/ / Общественно-политические
18.07.2019

Як судовыя эксперты вылічаюць забойцаў і браканьераў

Цікавая навіна прыйшла з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Даследаванні прадуктаў стрэлу выдзелены цяпер у асобную экспертызу. Датычыцца гэта расследавання любога злачынства, дзе так ці інакш была ўжыта агнястрэльная зброя – забойстваў, выпадкаў браканьерства, узброеных рабаўніцтваў... І нават больш за тое. Даследаванне дазваляе цяпер не толькі знаходзіць прадукты стрэлу, як гэта і было раней, але і вырашаць так званыя сітуацыйныя задачы. Цяпер эксперты могуць даць адказы на пытанні: ці кантактаваў падазраваны са зброяй, нават калі ён не страляў? Ці знаходзіўся ён у зоне стрэлу? І хто менавіта націскаў на курок?

Экспертиза

Пра ўсё гэта «Звяздзе» расказаў начальнік аддзела экспертыз матэрыялаў, рэчываў і вырабаў упраўлення фізіка-хімічных і выбухова-тэхнічных экспертыз цэнтральнага апарату ДКСЭ, падпалкоўнік юстыцыі Раман АРСЁНАЎ.

– Раней гэтае даследаванне абмяжоўвалася старымі метадамі з выкарыстаннем хімічных рэактываў. Яно было больш скіравана на высвятленне наяўнасці слядоў патронаў, куль, карцечы, шроту на аб’екце, які абстрэльвалі. Таксама мы шукалі сляды ад праходжання кулі ў ствалах зброі, каб адказаць на пытанне, ці рабіўся ж стрэл. Гэты метад вядомы даўно і выкарыстоўваўся ён не маючы лепшага. Яго адчувальнасць дастаткова высокая, але нават яна не заўжды дазваляла эфектыўна вызначыць вельмі важную акалічнасць: ці ёсць прадукты стрэлу на саміх людзях, якія падазраваліся ў злачынствах?

Час ішоў, і ў нашым распараджэнні з’явілася вельмі складанае аналітычнае абсталяванне. Гэта сканавальны электронны мікраскоп з рэнтгенаспектральным мікрааналізам. Толькі ў такой камплектацыі і можна адшукаць сляды ад стрэлу на тым, хто націскаў на курок. Таксама экспертыза была выдзелена ў асобную галіну. Раней яе рабілі ў комплексе даследавання металаў і сплаваў. Але і кола задач стала прыкметна большае.

– Гэта значыць, што...

– Падчас стрэлу з любой зброі ўтвараюцца мікрачасцінкі, якія распаўсюджваюцца ў паветраным асяроддзі. Частка з іх трапляе непасрэдна на стралка. На ім застаюцца сляды, якія маюць не проста пэўны хімічны склад, але і своеасаблівы знешні «выгляд». Задача эксперта тут – на пробах, якія бяруцца ў падазраваных асоб, гэтыя мікрачасцінкі знайсці, высветліць іх вонкавыя прыкметы, састаў, класіфікаваць па міжнародных стандартах і рэкамендацыях ад Еўрапейскай сеткі крыміналістычных лабараторый і на падставе сабранай інфармацыі зрабіць пэўныя высновы.

– А дзе яшчэ выкарыстоўваецца такі метад?

– У Расіі эксперты ўзялі яго на ўзбраенне яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя. Праўда, разам з тым ён і больш складаны. Вынікаў, якія дае прыбор, вельмі шмат. І кожны з іх трэба супастаўляць з метадычным матэрыялам.

Для гэтага патрабуецца і адпаведная падрыхтоўка спецыялістаў. Спачатку мы навучаліся ў Расіі, шчыльна кантактуем з іх спецыялістамі і цяпер. Абсталяванне – самае сучаснае. Электронны мікраскоп зроблены ў Чэхіі. Дэтэктар часцінак – у Германіі.

Нам даводзіцца часам рабіць кантрольныя адстрэлы, каб зразумець, як распаўсюджваліся мікрачасцінкі з той ці іншай зброі. Самі яны вельмі драбнюткія. Гаворка ідзе пра часцінкі памерам у сотыя і нават тысячныя долі міліметра, якія чалавечае вока не ўбачыць, а лінза электроннага мікраскопа іх «засячэ» вельмі лёгка.

Такая экспертыза займае даволі шмат часу. Аналіз адной пробы, нават з выкарыстаннем найноўшага праграмнага забеспячэння, якое дазваляе ў аўтаматычным рэжыме гэта рабіць, патрабуе каля трох гадзін. Плюс дадайце часу на аналіз вынікаў і запаўненне дакументацыі. Праўда, абсталяванне дазваляе апрацоўваць да 19 проб. З падазраванага бяруцца як мінімум пяць проб. Таму абследаванне аднаго чалавека цалкам доўжыцца каля 30 гадзін. Але, напрыклад, па справах аб браканьерстве часта праходзіць група асоб. Трэба высветліць, хто менавіта страляў, ці былі астатнія «напарнікі» ў зоне стрэлу. Множце час...

– І колькі даследаванняў было ўжо зроблена новым метадам?

– Іх колькасць нарастае па экспаненце. У 2016 годзе іх было ўсяго шэсць. А за чатыры з паловай месяцы 2019-га – ужо 40. Абсталяванне працуе ў кругласутачным рэжыме. І нават цяпер, калі мы з вамі размаўляем, у камеры мікраскопа ўстаноўлены пробы. Зараз у вытворчасці ў нас два дзясяткі экспертыз.

– А ці можаце згадаць першую экспертызу, якая была праведзена па новым метадзе?

– Гэта была справа, звязаная з забойствам на бытавой глебе. Сядзелі два чалавекі, пілі спіртное, пасля ў аднаго з іх у руках апынулася агнястрэльная зброя... Яе і знайшлі ў падазраванага. Усё казала пра тое, што стрэл адбыўся нядаўна, ну а мы змаглі даць катэгарычную выснову, хто менавіта націснуў на спуск. Да таго ж быў станоўчы вынік па генетычнай экспертызе.

А вось нядаўна мы сутыкнуліся з не зусім стандартным выпадкам. На ўзлеску быў знойдзены матацыкл, а каля яго труп чалавека ў лужыне крыві і за спінай ружжо. Пры аглядзе цела знайшлі агнястрэльнае раненне ў вобласці паясніцы. Слядоў кагосьці іншага, каб кваліфікаваць гэты выпадак як забойства, не было зусім. Таму першапачатковай версіяй здарэння быў названы суіцыд. Але, скажам так, мы з самазабойствамі сутыкаемся не так і рэдка, і месца ранення не зусім тыповае. Задача, аднак! Пачалі аналізаваць месцы, дзе засталіся сляды парахавых газаў, іх структуру. І падчас мадэлявання сітуацыі высветлілася, што стрэл быў... самаадвольны. Падчас язды быў выпадкова закрануты спускавы кручок. Куля трапіла ў артэрыю, і шанцаў у небаракі ўжо не заставалася...

Развіццё камп’ютарных тэхналогій і электроннай мікраскапіі дазволіла стварыць аналітычныя комплексы, якія могуць праводзіць аўтаматычны аналіз прадуктаў стрэлу на вялікіх паверхнях даследуемых аб'ектаў. Адзін з такіх комплексаў паспяхова выкарыстоўваецца і ў нас.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 18 ліпеня 2019 г.
(фота 
– ДКСЭ)