/ / Общественно-политические
28.10.2019

Змяніліся правілы правядзення школьных алімпіяд

Па рашэнні Міністэрства адукацыі змяніліся правілы правядзення школьных алімпіяд. Цяпер падрыхтоўкай, захоўваннем і дастаўкай алімпіядных заданняў для трэцяга і чацвёртага (заключнага) этапаў рэспубліканскай алімпіяды зоймецца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ).

Экзамен

РІКВ, у прыватнасці, будзе весці ўлік аўтараў, якія маюць вопыт у распрацоўцы алімпіядных заданняў, фарміраваць электронную базу такіх заданняў па кожным вучэбным прадмеце, заключаць дагаворы на іх распрацоўку. Распрацоўшчыкі, у сваю чаргу, абавязаны будуць забяспечыць канфідэнцыяльнасць алімпіядных заданняў і іх тэматыкі з моманту пачатку работы над імі.

Не пазней чым за месяц да пачатку адпаведнага этапу рэспубліканскай алімпіяды распрацоўшчыкі прадстаўляюць заданні ў РІКВ. Тут іх тыражуюць у адпаведнасці з заяўкамі, раскладваюць у пакеты і захоўваюць. Напярэдадні алімпіяды заданні дастаўляюцца фельд'егерскай сувяззю ва ўстановы адукацыі, якія вызначаны месцам яе правядзення, і захоўваюцца ў апячатаных памяшканнях (сейфах). Распячатваюцца яны прадстаўнікамі аргкамітэта адпаведнага этапу рэспубліканскай алімпіяды толькі ў прысутнасці яе ўдзельнікаў.

Фактычна цяпер на этапе распрацоўкі, тыражавання і дастаўкі матэрыялаў школьных алімпіяд будуць выкарыстоўвацца такія ж тэхналогіі, што прымяняюцца пры арганізацыі ў краіне цэнтралізаванага тэсціравання.

Нагадаем, што ў папярэднім навучальным годзе Міністэрства адукацыі ўстанавіла парушэнні ў правядзенні рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. У прыватнасці, быў пацверджаны факт уцечкі інфармацыі пра алімпіядныя заданні заключнага этапу.

Надзея Нікалаева, «Звязда», 26 кастрычніка 2019 г.