/ / Общественно-политические
28.06.2019

Механізм дарожнага збору абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў

Верагодна, большасць кіроўцаў нашай краіны цікавіць – як жа вырашыцца пытанне з дарожным зборам? Яго ўключаць у кошт паліва? Ці яго будуць збіраць па месяцах? А можа, ёсць нейкія іншыя варыянты? Некаторыя падрабязнасці работы над гэтай няпростай тэмай раскрыў Міністр фінансаў Максім Ермаловіч на нядаўнім пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

Сапраўды, на сустрэчы абмяркоўвалі бюджэт, аднак у канцы мерапрыемства прадстаўнік дэпутацкага корпуса ўзняла пытанне дарожнага збору. Яна прапанавала знізіць стаўку дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, каб павялічыць яе збіральнасць. Максім Ермаловіч у адказ справядліва заўважыў:

«Кошт дарожна-транспартнай інфраструктуры мае сваю цану, – нагадаў ён. – Плаціць прыйдзецца, толькі па якім механізме? Паменшыць стаўку – значыць, знізіць выдаткі на дарожную гаспадарку. Гэта пытанне дыскусійнае».

Акрамя таго, Максім Ермаловіч пракаментаваў два варыянты механізма, якія зараз разглядаюцца: з магчымасцю аплаты дарожнага збору па месяцах або ўключэнне яго ў кошт паліва:

«Мы асцярожна разглядаем абодва варыянты. Яны з пункту гледжання даходаў ідэнтычныя. З пункту гледжання адміністравання збіраць падатак праз паліва значна лягчэй».

Сітуацыя такая, што ў кожнага з падыходаў ёсць і перавагі, і недахопы. Узяць хоць бы збіранне збору праз павелічэнне кошту паліва – калі прымуць такое рашэнне, то яно ўскосна адаб'ецца на цане тавараў і паслуг, паколькі на запраўцы немагчыма падзяліць, хто запраўляецца – дачнік-пенсіянер, бізнесмен, кіроўца камерцыйнага аўтатранспарту.

Дарэчы, Міністр фінансаў таксама расказаў пра альтэрнатыўныя варыянты, якія разглядаліся раней, – прывязаць дарожны збор да страхоўкі, а яшчэ, напрыклад, адсочваць аплату праз сістэму відэаманіторынгу дарожнага патоку.

Уладзіслаў Лукашэвіч, «Звзяда», 28 чэрвеня 2019 г.