/ / Общественно-политические
03.06.2019

Як дабіцца вяртання грошай за няякасны тавар?

Ясным сонечным дзяньком я прагульвалася па праспекце і цешылася вясенняй цеплынёй. Настрой быў натхняльны, і я нават не заўважыла, як апынулася ў краме. «Як на вас зробленыя!» – падхвальвала прадавачка прыгожыя туфлі на абцасах. Неўзабаве я стала іх шчаслівай уладальніцай.

Обувь

Радасці ад абноўкі было – быццам на сто коней села! Чароўныя абцасікі нязменна ўздымалі настрой. Вось і той раніцай доўга я падбірала сукенку – стварала вобраз, завяршыць які павінны былі жаданыя туфлі. Але як абуваць – ой: мой туфель, як кажуць, есці просіць: падэшва адклеена. Як гэта здарылася? Ці можна чакаць такое ад абноўкі? Не ганячы – не купіш, не хвалячы – не прадасі...

– Туфлі расклеіліся з-за механічных пашкоджанняў, па вашай віне, – заявіў гаспадар крамы аднаго з гандлёвых цэнтраў г. Мінска, калі я прынесла назад сваю абноўку.

– Расклеіцца на другі дзень? – дзівілася я.

На маё патрабаванне вярнуць грошы за няякасны тавар гаспадар крамы адказаў адмоўна: туфлі былі ў выкарыстанні, а расклеіліся з-за пашкоджанняў. Я напісала заяву.

Развітацца з чароўнымі абцасікамі было складана, але як выратаваць сітуацыю? Трэба вярнуць грошы. Прызнацца, абутак я купляю часта. І выпадкі, калі няякасны даводзілася здаваць назад, бывалі, але грошы аддавалі адразу. А тут...

Ад званка гаспадара крамы з прапановай зрабіць экспертызу абутку вочы на лоб палезлі. Ён хоча высветліць, па якой прычыне адклеілася падэшва, і настойвае на тым, што я сама вінавата ў адклейцы. Але як такое магчыма, калі з жаданых абцасікаў я пылінкі здзьмухвала... Пра вяртанне грошай за няякасны абутак гаспадар крамы і слухаць не хацеў: толькі эскпертыза, прычым... за мае грошы. Выбачайце! Мала таго, што за туфлі я аддала 50 рублёў, дык яшчэ аплачваць экспертызу, якая каштуе, як высветлілася, больш чым 100 рублёў! Дзе шукаць паратунку?

Калі наступны раз я прыйшла ў гэту краму, гаспадар грымнуў мае чароўныя абцасікі аб зямлю і тым самым дабіў іх канчаткова. «Выклікайце міліцыю!» – схамянуліся спуджаныя пакупнікі-відавочцы гандлёвага цэнтра. Такога зыходу справы не чакаў ніхто...

У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» пазначана, што спажывец мае права патрабаваць вяртання заплачаных за недабраякасны тавар грошай. І патрабаванне вяртання грошай павінна быць задаволена прадаўцом неадкладна. Калі гэта немагчыма зрабіць адразу, то прадавец павінен вярнуць грошы на працягу 7 каляндарных дзён, а пры неабходнасці правядзення экспертызы – на працягу 14 каляндарных дзён. За парушэнне гэтых тэрмінаў прадавец выплачвае спажыўцу няўстойку ў памеры 1 % ад цаны тавару за кожны дзень пратэрміноўкі. Экспертыза праводзіцца пры ўзнікненні паміж прадаўцом і спажыўцом спрэчкі аб наяўнасці недахопаў і прычынах іх узнікнення. Экспертыза праводзіцца за кошт прадаўца, але, калі ў выніку яе будзе ўстаноўлена, што недахопы тавару адсутнічаюць ці ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу з прычыны парушэння ім правілаў карыстання, захоўвання, транспарціроўкі, спажывец абавязаны кампенсаваць прадаўцу расходы на правядзенне экспертызы.

Але ў маім выпадку прадавец адмаўляўся рабіць экспертызу за свой кошт, хаця па законе павінен.

У ГА «Беларускае аб'яднанне абароны спажыўцоў» мне патлумачылі, што экспертыза каштуе 118 рублёў, вынік пасля яе даецца не пазней чым праз 10 дзён. Калі экспертыза ўстановіць, што адклейка – вытворчы дэфект, прадавец павінен вярнуць грошы за недабраякасны тавар.

Дык ці магчыма «склеіць» адносіны паміж прадаўцом і пакупніком?

Паважаны гаспадар крамы, чакаю вяртання грошай за няякасны абутак.

Наталля СВЯТЛОВА, «Звязда», 1 чэрвеня 2019 г.