/ / Общественно-политические
08.05.2020

Члены Савета Рэспублікі абмеркавалі навацыі Закона аб абароне інтэлектуальнай уласнасці

Круглы стол на тэму «Удасканаленне палажэнняў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб інтэлектуальнай уласнасці», арганізаваны не так даўно Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, прайшоў у анлайн-рэжыме.

Да абмеркавання былі запрошаны сенатары, прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Мінэканомікі, Вярхоўнага Суда, юрыдычнай супольнасці, а таксама эксперты. Дарэчы, пытанні інтэлектуальнай уласнасці невыпадкова аказаліся ў цэнтры ўвагі – цяпер распрацоўваецца праект Закона «Аб змене кодэксаў», большая частка якога прысвечана зменам ў Грамадзянскім кодэксе (далей – ГК). Адзначым, што раздзел V гэтага дакумента, прысвечаны менавіта інтэлектуальнай уласнасці, падаецца цалкам у новай рэдакцыі. Гэта звязана з тым, што за больш чым 20 гадоў дзеяння ГК у заканадаўстве аб інтэлектуальнай уласнасці не адбылося істотных змен. У хуткім часе законапраект будзе накіраваны ў Парламент.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар Чайчыц, адкрываючы пасяджэнне круглага стала, падкрэсліў неабходнасць абмеркавання праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць пры стварэнні і выкарыстанні аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама перспектыў далейшага ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы.

У прыватнасці, удакладняецца пералік аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у які ўключаны творы, вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, сарты раслін і пароды жывёл, тапалогіі інтэгральных мікрасхем. Таксама называюца выпадкі, калі асобы не могуць разлічваць на аўтарства (суаўтарства) вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Гаворка ідзе пра асоб, якія не зрабілі асабістага творчага ўнёску, гэта значыць аказалі толькі тэхнічную, кансультацыйную, арганізацыйную або матэрыяльную дапамогу або паспрыялі афармленню правоў на такі вынік.

Таксама замацоўваецца норма аб тым, што адсутнасць забароны з боку праваўладальніка не азначае згоды на выкарыстанне. Упершыню ў айчынным заканадаўстве прапаноўваецца замацаваць прэзумпцыю творчага характару дзейнасці, якая прывяла да стварэння твора.

Акрамя таго, прадугледжваецца павелічэнне тэрміну дзеяння выключнага права на творы пасля смерці аўтара з 50 да 70 гадоў. Істотныя змены закранаюць нормы, прысвечаныя абароне фірменных найменняў. У якасці суб’екта такога наймення прапануецца вызначыць толькі юрыдычную асобу, якая з’яўляецца камерцыйнай арганізацыяй. Права выкарыстання фірменнага наймення можа перадавацца іншай асобе па дагаворы франчайзінгу.

Актыўны ўдзел у абмеркаванні палажэнняў законапраекта, якім уносяцца змены ў ГК, узяў прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Так, прадстаўнікі кафедры прававых дысцыплін Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь прапанавалі ўключыць у пералік аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці камерцыйную тайну і дапоўніць ГК нормамі аб інфармацыйным пасярэдніцтве.

З боку кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ прагучала прапанова аптымізаваць у раздзеле 5 ГК шэраг артыкулаў, а таксама ўдакладніць паняцці ліцэнзійнай дамовы і дамовы саступкі выключнага права.

Прадстаўнікі юрыдычнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта закранулі пытанні кадыфікацыі заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці, прававой аховы мультымедыйных твораў, а таксама аховы правоў на камп’ютарныя праграмы.

Прадстаўнік юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прапанаваў удакладніць нормы артыкула 982 ГК аб маёмасных і асабістых немаёмасных правах на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці.

Дыскусія разгарнулася вакол новай рэдакцыі артыкула 1018 ГК аб тэрміне дзеяння пасведчання на таварны знак. Згодна з праектам гэты тэрмін складае дзесяць гадоў і вылічваецца з даты паступлення заяўкі ў патэнтны орган. Удзельнікі круглага стала прапанавалі весці гаворку пра тэрмін дзеяння выключных правоў, а не тэрмін дзеяння пасведчання, бо выключнае права першаснае ў адносінах да дакумента, які засведчвае гэта права.

Падводзячы вынікі круглага стала, Віктар Чайчыц звярнуў увагу на шырокае кола праблем, якія на ім абмяркоўваліся, і прапанаваў усім зацікаўленым накіраваць у Пастаянную камісію прапановы па ўдасканаленні нормаў Грамадзянскага кодэкса ў сферы інтэлектуальнай уласнасці.

«Усе прапановы будуць акумуляваны намі сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў і па магчымасці ўлічаны пры рабоце над законапраектам, у тым ліку пасля паступлення яго на разгляд у Парламент», – рэзюмаваў Віктар Чайчыц.

Вольга Аляксандрава, «Звязда», 8 мая 2020 г.