/ / Общественно-политические
05.06.2019

Рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі

У апошнія 25 гадоў экалагічная палітыка Беларусі накіравана на комплекснае рашэнне задач, што датычацца зніжэння антрапагеннай нагрузкі на экасістэмы, павышэння выкарыстання аднаўляльных рэсурсаў. З 2016 да 2020 года ў краіне рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі.

Экология, лампа

Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына КУЗНЯЦОВА, адно з такіх мерапрыемстваў – рэалізацыя інстытута «зялёных» закупак з мэтай прасоўвання ідэі спажывання і вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў.

У апошнія гады Беларусь разам з сусветнай супольнасцю прытрымліваецца вектара ўстойлівага развіцця, закліканага ўзгадніць намаганні па эканамічным росце, які павінен не шкодзіць якасці навакольнага асяроддзя і забяспечваць пры гэтым сацыяльную справядлівасць. Сёлета тэма ўстойлівага развіцця гарадоў стане цэнтральнай падчас юбілейнага XV Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які пройдзе 7 і 8 чэрвеня ў Навагрудку.

Па словах Кацярыны Кузняцовай, вялікая работа ў краіне вядзецца для развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. На 1 студзеня 2019 года сумарная электрычная магутнасць установак АКЭ склала 402,8 МВт – гэта 55 фотаэлектрычных, ці сонечных, станцый, 51 гідраэлектрастанцыя, 98 ветраўстановак. Дарэчы, найбуйнейшы ветрапарк у краіне пабудаваны менавіта ў Навагрудку. Там дзейнічае шэсць аб’яднаных ветраэнергетычных установак магутнасцю 9 МВт.

Электраэнергія паціху «захоплівае» і пасажырскі транспарт. Так, у пачатку 2019 года доля электрыфікаванага грамадскага транспарту ў Мінску склала 39,2 % ад агульнай колькасці пасажырскага наземнага транспарту, які эксплуатуе КУП «Мінсктранс». Развіваецца і сістэма зарадных станцый – яны будуюцца ў месцах стаянкі аўтамабіляў, на буйных аўтамагістралях і аб»ектах прыдарожнага сэрвісу. У мінулым годзе ПА «Беларуснафта» ўвяла ў эксплуатацыю 65 такіх станцый.

Каб вывучыць перспектывы развіцця электратранспарту ў Беларусі, Мінпрыроды і ПРААН плануюць рэалізаваць адпаведны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Першыя вынікі гэтай работы яны разлічваюць атрымаць праз год-паўтара.

У апошнія гады ў Беларусі ўсё больш гарадоў далучаецца да такой міжнароднай ініцыятывы, як «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі». Галоўная яго мэта – устойлівае энергетычнае развіццё на мясцовым узроўні, прыняцце мер па змякчэнні наступстваў змены клімату. Сёння падпісантамі ініцыятывы з'яўляецца больш за 40 беларускіх гарадоў.

Як расказала начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змену клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля АЛЕЙНІКАВА, далучаючыся да гэтай ініцыятывы, гарады і раёны бяруць на сябе абавязацельствы скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў на 30 %. Мясцовыя ўлады імкнуцца рабіць усё магчымае, каб стварыць зручнае асяроддзе пражывання для насельніцтва:

– Іншыя гарады, што пакуль не далучыліся да «Пагаднення мэраў», павінны ведаць: неабходна выкарыстоўваць усе крыніцы для ўкаранення такіх інавацый, каб рухацца да разумнага «зялёнага» горада і ствараць для сваіх людзей камфортныя ўмовы пражывання.

Вераніка Коласава, «Звязда», 5 чэрвеня 2019 г.