Уводзiны

У прэамбуле дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца аб шматвяковай гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, якая ўзнікла ў далёкай старажытнасці і развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскай гісторыі.

Феадальная Беларусь - гэта велізарны гістарычны пласт, якому ўласцівыя цікавыя з'явы і працэсы. У XV-XVI стагоддзях завяршаецца працэс фарміравання беларускай народнасці, у сферы дзяржаўна-палітычнай складваецца саслоўна-прадстаўнічая манархія з яе характэрнымі рысамі і палітычнымі атрыбутамі, адбываюцца значныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, якія завяршаюцца цэлай серыяй рэформаў, у тым ліку і прававой. Вынікам адзначаных працэсаў з'явілася высокаразвітая прававая сістэма.

У гісторыі права найбольш акрэслена адлюстроўваюцца характэрныя рысы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця народа і тыя змены, якія адбываліся ў сувязі з развіццём і ўскладненнем гістарычнага працэсу. Як элемент агульнай культуры грамадства права таксама адлюстроўвае ўзровень духоўнага жыцця народа, светапогляд грамадства ў той ці іншы перыяд часу, змены ў правасвядомасці народа. Вывучэнне прававой гісторыі дае нам уяўленне не толькі аб стане і характэрных рысах развіцця дзяржавы, але і аб месцы асобы ў ёй.

У дадзеным раздзеле зроблена спроба на падставе аналізу навукова-літаратурнага і заканадаўчага матэрыялу ахарактарызаваць працэс стварэння і развіцця асноўных нормаў і інстытутаў права феадальнай Беларусі XVI стагоддзя. У гісторыка-прававой літаратуры мае месца вычляненне ў феадальным праве агульнапрынятых формаў і ўжыванне сучаснай юрыдычнай тэрміналогіі, хаця ў той час галіновая структура права толькі зараджалася, а тэрміналагічны апарат знаходзіўся на стадыі распрацоўкі. Менавіта таму ў феадальным законе мы бачым часам вельмі грувасткія канструкцыі канстытуцыйных артыкулаў, шматслоўе, паўтарэнне адных і тых жа палажэнняў і інш. У цэлым жа заканадаўца XVI стагоддзя дастаткова добра ўсведамляў асноўныя юрыдычныя паняцці і ў пэўнай ступені карыстаўся прынятым юрыдычным апаратам.

Развіццё феадальнага права Беларусі праходзіла пад уздзеяннем унутраных і знешніх сацыяльна-эканамічных і палітычных працэсаў. Звычаёвае права, якое існавала ў старажытнасці на асобных землях Беларусі, было пазбаўлена адзінства, мела асаблівасці ў рэгуляванні праваадносін. Паступова на працягу XIV-XVI стагоддзяў паралельна с працэсам кансалідацыі асобных земляў-княстваў у складзе Вялікага княства Літоўскага, праходзіў працэс уніфікацыі права з актыўнай распрацоўкай новых прававых нормаў, якія адпавядалі больш складаным умовам сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. У гэты перыяд зараджаюцца асновы беларускага канстытуцыяналізму.

Дадзены раздзел знаёміць з працэсам складвання агульназемскага канстытуцыйнага права і дае магчымасць уявіць узровень і тэндэнцыі развіцця прававой культуры беларускага народа.

Доўнар Т.І.,
прафесар юрыдычнага
факультэта Беларускага
дзяржаўнага ўніверсітэта