучання рыцарскай справе, выключаючы землі непрыяцельскія.

У арт. 9 гаворыцца аб праве феадалаў і мяшчан свабодна наследаваць маёмасць уласных бацькоў.

Арт. 10. Забараняецца ўзвышать простых людзей над шляхтай. Шляхту ж закон патрабуе заўсёды захоўваць пры свабодах і вольнасцях.

Арт. 16. Пад пагрозай крымінальнага пакарання ўсе падданыя дзяржавы абавязваюцца выконваць пастановы мясцовай адміністрацыі.

Раздзел 6

Арт. 1. Замацоўваецца прынцып усеагульнасці права. Службовыя асобы дзяржавы і суддзі абавязваюцца ў сваёй дзейнасці карыстацца толькі пісаным законам. У выпадку неўрэгуляванасці нормамі Статута тых ці іншых грамадскіх адносін, дазваляецца дзейнічаць у адпаведнасці са звычаямі, аднак з умовай, што пазней на сойме новая норма павінна быць прынята.

Арт. 2. Удакладняе папярэдні артыкул і патрабуе завяршэння разгляду справы ў судах нават у тым выпадку, калі б суддзі судзілі не ў адпаведнасці з пісаным законам. Аднак пасля разгляду справы пакрыўджаны разам з суддзямі павінен будзе з'явіцца на вялікакняжацкі або соймавы суд.

Арт. 10. Заканадаўча замацоўваецца правіла адносна таго, што ў Вялікім княстве Літоўскім чужаземцы не маюць права быць адвакатамі («пракуратарамі»).

Раздзел 9

Упершыню ў гэтым раздзеле замацоўваюцца нормы, якія накіраваны на ахову прыроды. Так, арт. 1 пад пагрозай значнага штрафу на карысць вялікага князя і выплаты ўласніку кошта жывёлы забараняе паляваць у чужых лясах. Пры гэтым Статут дакладна рэгламентуе кошт лясных звяроў, птушак і інш.

Каментарыі Т.І. Доўнар