/ / Общественно-политические
26.03.2020

Школьны гвалт: адзiн супраць усiх. Як дзейнiчаць у сiтуацыi цкавання i цi можна спынiць булiнг?

Фiльм Ралана Быкава «Пудзiла» пра шасцiкласнiцу Лену Бяссольцаву, якая здолела выстаяць у сутыкненнi з подласцю, здрадай i цкаваннем з боку аднакласнiкаў, пасля выхаду на экран адразу выклiкаў шырокi рэзананс у грамадстве. Некаторыя палiчылi, што ён ганьбiць савецкiх дзяцей, нават прапаноўвалi знiшчыць кiнастужку. У 80-я гады ХХ стагоддзя слова «булiнг» нiхто яшчэ не ведаў, але сама гэта сацыяльная з'ява была. Вось толькi за сцены школ праблему падлеткавага гвалту старалiся не выносiць.

Буллинг

У 2018 годзе наша краiна пры падтрымцы Сусветнага банка развiцця ўдзельнiчала ў мiжнародным параўнальным даследаваннi PISA па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў, а таксама школьнага асяроддзя. У анкеце прапаноўвалiся ў тым лiку i пытаннi пра булiнг. У вынiку 19 працэнтаў 15-гадовых падлеткаў прызналiся, што зазнавалi ганеннi некалькi разоў на працягу апошняга месяца. А па звестках прадстаўнiцтва Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi з цкаваннем з боку равеснiкаў сутыкаюцца 60 працэнтаў вучняў школ i гiмназiй.

Падчас круглага стала, арганiзаванага ўстановай падтрымкi настаўнiцкiх iнiцыятыў «ЭдКэмп», беларускiя педагогi, псiхолагi i прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый шукалi адказы на пытаннi, як дзейнiчаць у сiтуацыi цкавання i цi можна спынiць булiнг.

У сацыяльнай ізаляцыі

– Важна адрознiваць булiнг ад канфлiкту, – папярэджвае псiхолаг SOS-Дзiцячай вёскi ў Бараўлянах Марына Саснiна. – У першым выпадку iснуе дысбаланс улады: хтосьцi валодае пэўнымi якасцямi або статусам, якiя даюць яму адчуванне перавагi над iншым. У канфлiкце ж узаемадзейнiчаюць роўныя. Адбываецца сутыкненне iх iнтарэсаў, абодва адстойваюць свой пункт гледжання i даюць здачы. Булiнг – гэта наўмыснае дзеянне, у адрозненне ад канфлiкту: канфлiкт не плануюць, ён здараецца.

Пад булiнгам разумеюць сiстэматычны пераслед каго-небудзь групай або асобным чалавекам, вербальны i (цi) фiзiчны. Але булiнгам можа быць i сацыяльная iзаляцыя, якая траўмiруе не менш, чым славесная агрэсiя. З пэўным дзiцем у класе не жадаюць садзiцца побач, не клiчуць яго ў гульнi. Калi адбываецца размеркаванне па камандах, напрыклад на ўроку фiзкультуры, гэтае дзiця выбiраюць апошнiм цi ўвогуле не бяруць.

– Уявiце сабе, што вы прыйшлi на работу, а ў настаўнiцкай вас iгнаруюць усе калегi, вы звяртаецеся да iх, а яны дэманстратыўна адварочваюцца цi адыходзяць. Што вы адчуеце? – прапануе спраецыраваць сiтуацыю на сябе Марына Саснiна. – Кожнае дзiця мае права адчуваць сябе ў школе ў бяспецы, i педагогi павiнны ўзяць на сябе за гэта адказнасць. Задача дарослых – своечасова заўважыць, умяшацца i вырашыць сiтуацыю з булiнгам. Самi вучнi такога зрабiць нiколi не змогуць. Але гэта ў сiлах класнага кiраўнiка цi iншага педагога, якi карыстаецца ў школьнiкаў аўтарытэтам. Паверце, нават хатнi гвалт можа нанесцi менш шкоды, чым булiнг у школе.

У грамадстве iснуе меркаванне, што дзiцяцi «трэба праз усё прайсцi, такiя сiтуацыi загартоўваюць, вырасце – будзе мужыком». Яму кажуць: «Не данось», «Спраўляйся сам». Але булiнг не загартоўвае. Шэраг даследаванняў паказалi, што людзi, якiх у дзяцiнстве цкавалi, больш схiльныя ў маладым узросце да суiцыду, трывожных расстройстваў i дэпрэсiй. У iх занiжаная самаацэнка, а iх паспяховасць у школе можа пачаць моцна «кульгаць».

Як правiла, булiнг праяўляецца ў другiм-сёмым класах. Гэта той узроставы перыяд, калi дзецi вучацца ўзаемадзейнiчаць у калектыве, вызначаюць, дзе iх месца, якiя ролi яны могуць прымераць на сябе.

– Часта цкаванне распачынаецца менавiта ў пачатковых класах, калi яшчэ не выпрацавалiся нейкiя сацыяльныя нормы i правiлы. Дзецi, як правiла, раўняюцца на настаўнiка, ён для iх – важная асоба. Але здараецца, што самi настаўнiкi, наўмысна цi ненаўмысна, правакуюць булiнг, – папярэджвае Марына Саснiна. — Напрыклад, калi ў класе з’яўляецца нязручны цi занадта актыўны вучань, педагог можа сказаць: «Праз яго ўсе паказчыкi класа знiжаюцца, ён нас тармозiць». Што чуюць у гэты момант яго аднакласнiкi? Што Iванова, Пятрова, Сiдарава трэба з групы выгнаць. Мiж iншым, прыналежнасць да яе – адна з нашых базавых патрэб. Нам вельмi страшна апынуцца ў iзаляцыi.

Калi ў школе адбываецца цкаванне, пакутуе не толькi яго ахвяра, але i сведкi, якiя назiраюць i нiчога не робяць, каб спынiць. I вiнаватыя заўсёды таксама ўсе, i настаўнiкi ў тым лiку. А дзiцяцi важна разумець, што яно не адно, што яму ёсць да каго звярнуцца па падтрымку.

Забыцца пра ўсіх

Старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя М.Танка i навуковы супрацоўнiк РНПЦ псiхiчнага здароўя Наталля Грэбень каля пяцi гадоў вывучае сiтуацыю з булiнгам у беларускiх школах.

У сваё апошняе даследаванне яна ўключыла тры мiнскiя школы – пяць класаў, у якiх вучыцца 150 чалавек. Паводле яе звестак, псiхалагiчнае цкаванне ў навучальных установах дамiнуе над фiзiчным. I толькi 7 працэнтаў тых, хто цкуе, гатовыя прызнацца, што яны сiстэматычна праяўляюць агрэсiю або зневажаюць iншых.

Хлопцы крыху часцей церпяць ад булiнгу, чым дзяўчаты, але рознiца нязначная. «Калi мне трэба iсцi ў школу, у мяне псуецца настрой», «у класе нiкому да мяне няма справы», «у мяне няма сапраўдных сяброў», «мару хутчэй скончыць школу i забыцца пра ўсiх», «былi выпадкi, калi аднакласнiкi псавалi мае асабiстыя рэчы», «некаторыя з iх звяртаюцца да мяне па мянушцы», «некаторыя з аднакласнiкаў могуць мяне штурхнуць цi ўдарыць», «былi сiтуацыi, калi аднакласнiкi пагражалi мне», – прызнаюцца дзецi.

Апытанне паказала: 68 працэнтаў падлеткаў зазнаюць булiнг час ад часу, 17 працэнтаў – нiколi i 14 працэнтаў – пастаянна.

Але булiнг – гэта не заўсёды агрэсiя. Падлетак можа адчуваць агiду, пагардлiвасць у адносiнах да аднакласнiка. Гэта iншая эмоцыя, але яна – таксама праява булiнгу. А вось выкарыстанне мянушкi можа быць i не абразай, а толькi элементам субкультуры: усё залежыць ад таго, як ставiцца да яе падлетак, цi выклiкае яна ў яго эмацыянальныя перажываннi.

Шукай дарослага!

Не кожны школьнiк ведае, што менавiта з’яўляецца гвалтам, як трэба дзейнiчаць у падобных сiтуацыях, да каго i калi звяртацца. Але галоўнае, не ўсе ўпэўненыя, што iх звароты будуць успрынятыя сур»ёзна i дарослыя яшчэ больш не ўскладняць сiтуацыю. Вядома, адбiваецца i цiск агульнавядомых стэрэатыпаў кшталту «ахвяра часта сама вiнаватая», «калi скардзiцца, значыць, ён слабы, даносчык, шасцёрка i гэтак далей»...

– Першае правiла – шукай дарослага, якi табе дапаможа. Не пачуў адзiн – звярнiся да iншага цi да нас! – раiць спецыялiст Рэспублiканскага цэнтра псiхалагiчнай дапамогi Эмiлiя Бурачэўская. – Наш тэлефон гарачай лiнii +375 17 300 1006. Казаць праўду i паведамляць пра выпадкi запалохвання i пераследу – гэта акт адвагi. Ёсць рознiца памiж даносам i абаронай жыцця i годнасцi сваёй або свайго сябра.

Зацiкаўленасць у вырашэннi канфлiктаў павiнны праяўляць у першую чаргу настаўнiкi i адмiнiстрацыя школ. Менавiта ў iх павiнен быць дакладны алгарытм дзеянняў, як спынiць гвалт, аказаць дапамогу пацярпеламу, дакументальна зафiксаваць факт, разабраць сiтуацыю з наступным яе вырашэннем, падтрымаць усiх удзельнiкаў канфлiкту, у тым лiку крыўдзiцеля i сведак. Як паказвае практыка, умяшанне дарослых можа спынiць здзекi над вучнямi на коранi.

– У сiтуацыi булiнгу дзiця транслюе тыя нормы паводзiн, якiя дапушчальныя ў калектыве, дзе яно знаходзiцца. Атрымлiваецца, што нават калi мы прыбяром з класа агрэсара альбо ахвяру, iх месца зойме нехта iншы. Таму што гэтая сiстэма дысфункцыянальная i дазваляе так сябе паводзiць, – папярэджвае псiхолаг. – Праблема не ў канкрэтным вучнi, а ў тым, што так паводзiць сябе з аднакласнiкамi лiчыцца дапушчальным.

Для мяне гэта драматычная сiтуацыя, калi ты прыходзiш у школу, вядзеш з педагогамi размову пра каштоўнасцi, а яны размаўляюць адно з адным на iншыя тэмы. А потым раптам уключаюцца i пачынаюць расказваць: «А вось мы змагаемся з дзiцем, i ўсё беспаспяхова...» Гэта значыць, дэманструюць паводзiны, у якiх папракаюць сваiх вучняў. I дастукацца, давесцi да iх, што дзецi глядзяць на настаўнiкаў, капiруюць iх мадэль паводзiн, вельмi праблематычна. Пэўная частка настаўнiкаў не разумее, што такое гвалт, годнасць, каштоўнасцi i асабiстыя межы...

ЯК ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО ДЗIЦЯ СТАЛА АХВЯРАЙ БУЛIНГУ?

  • Яно не хоча iсцi ў школу. Прапускае заняткi, рэзка пагоршылася паспяховасць.
  • Звярнiце ўвагу на яго позу: уцягнутая ў плечы галава, згорбленая спiна, апушчаны падбародак... Калi раней такога не назiралася, варта пацiкавiцца справамi ў школе.
  • Скаргi на мiгрэнi, боль у жываце. Яны могуць быць выклiканы стрэсам i страхам сутыкнуцца з крыўдзiцелямi.
  • Часта дзiця вяртаецца дадому з сiнякамi, у брудным цi сапсаваным адзеннi.
  • Замкнёнасць. Раней гаваркое, яно рэзка зрабiлася маўчуном. Сыходзiць у сябе.
  • Знiкаюць асабiстыя рэчы – сшыткi, падручнiкi, адзенне, грошы.
  • Дзiця выдалiла акаўнты ў сацсетках. Магчыма, такiм чынам яно спрабуе абаранiцца ад кiбербулiнгу.

Кансультант па пытаннях абароны правоў дзiцяцi прадстаўнiцтва Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi Марына Ананенка паведамiла, што для беларускiх дзяцей, якiя зазналi ганеннi, адкрыта бясплатная кругласутачная тэлефонная лiнiя. Патэлефанаваўшы на нумар 8 801-100-16-11, яны могуць ананiмна расказаць пра сваю праблему спецыялiстам i атрымаць дапамогу. Кансультанты максiмальна iмкнуцца пераканаць дзяцей, якiя тэлефануюць, у тым, што да сiтуацыi лепш за ўсё прыцягнуць спецыялiстаў (калi зварот звязаны з фактам гвалту), дарослых (калi гаворка iдзе пра булiнг у школе) i падказваюць патрэбныя кантакты i адрасы.

Таксама Марына Ананенка параiла звярнуць увагу на сайт kids.pomogut.by, дзе не толькi дзецi, але i дарослыя могуць знайсцi карысную iнфармацыю. Ён змяшчае парады, як зрабiць стасункi ў сетцы бяспечнымi, абаранiць сябе ад кiбербулiнгу, сексуальнай эксплуатацыi i iншых формаў гвалту. Другая важная функцыя – дапамога праз чат дзецям, якiя пацярпелi ад гвалту ў iнтэрнэце, а таксама iх бацькам. Штодня з 8.00 да 20.00 у анлайн-рэжыме можна задаць пытаннi на ўмовах ананiмнасцi. Адказы даюць прафесiйныя псiхолаг i юрысты.

ШТО РАБIЦЬ БАЦЬКАМ?

  • Паспрабуйце пагаварыць з сынам цi дачкой, высветлiце падрабязнасцi булiнгу (хто здзяйсняе цкаванне, пры якiх абставiнах, у чыёй прысутнасцi, дзе ў iнтэрнэце размешчаны абразлiвыя выпады).
  • Звярнiцеся да класнага кiраўнiка, у сацыяльна-псiхалагiчную службу, адмiнiстрацыю ўстановы адукацыi.
  • Пагутарыце з крыўдзiцелем i яго бацькамi. Ад iх паводзiн (прызнання, непрызнання вiны, жадання прынесцi прабачэннi, кампенсаваць прычыненую шкоду) залежаць вашы далейшыя дзеяннi. Гэтым можна абмежавацца, калi педагогi i адмiнiстрацыя навучальнай установы разумеюць праблему, працуюць як з агрэсарам, так i з класам, а бацькi крыўдзiцеля iмкнуцца мiнiмiзаваць наступствы.

Пакуль што ў беларускiм заканадаўстве няма паняцця булiнгу i канкрэтнай адказнасцi за цкаванне. Аднак у шэрагу законаў згадваюцца прыкметы, якiя трапляюць пад вызначэнне булiнгу, таму прыцягнуць агрэсара да адказнасцi ўсё ж такi можна.

КУДЫ МОЖНА ЗВЯРНУЦЦА ЯШЧЭ?

  • Ва ўпраўленне (аддзел) адукацыi мясцовага выканкама цi адмiнiстрацыi раёна ў горадзе.
  • Да ўчастковага мiлiцыянера.
  • У пракуратуру, напрыклад, у выпадку нанясення дзiцяцi цялесных пашкоджанняў.
  • У Нацыянальную камiсiю па правах дзiцяцi.
  • У органы апекi i папячыцельства.
  • У суд, калi ў дачыненнi да дзiцяцi здзейснена злачынства. Суд разглядае крымiнальныя справы аб наўмысным нанясеннi лёгкага цялеснага пашкоджання (артыкул 155 КК), паклёпе (артыкул 188 КК), абразах (артыкул 180 КК).

Надзея Нiкалаева, «Звязда», 26 сакавіка 2020 г.