/ / Общественно-политические
23.01.2019

Які няякасны тавар можна сустрэць у магазінах? Супрацоўнікі Дзяржстандарта расказалі аб парушэннях у сферы гандлю

З народнай мудрасцю «век жыві, век вучыся» не паспрачаешся. Вось вы, напрыклад, ведаеце, якія святлодыёдныя лямпачкі не адпавядаюць тэхнічным рэгламентам па бяспецы? А чым небяспечныя ледзянцы «Карамелькі» расійскай вытворчасці? І нават не ў курсе, што не так у дзіцячым адзенні турэцкага вытворцы? Усе гэтыя тавары можна знайсці ў нашых крамах і на рынках, папярэджваюць супрацоўнікі Магілёўскай інспекцыі Дзяржстандарта. І гатовы навучыць спажыўцоў быць больш разборлівымі пры іх выбары. Нашы суразмоўцы – намеснік начальніка інспекцыі Наталля Жукава і начальнік аддзела дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў Алег Буракоў.

Права потребителя

«Шпаргалка» для пакупніка

Каб азнаёміцца з поўным спісам небяспечнай прадукцыі, дастаткова зайсці на сайт Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Там размешчаны рэестр з пералікам тавараў, забароненых да ўвозу і (або) абарачэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта абагульнены спіс усяго таго няякаснага, што выяўляюць інспекцыі ў маштабах краіны. Такая «шпаргалка» для пакупніка з'явілася ў інтэрнэце тры гады таму. Але супрацоўнікі з кожным разам знаходзяць нешта новае і нестандартнае.

– Для нас галоўнае – прадухіленне парушэнняў патрабаванняў заканадаўства Мытнага саюза, нацыянальнага заканадаўства, тэхнічных прававых нарматыўных актаў і стандартаў, а таксама патрабаванняў заканадаўства ў галіне стандартызацыі і метралагічнага нагляду або, калі казаць простымі словамі, абарона ўнутранага рынку ад небяспечнай прадукцыі, – гаворыць Наталля Жукава. – Летась наша інспекцыя правярала на прадмет адпаведнасці нормам прадукцыю харчовай і лёгкай прамысловасці, тавары для дзяцей і імпартную электратэхніку. Было выяўлена шмат чаго небяспечнага.

Сырок з падманам

У гандлёвай сетцы Магілёва знайшлася няякасная малочная прадукцыя расійскай вытворчасці, дзе адзначаліся парушэнні па цэлым шэрагу мікрабіялагічных паказчыкаў. Такіх, як наяўнасць недапушчальнай колькасці бактэрый кішэчнай палачкі, перавышэнне дражджэй і цвілі (у некаторых выпадках аж у 51 раз), заніжанае ўтрыманне малочнага тлушчу.

– Асабліва грашылі гэтым салодкія сыркі маскоўскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасцю «Планета сыркоў» і ТАА «Сыркофф», – удакладняе Наталля Жукава.

У чорны спіс трапіла і расійская «Згушчонка з цукрам». Масавая доля малочнага тлушчу ў ёй склала 8,6 %, у той час як у маркіроўцы было заяўлена 50. Верагодна, што малочны тлушч замянілі нейкім раслінным.

А вось зусім свежыя прыклады. Магілёўскія спецыялісты звярнулі ўвагу на недабраякасныя ледзянцовыя цукеркі пад назвай «Карамелька» са смакам ліманаду, дзюшэсу, барбарысу і яблыка расійскага вытворцы ТАА «Паўднёвая зорка». Перавышэнне максімальнага ўзроўню сінтэтычных фарбавальнікаў у іх складала дзесьці паўтара раза. Пры гэтым інфармацыі, што прадукт утрымлівае фарбавальнікі, на маркіроўцы не знайшлося. Як і звестак пра тое, што гэтыя фарбавальнікі аказваюць уплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей.

Не задаволілі спецыялістаў і ўкраінскія напаўняльнікі вытворчасці ТАА «Шафран Эліт». Там таксама былі пагражальныя для дзіцячай увагі і актыўнасці фарбавальнікі.

Спажывец, будзь пільны

– Нягледзячы на рэгулярныя наглядныя мерапрыемствы, парушэнняў менш не становіцца, – сведчыць Наталля Жукава. – І гэта пры тым, што прымаюцца меры па забароне продажу няякаснага тавару. Інфармацыя пра вынікі нашай работы размяшчаецца на нашым сайце moіg.by. Праводзім паўторныя мерапрыемствы, каб упэўніцца, што няякасны тавар зняты з продажу і падобных парушэнняў няма. За невыкананне нашых прадпісанняў прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць. Звесткі аб выяўленні небяспечнай прадукцыі перадаюцца ў Дзяржстандарт, дзе прымаюцца рашэнні аб забароне ўвозу яе на тэрыторыю Беларусі. Інфармацыя аб прадукцыі, якая не адпавядае нормам, накіроўваецца і ў іншыя наглядныя органы краіны.

– Мы таксама адсочваем, куды паступае забаронены для продажу тавар. Рэалізатары павінны яго альбо знішчыць, альбо вярнуць пастаўшчыкам, – дадае Алег Буракоў. – Пры праверках і маніторынгах мы пастаянна нагадваем гандлёвым суб’ектам пра рэестр, які павінен выконвацца. Але забароненыя тавары ўсё роўна трапляюць у гандлёвую сетку. І такая сістэма па ўсіх пазіцыях, якія мы правяралі. Рэестр – добрая памятка для насельніцтва таго, што не трэба купляць. Ім карыстаюцца і іншыя наглядныя органы, якія ажыццяўляюць нагляд спажывецкага рынку. Усе парушэнні пацверджаны выпрабаваннямі ў акрэдытаваных лабараторыях. Прадукцыя, якая не адпавядае патрабаванням, лічыцца небяспечнай для спажывання.

Нестандартная распашонка

Асабліва трэба быць пільнымі пры выбары тавараў для немаўлят. Спецыялісты прыводзяць прыклады, калі нядобрасумленныя гандляры не грэбуюць тым, каб зарабіць грошы нават на здароўі самых маленькіх.

– Найбольш распаўсюджаныя парушэнні – гэта адкрытая пятачная частка ў абутку для дзяцей ясельнага ўзросту, перавышэнне дапушчальнай вышыні абцаса, неадпаведнасць паказчыкам па гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці ў прадметах адзення або абутку, – пералічвае Наталля Жукава. – Тыя ж вусцілкі ў дзіцячым абутку павінны быць зроблены з матэрыялаў па максімуме натуральных, сінтэтыкі там павінна быць не болей чым на 20 %. А нашы праверкі паказваюць, што выкарыстоўваецца 100-працэнтная сінтэтыка. Шмат парушэнняў па маркіроўцы, адсутнічае поўная інфармацыя для спажыўца. Не рэдкасць, калі нам не могуць прад'явіць дакументы аб ацэнцы адпаведнасці.

– Пры праверцы дзіцячага адзення мы выяўлялі распашонкі для нованароджаных са швамі ўнутр, – дадае Алег Буракоў. – Гэта вельмі грубае парушэнне. Швы павінны быць звонку, каб не намульвалі дзіцяці. Невыкананнем гэтых патрабаванняў грашылі Расія і Кітай. Прыходзілася таксама выяўляць кітайскія бразготкі для дзяцей, якія былі размаляваны зверху. Дзіця цягне ўсё ў рот, і такія цацкі вельмі небяспечныя.

Суразмоўцы звяртаюць увагу на тое, што ўся прадукцыя, якая аказалася няякаснай, як правіла, недарагая. Гэта адна з красамоўных прыкмет, якая павінна насцярожыць спажыўца.

Ліхтарыкі з сюрпрызам

Памятаеце рэзанансны выпадак, калі ў аднаго беларуса загарэліся ў кішэні бесправадныя навушнікі? Гэта яўна быў «левы» тавар, які адбракоўвае Дзяржнагляд. Як паказвае практыка, праверку на якасць не праходзяць некаторыя маркі мабільных тэлефонаў, фенаў, гірляндаў, школьных заплечнікаў, нават мэблі. У Магілёве спецыялісты знаходзілі ў рэалізацыі забароненыя для продажу падаўжальнікі, святлодыёдныя свяцільнікі, акумулятарныя ліхтарыкі.

У спіс няякасных трапілі свяцільнікі расійскіх гандлёвых марак «Эра» і «Надзея», кітайскіх Dіamond і TDM Electrіc, а таксама ІTALMAC і Shefort. Не прайшла лабараторныя выпрабаванні расійская электрычная плітка «Эльбрус», электрашчыпцы турэцкай вытворчасці для завіўкі валасоў «Sіnbo» і кітайскай – «Energy», кітайскія паяльнікі «Wester» і расійскія запальніцы «ЭЗ-2», іншая электратэхнічная прадукцыя. Павялічылася ў продажы колькасць забароненай шклоабмывальнай вадкасці для аўто.

– Асабліва трэба быць пільнымі там, дзе справа датычыцца складанай электратэхнічнай прадукцыі, – дае параду Алег Буракоў. – Такі тавар лепей набываць у спецыялізаваных крамах. Там ва ўсялякім выпадку наладжаны кантроль. Прадукцыя ўвозіцца на тэрыторыю Беларусі ў вялікай колькасці і пастаўшчык зацікаўлены ў супрацоўніцтве з надзейнымі партнёрамі.

– А з заяўкамі ад насельніцтва вы працуеце? – цікаўлюся напаследак.

– Мы разглядаем усю інфармацыю, якая паступае ад магіляўчан, – кажа Алег Буракоў. – Але сігналаў наконт няякаснай і небяспечнай прадукцыі вельмі мала. Хацелася б, каб спажыўцы былі больш актыўнымі. Заклікаем быць уважлівымі і паведамляць пра той тавар, які выклікае сумненне.

На заметку

Усе ведаюць, што вельмі распаўсюджаны спосаб падмануць пакупніка – гэта «падрэгуляваць» вагі. Але што павінна насцярожыць? Супрацоўнікі магілёўскай інспекцыі Дзяржстандарта распрацавалі карысную памятку. У ёй гаворыцца, што вагі павінны правярацца адзін раз у год і знак паверкі (галаграфічнае кляймо) трэба шукаць на пярэдняй панэлі вагаў. Павінна насцярожыць, калі пад ножкі вагаў падкладзены кардон або іншыя прадметы. Трэба, каб вагі стаялі на паверхні роўна без розных там прылад. Парушэннем лічыцца таксама, калі продаж вядзецца на вагах, не абароненых ад уздзеяння ветру, дажджу або снегу. Гэтыя і іншыя парады можна знайсці на сайце інспекцыі. Тут жа шмат карыснай інфармацыі пра забароненыя тавары. Усё гэта абавязкова дапаможа вам пазбегнуць непрыемных здзелак і захаваць сабе не толькі нервы, але і настрой.

Нэлі ЗІГУЛЯ, «Звязда», 23 студзеня 2019 г.