/ / / / / / Закон СССР аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін...

Закон СССР аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін...

ЗАКОН СССР АБ ПРАДАСТАЎЛЕННІ САЮЗНЫМ РЭСПУБЛІКАМ ПАЎНАМОЦТВАЎ У ГАЛІНЕ ЗНЕШНІХ ЗНОСІН І AБ ПЕРАЎТВАРЭННІ НАРОДНАГА КАМІСАРЫЯТА ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ З АГУЛЬНАСАЮЗНАГА Ў САЮЗНА-РЭСПУБЛІКАНСКІ

г. Масква

1 лютага 1944 г.

У мэтах расшырэння міжнародных сувязей і ўмацавання супрацоўніцтва Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з іншымі дзяржавамі і ўлічваючы ўзросшую патрэбу саюзных рэспублік ва ўстанаўленні непасрэдных зносін з замежнымі дзяржавамі, Вярхоўны Савет Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік пастанаўляе:

1. Устанавіць, што саюзныя рэспублікі могуць уступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі і заключаць з імі пагадненні.

2. Унесці ў Канстытуцыю СССР наступныя дапаўненні:

а) дапоўніць артыкул 14 пункт «а» Канстытуцыі СССР пасля слоў «прадстаўніцтва Саюза ў міжнародных зносінах, заключэнне і ратыфікацыя дагавораў» словамі – «устанаўленне агульнага парадку ва ўзаемаадносінах саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі», падаўшы гэты пункт наступным чынам:

«а) прадстаўніцтва Саюза ў міжнародных зносінах, заключэнне і ратыфікацыя дагавораў з іншымі дзяржавамі, устанаўленне агульнага парадку ва ўзаемаадносінах саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі;»

б) дапоўніць Канстытуцыю СССР артыкулам 18-а наступнага зместу:

«Артыкул 18-а. Кожная саюзная рэспубліка мае права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі;»

в) дапоўніць артыкул 60 Канстытуцыі СССР пунктам «д» наступнага зместу:

«д) устанаўляе прадстаўніцтва саюзнай рэспублікі ў міжнародных зносінах».

3. Пераўтварыць Народны Камісарыят замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі Народны Камісарыят.

***

Зборнік законаў СССР... С. 26.

Знешняя палітыка Беларусі : зборнік дакументаў і матэрыялаў : у 8 т. / Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь, Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, БДУ, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. – Мінск, 1997.
Т. 4 : (Чэрвень 1941 г. – жнівень 1945 г.) / рэдкалегія: У.Р. Латыпаў ; складальнікі: Н.М. Дзятчык, У.К. Ракашэвіч, У.М. Міхнюк. – 2001. – С. 174.