/ / Общественно-политические
16.01.2020

Раскрыць за 60 секунд: мабільнае прыкладанне дазваляе экспертам вызначыць падазраванага яшчэ пры аглядзе месца здарэння

Апошнім часам у Мінску павялічылася колькасць сагнаных аўтамабіляў. Праўда, крадзяжоў, якім папярэднічае сур’ёзная падрыхтоўка з мэтай завалодання дарагой машы­най, сярод іх амаль няма. За руль чужых «ластавак», як правіла, садзяцца людзі ў нецвярозым стане, якім тэрмінова спатрэбілася з’ездзіць па «дабаўку» або проста захацелася пакатацца. У любым выпадку супрацоўнікам міліцыі даводзіцца папрацаваць, каб вярнуць «уцякачку» дадому. Вельмі важная роля ў раскрыцці любых злачынстваў належыць экспертам. Апошнія зараз працуюць з асаблівымі смартфонамі, аснашчанымі 16-мегапіксельнай камерай і спецыяльным дадаткам айчыннай распрацоўкі, якія дазваляюць хутка вызначыць асоб, замешаных у злачынствах. У Партызанскім РУУС Мінска карэспандэнту «Р» расказалі аб плённым узаемадзеянні аператыўнікаў, экспертаў і сучасных тэхналогій.

Мабільны тэлефон

Крымінальная прагулка

Сабраўся чалавек у паездку, выйшаў з дома – а машыны, якую з вечара пакінуў каля пад’езда, на звыклым месцы няма... Адзінае выйсце – тэрмінова тэлефанаваць у міліцыю.

– Мноства крадзяжоў адбываецца пасля таго, як людзі вып’юць, – расказвае Сяргей Бажанкоў, аперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Партызанскага РУУС. – Чамусьці менавіта ў такім стане іх моцна цягне за руль. Бывае, лянуюцца ісці па «дабаўку» пешшу, а некаторым хочацца пакатацца, напрыклад, па кальцавой. Многіх з іх проста на дарозе затрымліваюць супрацоўнікі ДАІ. Але некаторым удаецца праскочыць незаўважанымі і нават вы­ехаць за горад, як адбылося нядаўна з «Мерседэсам»...

Немаладое «дзіця» нямецкага аўтапраму стаяла пад вокнамі аднаго з дамоў па вуліцы Кашавога ў Мінску. Аднойчы машына прыцягнула ўвагу кампаніі, што выпівала ў кватэры сумніўнай рэпутацыі. Мужчына 1975 года нараджэння, неаднаразова судзімы за злачынствы ў дачыненні да чужой маёмасці, ускрыў замок аўто адмычкай і завёў матор, злучыўшы правады запальвання. У аўтападарожжа адправілася ўся кампанія. Без перашкод праехаўшы па горадзе, машына дабралася да вёскі Слабада Мінскага раёна. Ці то паліва заканчвалася, ці то кампанія вырашыла прагуляцца на прыродзе, але машыну пакінулі. Там яе і знайшлі супрацоўнікі міліцыі.

– У дадзеным выпадку мы праводзілі два агляды месца здарэння – на вуліцы Кашавога і ў вёсцы Слабада, – успамінае Андрэй Уласевіч, начальнік экспертна-крыміналістычнага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Партызанскім раёне. – На месцы крадзяжу нічога, што магло б прадставіць цікавасць для следства, не знайшлося. А вось у машыне выявілі адпячаткі пальцаў рук, на грунце побач – сляды абутку. Адпячаткі пальцаў мы адразу адправілі ў аўтаматызаваную дактыласка­пічную інфармацыйную сістэму АДІС, якая мае тры ўзроўні: рэспубліканскі, рэгіянальны і тэрытарыяльны. Калі пошук па базе ўпраўлення ДКСЭ па Мінску не дае вынікаў, правяраем яшчэ і па рэспубліканскай. У дадзеным выпадку супадзенне знайшлося, падазронага затрымалі.

Зоркае вока і жвавы працэсар

Выраз «адразу адправілі» – зусім не фігуральны. Апошнім часам эксперты маюць абсталяванне, якое дазваляе пачаць супастаўленне выяўленых «пальчыкаў» з тымі, што маюцца ў базе дадзеных, вельмі хутка. Бывае так, што спецыялісты яшчэ не закончылі агляд месца здарэння, а ўжо ёсць інфармацыя, хто меў дачыненне да злачынства.

– Для выяўлення слядоў пальцаў рук мы апрацоўваем паверхню спецыяльным дактыласкапічным парашком, каб яўна прагледжваліся ўсе папілярныя лініі, якія, як вядома, у кожнага чалавека індывідуальныя. Пасля робім здымак, які раней прывозілі ў РУУС, каб перавесці ў лічбавы выгляд і адправіць у базу, – працягвае Андрэй Уласевіч. – Апошнім часам у нас з’явіліся дапаможныя прылады: асаблівыя смартфоны, аснашчаныя 16-мегапіксельнай камерай і спецыяльным дадаткам – дарэчы, айчыннай распрацоўкі. Зоркая камера дазваляе рабіць якасныя здымкі. Заходзім у дадатак, уводзім неабходную інфармацыю і па спецыяльна выдзеленым закрытым канале электроннай сувязі адпраўляем у базу дадзеных. Хуткасць перадачы інфармацыі вельмі вялікая. Бывае так, што мы яшчэ працягваем аглядаць месца злачынства, а нам паведамляюць ужо, чые адпячаткі пальцаў там знойдзены, і аператыўныя работнікі едуць затрымліваць падазронага.

Зразумела, што аднымі слядамі пальцаў рук эксперты-крыміналісты не абмяжоўваюцца. Злачынцы пакідаюць пасля сябе і адпячаткі абутку, якія таксама ўнікальныя, і валокны з вопраткі, і біялагічны матэрыял, што дазволіць правесці аналіз ДНК, а ў закрытай прасторы, як, напрыклад, салон аўтамабіля, – нават індывідуальны пах цела. Магчыма, у хуткім часе тэхналогіі дазволяць значна паскорыць і іх вывучэнне і супастаўленне.

ЛІЧБА

У мінулым годзе ў Мінску было сагнана 99 аўтамабіляў.

Аксана Неўмяржыцкая, «Рэспубліка», 16 студзеня 2020 г.