/ / Общественно-политические
27.12.2019

Калі ў сельскай мясцовасці вырашацца праблемы з пітной вадой?

Да 2025 года ў сельскай мясцовасці плануецца пабудаваць 1400 станцый абезжалезвання вады. У іх маюць патрэбу невялікія населеныя пункты, дзе жыве ад 200 да 500 чалавек. Гэта дазволіць забяспечыць усё насельніцтва краіны якаснай пітной вадой.

Вода

Будаваць па 250 станцый у год

Яшчэ летась аблвыканкамы сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ацанілі сістэмы водазабеспячэння па ўсёй краіне.

Вызначана 1400 населеных пунктаў, дзе будуць будавацца станцыі абезжалезвання. Яшчэ 300 плануецца забяспечыць водазаборнымі свідравінамі, а 180 перападключыць да населеных пунктаў з якаснай пітной вадой, адзначае кансультант аддзела вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Салівончык.

У 2019 годзе вялося будаўніцтва 250 станцый абезжалезвання. На гэта выдаткаваны сродкі рэспубліканскага і абласных бюджэтаў.

– Асноўны крытэрый для выбару населеных пунктаў, дзе будуць будавацца станцыі абезжалезвання, – перавышэнне ўтрымання жалеза ў вадзе, а таксама колькасць жыхароў, – праінфармавала спецыяліст. На сёння больш за 92 % насельніцтва забяспечана якаснай вадой. Да 2025 года гэта лічба складзе 100 %.

Паводле яе слоў, больш за палову з 250 запланаваных сёлета да будаўніцтва станцый ужо ўведзена ў строй. Прыблізна для сотні аб'ектаў завяршаецца падрыхтоўка дакументацыі.

– Амаль усе запланаваныя станцыі будуць уведзены ў строй. Тыя, што не паспеем, увядзём у пачатку 2020 года. Да 2025 года штогод у кожнай вобласці будзе будавацца не менш за 40 станцый абезжалезвання. Таксама вядзецца работа па перападключэнні населеных пунктаў і падвозе вады туды, дзе будаўніцтва станцый абезжалезвання з'яўляецца неэфектыўным, паведаміла Ірына Салівончык.

Айчынная распрацоўка

Прычым вырабіць неабходную для краіны колькасць станцый, якія не будуць саступаць імпартным аналагам, можна ў Беларусі. Напрыклад, Нацыянальная акадэмія навук распрацавала прадукт, які будзе вырабляцца на базе аршанскага «Завода ПАК». Праект рэалізуецца ў межах праграмы развіцця Аршанскага раёна да 2023 года.

– Распрацавана канструктарская дакументацыя, створаны вопытны ўзор, які працуе на працягу дзевяці месяцаў. Холдынг «БелАЗ» на базе «Завода ПАК» ажыццяўляе падрыхтоўку вытворчасці і ў хуткім часе выпусціць першую партыю. У далейшым гэтыя станцыі па ачыстцы пітной падземнай вады з'явяцца ў населеных пунктах. Наша станцыя не даражэйшая за імпартную, і гэта дазваляе ёй перамагаць у конкурсах на пастаўку, – расказвае намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і вытворчасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Казлоў.

Больш падрабязна пра гэта расказаў кіраўнік праекта «Водаачыстка і водаадвядзенне», начальнік вопытнай вытворчасці НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Аляксей Шалкоўскі.

– Наша станцыя прызначана для невялікіх населеных пунктаў, дзе жыве да дзвюх тысяч чалавек. Акрамя жалеза, у вадзе могуць прысутнічаць і іншыя прымесі. Напрыклад, на 5 % аб'ектаў утрымліваецца марганец. Ведаючы набор прымесяў, мы стварылі ўніверсальную станцыю для выкарыстання на аб'ектах з прапускной здольнасцю да 240 м3 пітной вады ў суткі. З метадаў ачысткі вады ад жалеза, якія існуюць у нашай краіне, мы выкарыстоўваем акісленне кіслародам паветра – аэрацыю. Вопытны ўзор станцыі працуе ў Заслаўі, у Цэнтральным раёне. І водгукі станоўчыя жалеза ў пробах вады не выяўляецца, яна адпавядае нормам СанПіН. Мы паставілі яшчэ тры падобныя станцыі: у Ляхавічах такая запушчана і функцыянуе, у Ганцавічах і Аршанскім раёне рыхтуюцца да запуску. Мы працуем сумесна з «Заводам ПАК», навучаем яго спецыялістаў зборцы і далейшай эксплуатацыі.

Аляксей Шалкоўскі адзначыў, што Нацыянальная акадэмія навук распрацоўвае абсталяванне і рэагенты для ачысткі сцёкавых вод.

– Пітную ваду, што здабываецца з зямлі, мы ачышчаем без праблем. А вось ачысціць тое, што сыходзіць у зямлю – сцёкі, – вялікая праблема. Асабліва з рэагентнай базай, якая выкарыстоўваецца для ачысткі вады. Штогод на абсталяванне і імпартныя рэагенты даводзіцца выдаткоўваць каля 300 мільёнаў долараў. У свеце пастаянна змяняюцца тэхналогіі, бо мяняецца і састаў прымесяў у сцёках. У Акадэміі навук існуе свая школа з вопытам такой работы, і мы гатовы працаваць у гэтым кірунку.

Небяспечныя калодзежы

Што датычыцца якасці вады, якую атрымліваюць беларусы, то яна даволі высокая. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вада лічыцца бяспечнай, калі колькасць нестандартных проб не перавышае 5 %.

– Ужо на працягу многіх гадоў у Беларусі доля нестандартных проб па хіміка-біялагічных паказчыках не перавышае 1 %, што сведчыць аб высокай эпідэміялагічнай надзейнасці вады, якую атрымлівае насельніцтва, кажа загадчык аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Спургяш.

Асноўнымі крыніцамі водазабеспячэння ў Беларусі, акрамя Мінска, з'яўляюцца падземныя воды. У сталіцы некаторыя раёны (у прыватнасці, Маскоўскі і Фрунзенскі) ужываюць ваду з паверхневых крыніц. Перавесці ўсё раёны Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння плануецца да 2025 года. Праектная дакументацыя ўжо распрацаваная, цяпер ажыццяўляецца выбар генпадрадчыка.

Асноўная праблема нашай вады павышанае ўтрыманне жалеза. Яно не аказвае таксічнага дзеяння на арганізм, аднак спрыяе павелічэнню мутнасці, афарбаванасці і з'яўленню спецыфічнага паху, што абмяжоўвае выкарыстанне гэтай вады ў санітарна-бытавых мэтах. Па выніках лабараторнага кантролю, калі браць статыстыку за апошнія 15 гадоў, колькасць нестандартных проб па санітарна-гігіенічных паказчыках (а яны ў асноўным звязаны з высокім утрыманнем жалеза) зменшылася з 22,5 % да 15 %, расказвае Аляксандр Спургяш.

У малых населеных пунктах выкарыстоўваюцца нецэнтралізаваныя крыніцы водазабеспячэння – гэта шахтавыя і трубчастыя калодзежы. Паводле слоў спецыяліста, яны з'яўляюцца недастаткова бяспечнымі, бо ў іх трапляе вада з найбліжэйшага да паверхні зямлі ваданоснага слою, які не абаронены воданепранікальнымі пародамі. У асноўным нестандартныя пробы па санітарна-гігіенічных паказчыках у такіх калодзежах звязаны з павышаным утрыманнем нітратаў.

– У апошнія гады колькасць нецэнтралізаваных крыніц, якія не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням, знізілася з 15 % (у 2008 годзе) да 4 %. Наколькі бяспечная вада ў такіх калодзежах, уладальнікі могуць даведацца, здаўшы яе на даследаванне. Як гэта зрабіць, можна ўдакладніць у тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, – праінфармаваў Аляксандр Спургяш.

Як сэканоміць 15 тысяч еўра?

Дапамагаюць атрымаць доступ да якаснай пітной вады і некаторыя праекты, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, у тым ліку ў партнёрстве ПРААН з Міністэрствам прыроды. Дзякуючы аднаму з іх – «Зялёная эканоміка» – дзевяць тысяч сельскіх жыхароў Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, у тым ліку 735 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, атрымалі бесперабойны доступ да пітной вады. Помпавае абсталяванне водазабораў было заменена на больш энергаэфектыўнае, у тым ліку помпы, лічыльнікі вады і электрычнасці для дыстанцыйнага зняцця паказанняў. На 18 найбольш аддаленых сельскіх водазаборах было ўстаноўлена абсталяванне для дыстанцыйнага кіравання артэзіянскімі свідравінамі. Інфармацыя з водазабораў цяпер паступае на спецыяльна абсталяваны цэнтральны дыспетчарскі пункт у Мастах. Аўтаматызацыя дазволіла забяспечыць 31 сельскі населены пункт бесперабойным круглагадовым пітным водазабеспячэннем, а гэта 60 % сельскага насельніцтва Мастоўскага раёна.

Створаная ў раёне сістэма мае эканамічны і экалагічны эфект, паведаміла супрацоўнік па камунікацыях ПРААН Кацярына Якубенка. Яна дазваляе скарачаць энергазатраты на здабычу і дастаўку на 15 тысяч еўра штогод. Пры гэтым змяншэнне страт вады складае 5 % за кошт аператыўнага выяўлення аварый у трубаправодах.

Паводле звестак ААН, больш за два мільярды людзей на планеце жывуць без доступу да бяспечнай вады ў хатніх умовах. Пры гэтым 80 % людзей свету, якім даводзіцца выкарыстоўваць ваду з небяспечных ці неабароненых крыніц, жыве ў сельскай мясцовасці. Больш за 40 % насельніцтва планеты пакутуе ад нястачы вады, і гэтая лічба будзе расці. Доля прэснай вады на планеце, па розных падліках, складае ўсяго 2,5–3 % ад усёй вады. Да 2025 года амаль палова жыхароў планеты рызыкуе жыць ва ўмовах хранічнай ці перыядычнай нястачы прэснай вады.

Алена Кравец, «Звязда», 27 снежня 2019 г.