/ / Общественно-политические
03.09.2019

Сёння адкрываецца Міжнародная канферэнцыя па барацьбе з тэрарызмам

Міжнародная супольнасць чакае меркаванняў беларускіх экспертаў, як абараніць агульную інфармацыйную прастору ад выклікаў і пагроз. Аб гэтым на брыфінгу заявіў кіраўнік аддзела па пытаннях палітыкі і каардынацыі Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Рафуддзін Шах.

«Для нас прынцыпова важна сабрацца ўсім разам і абмеркаваць, як мы можам выкарыстоўваць новыя тэхналогіі і абараняцца ад пагроз, з імі звязаных. Мы вельмі ўдзячныя і рады, што праводзім гэтую канферэнцыю менавіта ў Беларусі, якая з’яўляецца адным з лідараў, хабам у галіне інфармацыйных тэхналогій», – адзначыў эксперт.

У Міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій», якая праходзіць 3–4 верасня, удзельнічаюць прадстаўнікі 56 дзяржаў, а таксама міжнародных аб’яднанняў.

На канферэнцыі чакаюць Генеральнага сакратара АБСЕ Томаса Грэмінгера, старшыню Міжпарламенцкага саюза Габрыэлу Куэвас Баран, выканаўчага сакратара СНД Сяргея Лебедзева і іншых экспертаў, а таксама прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, службаў бяспекі, праваахоўных органаў розных краін.

Варвара Марозава, «Звязда», 3 верасня 2019 г.