/ / Общественно-политические
02.03.2020

Забарона на лоўлю шчупака, абмежаванне на продаж некаторых лекаў, пераход на летнюю гуму: што змянілася ў краіне з 1 сакавіка

Сустракаем вясновыя навацыі

Сёлета лютыя маразы нас абмінулі, але ўсё роўна прыход вясны, які зацягнуўся на адзін дзень з-за «асаблівага» высакоснага года, усе чакаюць з нецярпеннем. А разам з сакавіком адбудуцца і некаторыя змены. Якія менавіта, даведалася карэспандэнт «Р».

Вылаў шчупака падчас нераставай забароны мае вынікам сур’ёзную адказнасць: за кожную незаконна здабытую асобіну спаганяецца шкода ў трайным памеры – па 9 базавых велічынь (243 рублі).

Аматарам рыбалкі давядзецца ўлічыць: з першага дня вясны ў большасці рэгіёнаў (акрамя Віцебскай вобласці) краіны пачне дзейнічаць забарона на лоўлю шчупака. Вольга Грамовіч, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, патлумачыла, чаму:

– Ёсць перыяды, калі гэты від знаходзіцца пад асаблівай аховай, а менавіта – падчас нерасту. Забарона ўводзіцца з 1 сакавіка і працягнецца па 15 красавіка, а вось у Віцебскай вобласці яна пачне дзейнічаць крыху пазней – з 9 сакавіка па 25 красавіка. Шчупак ідзе на нераст раней за іншых рыб, паколькі не настолькі патрабавальны да прагрэву вады, а часам нерастуе нават пад лёдам. Праснаводны драпежнік вельмі важны для балансу іхтыяфаўны, ён з’яўляецца свайго роду рэгулятарам: знішчае малакаштоўную дробязь, хворых і аслабленых рыб, што спрыяе лепшаму росту каштоўных відаў і аздараўленню іх папуляцый. Вылаў шчупака падчас нераставай забароны мае вынікам сур’ёзную адказнасць: за кожную незаконна здабытую асобіну спаганяецца шкода ў трайным памеры – па 9 базавых велічынь (243 рублі). Таксама парушальніку могуць прызначыць штраф да 50 базавых велічынь (1275 рублёў). Дарэчы, з-за цёплага надвор’я на некалькі дзён могуць зрушыць тэрміны агульных нераставых забарон на лоўлю рыбы – цяпер спецыялісты прапрацоўваюць гэтае пытанне. Раней за ўсё абмежаванні пачынаюць дзейнічаць у Брэсцкай і Гомельскай абласцях – звычайна з 20 сакавіка, але сёлета, магчыма, гэта здарыцца на 10 дзён раней. Таму раю рыбакам сачыць за навінамі.

Ёсць змены і ў сістэме аховы здароўя, а менавіта – забарона на продаж лекаў, на якія не зарэгістраваны гранічныя адпускныя цэны вытворцаў. Новаўвядзенні закрануць прэпараты, прызначаныя для экстракарпаральнага апладнення (менатрапін – чалавечы менапаўзальны ганадатрапін, фалітрапін-альфа, фалітрапін-бета, цэтрарэлікс), а таксама лекі для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

У БДУ павысяцца кошты на навучанне – у сярэднім на 12 працэнтаў. Як паведамілі ў прэс-службе ВНУ, «гэта робіцца з мэтай прывядзення яе ў адпаведнасць з рэальнымі затратамі на кошт навучання». У БНТУ цэны на атрыманне адукацыі таксама стануць больш – прыкладна на 7 працэнтаў, а ў БДЭУ – на 3–5 працэнтаў.

І, напрыканцы, навіна для аўтамабілістаў: з першага дня сакавіка можна «пераабуцца» з зімовай гумы на летнюю. Тым больш спрыяюць гэтаму і ўмовы надвор’я – галалёдзіцы, гавораць метэаролагі, не прадбачыцца.

Хрысціна Глушко, «Рэспубліка», 29 лютага 2020 г.