/ / Общественно-политические
28.03.2019

Праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі хутка паступіць у Парламент

Хутка ў Палату прадстаўнікоў паступіць праект новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Яна прадугледжвае ў тым ліку і нюансы атрымання дадатковай адукацыі. Менавіта яны абмяркоўваліся падчас выязнога пасяджэння на тэму «Аб некаторых асаблівасцях і праблемах арганізацыі дадатковай адукацыі дарослых», у якім, акрамя дэпутатаў профільнай камісіі, удзельнічалі прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў і адукацыі.

Дэпутаты наведаліся ў Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства фінансаў і на свае вочы пабачылі, як арганізаваны працэс. «Гэты праект кодэкса – самы важны ў адукацыйнай сферы. Таму мы вывучаем досвед цэнтра, які я лічу ўзорнай установай, каб на яго прыкладзе цалкам зразумець асаблівасці, праблемы і задачы ўсёй сістэмы. Гэта дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі праекта кодэкса», – падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Гонар цэнтра – унікальны выкладчыцкі склад: чытаць лекцыі сюды запрашаюць распрацоўшчыкаў нарматыўна-прававой базы. Тут ёсць сучасныя тэхналогіі для вэбінараў, анлайн-канферэнцый, утульныя аўдыторыі і інтэрнат. Дарэчы, дызайн памяшканняў вельмі ўразіў удзельнікаў пасяджэння, асабліва жанчын, – вучыцца ў такіх умовах хацелася б кожнаму. Дэпутаты таксама горача падтрымалі ідэю правядзення конкурсу на самага лепшага бухгалтара бюджэтнай арганізацыі.

Яны адзначылі, што сістэма дадатковай адукацыі дарослых – важны фактар сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы занятыя амаль 400 устаноў адукацыі – ці не зашмат для невялікай дзяржавы? Дэпутаты згадзіліся, што патрэбны мадэрнізацыя, узбуйненне, каб на рынку адукацыйных паслуг засталіся самыя моцныя і запатрабаваныя.

Сярод навацый у праекце кодэкса – норма аб магчымасці дыстанцыйнага навучання і адмена абмежавання па мінімальнай напаўняльнасці груп павышэння кваліфікацыі: слухачоў павінна быць не больш за трыццаць.

Народныя абраннікі згадзіліся, што навучанне на працягу ўсяго жыцця – залог поспеху асобнага грамадзяніна, а праз яго – і сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.

Варвара Марозава, «Звязда», 28 сакавіка 2019 г.