/ / Общественно-политические
24.01.2020

Як адаб'юцца на насельніцтве і бізнесе змены ў заканадаўстве ў сферы абыходжання з адходамі?

Толькі за першы месяц года ў краіне было прынята тры дакументы, якія рэгулююць сферу абыходжання з  адходамі. Якія змены яны нясуць? Разбіраемся са спецыялістамі.

Раздельный сбор мусора

Адказнасць за смецце

З 2012 года ў нашай краіне дзейнічае прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў. Згодна з ім, вытворцы ці імпарцёры нясуць адказнасць за абыходжанне са сваімі таварамі і ўпакоўкай, калі тыя страцяць спажывецкія якасці і пяройдуць у катэгорыю адходаў.

– У сусветнай практыцы ёсць некалькі спосабаў выканання гэтага абавязку, аналагічныя прадугледжаны і ў Беларусі: вытворцы і пастаўшчыкі ствараюць уласную сістэму збору адходаў тавараў і ўпакоўкі ці фінансуюць агульную сістэму збору, – тлумачыць начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль Шагун. – Усё гэта прапісана ва Указе № 313 «Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання», прынятым у 2012 годзе.

Па словах дырэктара ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталлі ГРЫНЦЭВІЧ, за час дзеяння дакумента ў краіне ўдалося істотна палепшыць сітуацыю са зборам адходаў тавараў і ўпакоўкі. Так, калі ў 2012 годзе ўзровень выкарыстання адходаў быў 10 %, то за 2019 год, чакаецца, ён складзе 22,6 %. Аб'ёмы збору адходаў шкла павялічыліся ў тры разы, на 35 % – паперы і кардону. Сталі актыўна збіраць палімеры, бытавую тэхніку, шыны, адпрацаванае масла, электрычнае і электроннае абсталяванне, іртуцьзмяшчальныя лямпы, батарэйкі. За кошт чаго гэта ўдалося?

– Указ № 313 дазваляе эканамічна стымуляваць збор і нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), – расказвае Анатоль Шагун. – Сродкі ад вытворцаў і імпарцёраў ідуць на развіццё сістэмы збору ДМР: павелічэнне колькасці нарыхтоўчых пунктаў, кампенсацыі зборшчыкам, закупку кантэйнераў, тэхнікі, абсталявання для іх падрыхтоўкі і выкарыстання, стварэння вытворчасцяў па сартаванні і перапрацоўцы адходаў, у тым ліку тых відаў, якія раней не перапрацоўваліся.

Пытанне абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі знаходзіцца на асаблівым кантролі Прэзідэнта Беларусі. Падчас нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка чарговы раз абазначыў важнасць вырашэння праблем у гэтай сферы. «Нельга дапусціць, каб нас напаткаў лёс краін-суседак, калі людзі задыхаюцца ад колькасці звалак, а глеба на дзесяцігоддзі атручана хіміяй», – заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што стан навакольнага асяроддзя – найважнейшая задача, а здароўе беларусаў бясцэннае. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта не толькі пытанне экалагічнага дабрабыту: «Развітыя краіны, у якіх, як і ў нас, няма багатых запасаў прыродных выкапняў, навучыліся атрымліваць неабходныя рэсурсы фактычна са смецця».

Новыя выклікі

З 1 ліпеня 2020 года на змену Указу № 313 прыйдзе новы дакумент – Указ № 16 ад 17.01.2020 «Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі». Што ён зменіць?

– Тое, што было запісана ў дзеючай рэдакцыі, мае абмежаваны напрамак у частцы эканамічнага стымулявання збору і перапрацоўкі адходаў. Яно заключалася толькі ў рабоце з традыцыйнымі ДМР, – тлумачыць Анатоль Шагун. – Збор паперы, шкла, пластыку, шын, бытавой тэхнікі – гэта, безумоўна, важны сегмент, які займае 25–30 % ад усяго аб'ёму цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Але каб выкарыстоўваць іх на 90–100 %, як у многіх еўрапейскіх краінах, толькі перапрацоўкай ДМР нельга абмежавацца.

У 2017 годзе ўрадам была прынята Нацыянальная стратэгія абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, якая ўлічвае як традыцыйныя, так і новыя напрамкі – энергетычнае выкарыстанне і апрацоўку арганічнай часткі ЦКА. Каб мець магчымасць эканамічна стымуляваць і гэтыя кірункі, былі ўнесены адпаведныя змены ў заканадаўства.

Без пластыку

За апошнія дзесяцігоддзі пластык захапіў рынак тавараў і ўпакоўкі, а пластыкавыя адходы сталі аднымі з галоўных забруджвальнікаў наваколля – як сушы, так і Сусветнага акіяну. Каб зменшыць забруджванне пластыкам, быў прыняты План мерапрыемстваў, накіраваных на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную – на аснове паперы, шкла, кардону і біяраскладанага пластыку. Ён быў зацверджаны пастановай Савета Міністраў № 7 ад 13.01.2020.

– Усе мерапрыемствы Плана можна ўмоўна раздзяліць на пяць блокаў, – расказвае начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вадзім Дэмко– Гэта вытворчасць і выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладанай; навуковыя даследаванні па вызначэнні найбольш перспектыўных, экалагічна і эканамічна мэтазгодных тэхналогій атрымання бяспечнай упакоўкі, якія дазваляюць захаваць якасныя характарыстыкі і тэрміны прыдатнасці прадукцыі; тэхнічнае рэгуляванне, скарачэнне імпарту і вытворчасці палімернай упакоўкі; удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі, у тым ліку арганізацыя паасобнага збору ДМР і інфармацыйна-асветніцкая работа.

  • Ужо сёння ў буйных аб'ектах гандлю прадугледжваюцца альтэрнатыўныя варыянты замяшчэння аднаразовай палімернай упакоўкі шматразовай і экалагічнай.
  • З 1 студзеня 2021 года будзе забаронена выкарыстанне і продаж аднаразовага пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Спіс такіх тавараў цяпер распрацоўваецца.
  • У Беларусі ў найбліжэйшыя гады плануецца адмовіцца ад выкарыстання палімернай тары аб'ёмам больш за адзін літр для разліву піва і слабаалкагольных прадуктаў. Так, у суседняй Расіі з 2017 года ўжо дзейнічаюць абмежаванні на продаж піва і іншага алкаголю ў ПЭТ-тары аб'ёмам больш за 1,5 л.

Рэгіянальны падыход

Згодна з Планам, у краіне мяркуюць стварыць аб'екты па сартаванні і выкарыстанні ЦКА і палігоны для іх захавання. Так, прадугледжваецца завяршыць пераход ад раённых сістэм кіравання адходамі да рэгіянальнага ўзроўню. Будуць створаны 30 цэнтраў, куды стануць звозіць камунальныя адходы і сартаваць іх для вымання прыдатных ДМР. Там жа пабудуюць пляцоўкі для кампаставання і падрыхтоўкі адходаў для энергетычнага выкарыстання, перапрацоўкі буйнагабарытных і будаўнічых адходаў. Тое ж, што нельга пусціць у грамадзянскі абарот, будзе захоўвацца на палігонах, створаных там жа.

– Папярэднія падлікі паказваюць, што рэалізацыя гэтай канцэпцыі можа да 2030 года павысіць узровень выкарыстання камунальных адходаў да 55–60 %, – адзначыў Анатоль Шагун.

Бутэлька ў залог

Не пазней чым да 2022 года ў нашай краіне плануюць укараніць дэпазітную (залогавую) сістэму абарачэння спажывецкай упакоўкі. Адпаведны праект указа цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дэпазітная сістэма будзе распаўсюджвацца на ўсё, у што сёння разліваюцца напоі: ПЭТ-бутэлькі, шкляныя бутэлькі і слоікі, бляшанкі – за выключэннем малочнай тары. Астатнія віды ўпаковак застануцца ў сістэме паасобнага збору.

– Гэта сістэма падобная да той, што была ў Савецкім Саюзе, – кажа Анатоль Шагун. – Купляючы напой, чалавек пакідае ў краме залог за бутэльку (каля 20 кап.). Здаўшы ўжо пустую тару ў гэтай жа ці іншай краме, ён вяртае сабе залог. Такая сістэма дазволіць як мінімум у два разы павялічыць аб'ём тары ў рэспубліцы, якая збіраецца. Плануецца, што яна дасць не менш за 80 % звароту.

Нашто павышаюць збор?

Каб вытворцы пераходзілі на «зялёны» бок і адмаўляліся ад выкарыстання пластыку ва ўпакоўцы, важна не толькі забараняць, але і эканамічна стымуляваць іх да выкарыстання альтэрнатыўных матэрыялаў, упэўнены Анатоль Шагун. Гэта прадугледжваюць і нормы Указа № 16.

Згодна з імі, каб не плаціць збор, трэба пашыраць выкарыстанне ў вытворчасці палімернай упакоўкі і вырабаў з пластмас пластыкавых адходаў. На сёння іх доля павінна складаць не менш за 30 % адходаў, з 2021 года – да 35 %, з 2023 года – 40 %.

Яшчэ адна мэта Указа, якая атрымае сваё развіццё ўжо ў дакументах урада, – зрабіць так, каб бізнес больш актыўна пераходзіў ад прынцыпу «заплаціў і забыў» да стварэння ўласных кааперацыйных сістэм збору адходаў упакоўкі, без выплаты кампенсацыі, – гаворыць спецыяліст. – Дзякуючы гэтаму можна павялічыць аб'ёмы збору пластыку, дробнай бытавой тэхнікі і інш.

Прастымуляваць гэтыя змены прызвана і змяненне памераў платы за карыстанне пластыкавай упакоўкай, прадугледжанае пастановай Саўміна № 24 ад 16.01.2020. Плата будзе павышацца паэтапна: са 180 да 270 рублёў з 1 красавіка 2020 года і да 360 рублёў з 1 студзеня 2021 года. У сваю чаргу плануецца напалову (да 90 рублёў з 01.04.2020) знізіць плату за выкарыстанне біяраскладанай упакоўкі, вырабленай з расліннай сыравіны.

Пры гэтым, па словах Анатоля Шагуна, чакаецца, што павышэнне платы ў два разы не прывядзе да істотнага павелічэння кошту тавараў. Так, сёння збор за адну ПЭТ-бутэльку, якая важыць каля 40 г, складае 0,7 капеек у цане тавару. Пры павелічэнні збору да 360 рублёў. яна стане адпаведна 1,4 к. Што ж казаць пра поліэтыленавыя пакеты!

* * *

Каб меры па ўдасканаленні сістэмы збору адходаў і прадухіленні іх утварэння былі эфектыўныя, многае залежыць ад нашых з вамі простых дзеянняў: абмінаць смеццеправод і выкідаць пластык і змяшаныя адходы асобна; не ленавацца данесці батарэйкі ці люмінесцэнтныя лямпы да спецыяльных кантэйнераў, карыстацца ў краме не пластыкавымі пакетамі, а папяровым ці палатняным мяшочкам.

Калі знікнуць смеццеправоды?

Пытанне з заварваннем смеццеправодаў плануецца вырашыць у найбліжэйшыя год-два, расказаў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў. Ён падкрэсліў, што гэта работа вядзецца пастаянна. Пры гэтым улічваецца меркаванне жыхароў, а таксама магчымасць будаўніцтва кантэйнерных пляцовак.

Некалькі гадоў таму ўсе смеццеправоды заварылі ў Гродне, а ў Гомелі гэта работа была завершана больш за 10 гадоў таму. Вядзецца яна і ў кожным буйным населеным пункце.

Вераніка Коласава, «Звязда», 24 студзеня 2020 г.