/ / Общественно-политические
04.10.2019

Супрацоўніцтва дэпутатаў з іншымі галінамі ўлады садзейнічае знаходжанню рашэнняў у інтарэсах грамадзян

З такім тэзісам выступіў Леанід Цупрык, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце падчас круглага стала на тэму «Актуальныя пытанні механізма ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў па забеспячэнні канстытуцыйнай законнасці». Сустрэча прымеркавана да святкавання 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і станаўлення інстытута прэзідэнцтва.

Конституция

Важную ролю ў падтрыманні законнасці ў адпаведнасці з галоўным дакументам краіны адыгрывае Канстытуцыйны Суд. Узаемадзеянне Парламента з гэтай інстанцыяй павінна развівацца і набываць новыя формы.

«Адбываюцца далейшае ўдасканаленне канстытуцыйнай судавытворчасці і пашырэнне доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя. У вобласці ўмацавання канстытуцыйнай законнасці неабходна адзначыць ролю Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, які забяспечвае падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і метадычнага кіраўніцтва нарматворчай дзейнасцю; пракуратуры, якая ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем нарматыўных актаў на тэрыторыі нашай краіны; Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, якое ўдзельнічае ў прававым забяспечванні нарматворчай дзейнасці», – паведаміў Леанід Цупрык.

– Умацаванне канстытуцыйнай законнасці заклікана захаваць канстытуцыйную ідэнтычнасць нацыі ва ўмовах глабалізацыі і інтэграцыі, забяспечыць устойлівае дзяржаўнае развіццё і грамадзянскую згоду, – упэўнена намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Беларусі Наталля Карповіч.

Менавіта гэты орган ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю прынятых у краіне законаў. Дзейнасць па рэалізацыі паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда адлюстроўваецца ў яго штогадовых пасланнях Прэзідэнту і палатам Парламента. Акрамя прапаноў, яно змяшчае аналіз вывучаных спраў і матэрыялаў. У сакавіку 2020 года адбудзецца юбілейнае, 25-е, прыняцце паслання Канстытуцыйнага Суда.

«Я не магу не адзначыць, што некаторыя пасылы, якія патрабуюць далейшай увагі заканадаўца і ўсіх суб'ектаў правапрымянення, змяшчаюцца ў пасланнях Канстытуцыйнага Суда. І Канстытуцыйны Суд на іх звяртае ўвагу штогод. Гэта ў першую чаргу датычыцца праблем рэалізацыі ўскоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, – канстатавала намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда. – Абарона правоў грамадзян, іх доступ да правасуддзя – гэта найважнейшыя праявы прававой дзяржавы і ў тым ліку рэжыму канстытуцыйнай законнасці. І ў гэтым плане мы павінны ўзмацніць сваё ўзаемадзеянне».

Зараз у гэтай сувязі разглядаецца магчымасць прамога звароту грамадзяніна ў Канстытуцыйны Суд з прапановай праверкі канкрэтнага акта, які ён ставіць пад сумненне.

Наталля Карповіч адзначыла, што забеспячэнне належнага стану канстытуцыйнай законнасці – гэта найважнейшы вынік дзейнасці ў завершаным годзе ўсіх органаў дзяржавы, яе службовых асоб і іншых суб’ектаў адносін.

Марыя Дадалка, «Звязда», 4 кастрычніка 2019 г.