/ / Общественно-политические
24.06.2019

Мінпрацы – аб перспектывах павышэння пенсій і навацыях у сістэме пенсійнага забеспячэння

Якія перспектывы далейшага павышэння пенсій і магчымыя навацыі ў сістэме пенсійнага забеспячэння? Ці бярэцца для разліку пенсіі дапамога па беспрацоўі? Калі будзе заключана пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ў ЕАЭС?

На сайтах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і БелТА 19 чэрвеня прайшла анлайн-канферэнцыя па пытаннях пенсійнага забеспячэння. У ёй прынялі ўдзел намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы Наталля Мурашкевіч і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Ларыса Яшкова.

– Беларусы, якія не маюць права на працоўную пенсію праз недахоп стажу працы з выплатай узносаў, могуць атрымліваць толькі сацыяльную пенсію. Гэта каля 110 рублёў. Колькі чалавек у нашай краіне атрымліваюць сацыяльную пенсію? І ці плануе Мінпрацы распачаць якія-небудзь дзеянні, каб скараціць іх колькасць?

Валерый Кавалькоў:

– Такіх пенсіянераў 3,5 тысячы чалавек. У цэлым памер пенсій залежыць ад працягласці працоўнага стажу і ўзроўню заробку, з якога выплачаны страхавыя ўзносы. Гэта значыць, аб»ём удзелу грамадзяніна на легальным рынку працы вызначае яго будучае пенсійнае забеспячэнне. Міністэрства прымае шэраг мер па стымуляванні легальнай працоўнай дзейнасці. Гэта, у прыватнасці, садзейнічанне ў працаўладкаванні, вядзенне агульнарэспубліканскага банка вакансій, інфармаванне пра важнасць выплаты страхавых узносаў і г.д.

– Калі будзе скарочаны страхавы стаж для маці чацвярых дзяцей? Таксама раней паведамлялася, што ў Беларусі могуць перагледзець выплату дапамог сем'ям, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід, то-бок працягнуць выплату дапамогі на іншых дзяцей, старэйшых за тры гады, пасля дасягнення дзіцем-інвалідам 18 гадоў. Калі маюць намер прыняць гэтыя змены?

Валерый Кавалькоў:

– Такія меры абмяркоўваюцца, але рашэнне па іх пакуль не прынята.

– Ці бярэцца для разліку пенсіі дапамога па беспрацоўі?

Наталля Мурашкевіч:

– Перыяд атрымання дапамогі па беспрацоўі ўключаецца ў агульны стаж для прызначэння пенсіі, але працягласцю не больш за шэсць месяцаў. У разліку заробку гэты перыяд улічваецца ў памеры 40 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў за адпаведныя месяцы.

– Палата прадстаўнікоў рыхтуе да ратыфікацыі беларуска-эстонскі дагавор аб сацыяльным забеспячэнні. А з якімі дзяржавамі ў Беларусі ўжо дзейнічаюць адпаведныя дагаворы?

Наталля Мурашкевіч:

– Сёння ў краіне дзейнічаюць дагаворы, заснаваныя на прапарцыйным прынцыпе (калі дзяржава плаціць пенсію за стаж, набыты на яе тэрыторыі), з Расіяй, Латвіяй, Літвой і Азербайджанам. На такім жа прынцыпе ў 2018–2019 гадах Беларусь падпісала дагаворы аб сацыяльным (пенсійным) забеспячэнні з Чэхіяй, Эстоніяй і Польшчай. Гэтыя дагаворы набудуць сілу пасля завяршэння ў дзяржавах працэдур іх ратыфікацыі. Акрамя таго, у цяперашні час з экспертамі гэтых краін вядзецца работа над праектамі адміністрацыйных пагадненняў аб прымяненні гэтых дагавораў.

– Зараз пенсійныя сістэмы ў дзяржавах ЕАЭС працуюць па-рознаму. Але не так даўно ЕЭК рабіла заяву, што пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ў Еўразійскім эканамічным саюзе (якім прадугледжана галоўнае – пры разліку пенсій будзе залічвацца стаж працы на тэрыторыі ўсіх дзяржаў ЕАЭС) плануецца заключыць ужо ў 2019 годзе. Наколькі гэта рэальная перспектыва?

Наталля Мурашкевіч:

– У цяперашні час у Беларусі праводзяцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для падпісання Пагаднення аб пенсійным забеспячэнні работнікаў дзяржаў – членаў ЕАЭС. Тэрміны падпісання Пагаднення будуць залежаць ад завяршэння гэтых працэдур ва ўсіх дзяржавах – членах ЕАЭС. Паводле Пагаднення, пенсія будзе прызначацца кожнай дзяржавай за свой стаж пасля ўступлення яго ў сілу.

– Ці прапрацоўваюцца ў Мінпрацы прапановы аб новым павышэнні пенсійнага ўзросту ў Беларусі? Калі так, то якія варыянты разглядаюцца?

Валерый Кавалькоў:

– Павышэнне пенсійнага ўзросту пачата зусім нядаўна, з 2017 года. Таму давайце пакуль дачакаемся вынікаў.

Ці плануецца адмяніць узносы ў ФСАН для пенсіянераў, якія працуюць?

– У Беларусі трэба адмяніць узносы ў ФСАН для пенсіянераў, якія працуюць, з такой прапановай выступілі летась работнікі «Беларуськалію» на сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай. Яна абяцала даць адказ пасля таго, як гэтае пытанне разгледзяць і прапрацуюць са спецыялістамі Мінпрацы. Ці разглядалі ў Мінпрацы гэтае пытанне? І ці можна разлічваць (і калі), што ў Беларусі адменяць узносы ў ФСАН для пенсіянераў, якія працуюць?

Наталля Мурашкевіч:

– Гэтае пытанне хацелася б разгледзець крыху ў іншай плоскасці. Менавіта выплата асобай, якая дасягнула агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, у перыяд работы ўзносу ў памеры аднаго працэнта індывідуальнага заробку дазваляе, адмовіўшыся ад атрымання пенсіі, істотна павялічыць яе памер у далейшым – за пяць гадоў такой работы ў 1,7 раза. Пры гэтым адзначу, што сярэдні перыяд атрымання пенсіі ў мужчын набліжаецца да 17 гадоў, у жанчын – перавышае 26.

– З гэтага года паводле Указа № 500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні» фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць непрадпрымальніцкую дзейнасць, могуць уносіць узносы ў ФСАН на добраахвотнай аснове. Ці шмат такіх плацельшчыкаў сёння?

Валерый Кавалькоў:

– Па стане на 19 чэрвеня на ўліку ў якасці плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў у органах Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва маецца 140 фізічных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць, што не адносіцца да прадпрымальніцкай. Найбольшая колькасць прыпадае на тых, хто аказвае паслугі рэпетытарства, цырульніцкія і касметычныя паслугі, а таксама паслугі па манікюры і педыкюры; ажыццяўляе тынкальныя, малярныя работы, работу па ўладкаванні пакрыццяў падлог і абліцоўцы сцен, абклейванні сцен шпалерамі, мураванні (рамонце) печаў і камінаў.

– Ці будзе дасягнуты сёлета паказчык суадносін памеру сярэдняй пенсіі да сярэдняй зарплаты ў 40 працэнтаў, які яго ўзровень цяпер? Ці магчыма сёлета, як і летась, павышэнне пенсіі?

Валерый Кавалькоў:

– Адной з асноўных задач, якія стаяць перад нашым Міністэрствам, з’яўляецца давядзенне суадносін сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы да ўзроўню 40 працэнтаў. У студзені-красавіку 2019 года гэтыя суадносіны склалі 38,3 працэнта. З мая гэтага года праведзены пераразлік працоўных пенсій. У выніку сярэдні памер пенсіі па ўзросце павялічыўся на 6,3 працэнта. Што датычыцца пераразліку пенсій, параметры і тэрміны яго правядзення будуць залежаць ад сцэнарыя развіцця эканомікі.

– У канцы 2018 года кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што за шэсць гадоў дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва вырас у дзевяць разоў. Недахоп сродкаў у фондзе стабільна складае прыблізна 10 %. У 2018 годзе недахоп сродкаў у ФСАН таксама быў на ўзроўні 10 %? З чым звязаны дэфіцыт сродкаў? І як можна вырашыць праблему?

Валерый Кавалькоў:

– Па выніках работы за 2018 год бюджэт фонду выкананы з прафіцытам у суме 315 мільёнаў рублёў. Сродкі рэспубліканскага бюджэту для збалансавання бюджэту фонду, гэта значыць на фінансаванне працоўных пенсій і дапамог, не прыцягваліся. Былі прыцягнутыя субвенцыі рэспубліканскага бюджэту ў аб’ёме 779,6 мільёна рублёў для фінансавання фондам нестрахавых выплат, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам павінны фінансавацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У бягучым годзе таксама чакаецца бездэфіцытнае выкананне бюджэту фонду. Па выніках працы за студзень – май прафіцыт бюджэту фонду склаў 78,3 мільёна рублёў. Пры гэтым таксама прадугледжаны субвенцыі рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне нестрахавых выплат у аб'ёме 846 мільёнаў рублёў.

Святлана Бусько, «Звязда», 22 чэрвеня 2019 г.