/ / Общественно-политические
23.01.2020

Як датэрмінова выкарыстаць сямейны капітал?

З 1 студзеня 2020 года сямейным капіталам можна распарадзіцца, не чакаючы, пакуль дзіцяці, на якое ён аформлены, споўніцца 18 гадоў. Раней гэтыя сродкі можна было выкарыстаць датэрмінова толькі для аплаты медыцынскіх паслуг. Цяпер спіс пашырыўся. У прыватнасці, сямейным капіталам можна скарыстацца для паляпшэння жыллёвых умоў шматдзетнай сям'і, для навучання ў дзяржаўных ВНУ і ССНУ, а таксама і для аплаты медпаслуг, у тым ліку стаматалагічных.

Таксама з 1 студзеня 2020 года зменены пералік дакументаў, якія павінна падаць сям'я ў мясцовы выканкам для прызначэння сямейнага капіталу і распараджэння сродкамі сямейнага капіталу (у тым ліку датэрмінова).

Права на датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу маюць і тыя сем'і, якім сямейны капітал быў прызначаны па праграме мінулых гадоў.

Так, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, якія дакументы трэба падаць для датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу з мэтай паляпшэння жыллёвых умоў (будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылых памяшканняў, пагашэння запазычанасці па крэдытах, выдадзеных на гэтыя мэты, і выплаты працэнтаў за карыстанне імі).

Пералік неабходных дакументаў уключае ў сябе:

  • заяву; пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу; рашэнне або копію рашэння (выпіску з рашэння) аб прызначэнні сямейнага капіталу; даведку аб тым, што сям'я стаіць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, – у выпадку, калі гэта адбываецца па месцы работы (службы);
  • пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка або дзяржаўны акт на права ўласнасці на зямлю або на права пажыццёвага спадчыннага валодання зямлёй, копіі дакументаў, якія пацвярджаюць наяўнасць узгодненай праектнай дакументацыі і дазволу на будаўніцтва (рэканструкцыю), – у выпадку будаўніцтва (рэканструкцыі) аднакватэрнага жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме;
  • дагавор стварэння аб'екта долевага будаўніцтва – у выпадку будаўніцтва (рэканструкцыі) жылога памяшкання ў парадку долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве;
  • выпіску з рашэння агульнага сходу арганізацыі забудоўшчыкаў (сходу ўпаўнаважаных) аб прыёме грамадзяніна ў гэтую арганізацыю – у выпадку будаўніцтва (рэканструкцыі) жылога памяшкання ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў;
  • папярэдні дагавор набыцця жылога памяшкання – у выпадку набыцця жылога памяшкання, за выключэннем жылога памяшкання, будаўніцтва якога ажыццяўлялася па дзяржаўным заказе;
  • копію зарэгістраванага дагавора куплі-продажу жылога памяшкання – у выпадку набыцця жылога памяшкання, будаўніцтва якога ажыццяўлялася па дзяржаўным заказе;
  • копію крэдытнага дагавора аб выдачы крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання – у выпадку пагашэння запазычанасці па крэдытах, выдадзеных на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання, і выплаты працэнтаў за карыстанне імі;
  • дакумент, які сведчыць асобу, і (або) пасведчанне аб нараджэнні члена сям'і, у дачыненні да якога датэрмінова выкарыстоўваецца сямейны капітал;
  • дакументы, якія сведчаць асобу, і (або) пасведчанне аб нараджэнні, выпіскі з рашэнняў суда аб усынаўленні (удачарэнні), аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць уключэнне ў склад сям'і грамадзяніна, не ўлічанага ў яе складзе пры прызначэнні сямейнага капіталу (прадстаўляюцца на дзяцей, якія не былі ўлічаны ў складзе сям'і пры прызначэнні сямейнага капіталу);
  • дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва ў адносінах да членаў сям'і (пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб шлюбе, аб змене імя, выпіска з рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) і іншыя), – у выпадку змены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, даты нараджэння паўналетняга члена сям'і, таго, хто звярнуўся па датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу, і (або) члена сям'і, у дачыненні да якога датэрмінова выкарыстоўваецца сямейны капітал;
  • пасведчанне аб смерці або даведку з загса, якая змяшчае звесткі з запісу акта аб смерці, копію рашэння суда аб аб'яўленні грамадзяніна памерлым, аб прызнанні яго без вестак адсутным, копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу ці іншы дакумент, які пацвярджае выключэнне са складу сям'і грамадзяніна, якому прызначаны сямейны капітал, або немагчымасць яго звароту, – у выпадку звароту паўналетняга члена сям'і, які не з'яўляецца грамадзянінам, якому прызначаны сямейны капітал, або законнага прадстаўніка непаўналетняга члена сям'і, які не адносіцца да членаў сям'і.

Гэта важна

Заява аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу разглядаецца мясцовым выканкамам на працягу аднаго месяца з дня яе падачы. Пасля прыняцця рашэння аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу грамадзянін з копіяй прынятага рашэння і адпаведнымі дакументамі звяртаецца ў любое падраздзяленне ААТ «АСБ Беларусбанк», якое ажыццяўляе аперацыі па ўкладах (дэпазітах) «Сямейны капітал», для пералічэння сродкаў сямейнага капіталу.

Мінімальны тэрмін пералічэння сродкаў сямейнага капіталу складае 31 каляндарны дзень з дня звароту грамадзяніна ў ААТ «АСБ Беларусбанк» (максімальны – 41 каляндарны дзень).

Святлана Бусько, «Звязда», 23 студзеня 2020 г.