/ / Общественно-политические
16.05.2019

Якая сям’я з’яўляецца шматдзетнай і калі яна страчвае такі статус – кансультацыя спецыяліста

На пытанні адказваюць спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Многодетные семьи

– У мяне трое дзяцей. Старэйшаму сёлета спаўняецца 18 гадоў. Ці застанецца наша сям’я шматдзетнай?
(Вераніка Кашлей, г. Баранавічы)

– Шматдзетнай з’яўляецца сям’я, у якой на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца трое і больш непаўналетніх дзяцей, гэта значыць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры дасягненні старэйшым дзіцем васямнаццацігадовага ўзросту сям'я страчвае статус шматдзетнай.

Шматдзетныя сем’і маюць права на розныя віды дзяржаўнай падтрымкі, ім даюцца дадатковыя сацыяльныя гарантыі і льготы ў сферы жыллёва-крэдытнай палітыкі, працоўнага, падатковага, пенсійнага заканадаўства, пры атрыманні дзецьмі адукацыі, па аплаце жыллёва-камунальных паслуг і іншыя.

Але асобныя віды дзяржаўных гарантый даюцца такім сем’ям і пасля дасягнення дзецьмі 18 гадоў:

  • захоўваецца права на стандартны падатковы вылік для абодвух працуючых бацькоў на дзяцей, старэйшых за 18 гадоў, на ўвесь перыяд іх навучання;
  • для атрымання шматдзетнымі сем'ямі льготных крэдытаў або аднаразовых субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў у складзе сям'і ўлічваюцца дзеці ва ўзросце да 23 гадоў;
  • права на атрыманне пенсіі з прычыны страты карміцеля маюць дзеці да 18 гадоў, а калі вучацца – то да дасягнення 23 гадоў.

* * *

– Мы з мужам выхоўваем траіх дзяцей. Але я маці толькі дваім дзецям. Трэцяе дзіця – мужа ад папярэдняга шлюбу – пражывае ў нашай сям’і. Ці маем мы права на пасведчанне шматдзетнай сям’і і льготы, прадугледжаныя для такіх сем’яў?

– Згодна з арт. 59 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, сям’я, гэта аб’яднанне асоб, звязаных паміж сабой маральнай і матэрыяльнай агульнасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі, якія вынікаюць са шлюбу, блізкага сваяцтва, усынаўлення. Гэта значыць адной з падстаў узнікнення сям’і, апроч блізкага сваяцтва і ўсынаўлення, з’яўляецца рэгістрацыя шлюбу.

Таму з уступленнем у шлюб дзеці мужа і жонкі ад папярэдніх шлюбаў, якія пражываюць у сям’і, прызнаюцца членамі гэтай сям’і. І такая сям’я будзе разглядацца як шматдзетная сям’я і зможа карыстацца адпаведнымі правамі і льготамі.

Святлана Бусько, «Звязда», 16 мая 2019 г.