/ / Общественно-политические
17.01.2020

Міністр фінансаў – пра некаторыя асаблівасці рэспубліканскага бюджэту на 2020 год

Накіраваныя на забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч падчас абмеркавання праекта закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2020 год» на апошняй сесіі Савета Рэспублікі шостага склікання агучыў шмат цікавых фактаў і лічбаў. Мы засяродзімся на тых звестках і аспектах закона, якія наўпрост ці ўскосна маюць дачыненне да напаўнення мясцовых бюджэтаў рэгіёнаў.

Ва ўмовах эканоміі

Сутнасць бюджэтнай палітыкі ў 2020 годзе, калі казаць лаканічна, у канцэнтрацыі сродкаў на кірунках, якія дазволяць дасягнуць стратэгічных мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку.

Што турбавала сенатараў падчас разгляду бюджэту? Не ў апошнюю чаргу яго дэфіцытны статус. Хоць такі статус маюць многія краіны, у тым ліку Казахстан, ЗША і іншыя, але гэта не прычына для супакойвання.

Відаць, з гэтай прычыны Міністр фінансаў неаднойчы згадваў яшчэ адну важную асаблівасць года: уводзіцца рэжым эканоміі сродкаў. Аднак палохацца не трэба. Бюджэтная палітыка будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, узмацненне сацыяльнай арыентаванасці выдаткаў, паабяцаў Максім Ермаловіч.

Неабходнасць аптымізацыі дзярждоўгу таксама ў ліку прычын рэжыму эканоміі сродкаў. Доўг, па звестках Міністра, за 2019 год знізіўся на 2 % да валавога ўнутранага прадукту краіны. Цяпер яго ўзровень складае 36 %. Сам памер доўгу не ўяўляецца Міністру крытычным, хоць у 2020 годзе захаваюцца пікавыя плацяжы па яго абслугоўванні. На гэтыя мэты ў бюджэце прадугледжаны сродкі на суму шэсць мільярдаў рублёў.

«Сацыялка» ў прыярытэце

Выдаткі на сацыяльныя патрэбы складуць 18 мільярдаў рублёў. У прыватнасці, на 15 % вырастуць асігнаванні на ахову здароўя і адукацыю. Запланавана павышэнне пенсій, зарплат настаўнікам і ўрачам, нізкааплатным работнікам. На зарплаты бюджэтнікаў, якія будуць расці апераджальнымі тэмпамі, мяркуецца накіраваць 15 мільярдаў рублёў.

Не менш важнымі задачамі з’яўляюцца выплата дапамог, выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў, забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў. Яны – асаблівы клопат дзяржавы. На падтрымку шматдзетных сем’яў будзе выдаткавана сродкаў у паўтара раза больш, чым у 2019-м. У бюджэт закладзена 350 мільёнаў рублёў на падаўжэнне фінансавання сямейнага капіталу на сярэднетэрміновы перыяд.

У сувязі з маючым адбыцца святкаваннем 75-й гадавіны Перамогі над фашызмам 18 мільёнаў рублёў пойдзе на аказанне аднаразовай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. А іх цяпер у краіне амаль 22 тысячы чалавек.

Што варта мець на ўвазе ў рэгіёнах

Падатковае заканадаўства захавае сваю стабільнасць, яго істотных змен не плануецца. Будуць павышаны толькі акцызныя стаўкі на моцныя алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы.

Па словах Міністра, становішча спраў з даходамі вызначыла бюджэтную палітыку на 2020 год. З аднаго боку, выдаткі на ўтрыманне бюджэтных арганізацый і ўстаноў прадугледжаны ў аб’ёме, неабходным на іх нармальную і якасную работу. А з другога, ставіцца задача, наколькі гэта магчыма, ашчадна выкарыстоўваць кожны бюджэтны рубель. Інакш дасягнуць збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў без узмацнення кантролю за расходамі будзе няпроста.

Бюджэтныя інвестыцыі вырастуць на траціну. Гэта, адзначыў Міністр, адзін з найлепшых паказчыкаў за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Але павелічэнне бюджэтных інвестыцый адбудзецца не ў выніку росту даходаў, а за кошт больш актыўнай работы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі: Сусветным банкам, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Сярод новых партнёраў – Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый.

Сігнал для ініцыятыўных дэпутатаў

Міністр агучыў яшчэ адну з асаблівасцяў 2020 года: зніжэнне падтрымкі бюджэтам рэальнага сектара эканомікі – прыкладна на 10 %. Увогуле сёлетні рэспубліканскі бюджэт не павінен стаць бюджэтам спажывання. А рэжым эканоміі – гэта не толькі заклік жыць па сродках, але і своеасаблівы сігнал самім настойліва шукаць шляхі павышэння прадукцыйнасці працы, стварэння новых рабочых месцаў, папаўнення мясцовых бюджэтаў з розных крыніц.

Пэўныя перспектывы перад мясцовымі ўладамі адкрываюць змены ў Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», зацверджаныя на заключнай сесіі Савета Рэспублікі шостага склікання. Адно з цікавых новых палажэнняў адноўленага Закона датычыцца пашырэння паўнамоцтваў Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканкамаў. Цяпер яны маюць права ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і зацвярджэнні інвестыцыйных праектаў. Гэта, калі хочаце, прамы зварот да неабыякавых абраннікаў народа: больш ініцыятывы ў мясцовых справах, прыцягненні сродкаў у эканоміку тэрыторый.

Многае могуць зрабіць дэпутаты ў вырашэнні праблем занятасці і самазанятасці насельніцтва, у іх сілах садзейнічаць таму, каб людзі маглі самастойна зарабляць, спрыяць паляпшэнню іх жыцця не калісьці ў будучыні, а сёння.

Леанід Лахманенка, «Звязда», 17 студзеня 2020 г.