/ / Общественно-политические
13.12.2019

Які парадак аплаты работы ў начны час – кансультацыя спецыяліста

Ці абавязаны наймальнік выплаціць зарплату адначасова з выплатай сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску? (Мартынава Я. П., г. Мінск)

Деньги

– Заработная плата выплачваецца ў дні, вызначаныя ў калектыўным дагаворы, пагадненні або працоўным дагаворы (артыкул 73 Працоўнага кодэкса), гэта значыць, такія дні фіксаваныя. Перанос тэрмінаў выплаты заработнай платы адбываецца ў абавязковым парадку толькі ў выпадках іх супадзення з выхаднымі днямі або дзяржаўнымі святамі і святочнымі днямі, якія абвешчаныя нерабочымі.

Сярэдні заробак за час працоўнага водпуску выплачваецца не пазней чым за два дні да пачатку адпачынку (арт. 176 Працоўнага кодэкса), а для асоб, якія працуюць па кантракце, – не пазней чым за адзін дзень (п. 4 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 1999 г. № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны»). Адпаведна, дзень выплаты сярэдняга заробку вызначаецца часам прадастаўлення працоўнага водпуску.

Такім чынам, тэрміны выплаты зарплаты і сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску могуць не супадаць. Абавязак пераносіць тэрмін выплаты зарплаты, калі ён не супадае з днём выплаты сярэдняга заробку за час адпачынку, заканадаўствам не ўстаноўлены.

Раскажыце пра парадак аплаты работы ў начны час. (Віктар Паўленка, г. Брэст)

Згодна з артыкулам 70 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за кожную гадзіну работы ў начны час або ў начную змену пры зменным рэжыме працы ажыццяўляюцца даплаты ў памеры, які ўстанаўліваецца калектыўным дагаворам, пагадненнем, наймальнікам, але не ніжэй за 20 працэнтаў гадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) работніка.

Так, наймальнік абавязаны аплаціць у павышаным памеры начны час (з 22 гадзін да 6 гадзін) або ўсе гадзіны начной змены. Пры гэтым начной зменай лічыцца змена, у якой больш за 50 працэнтаў рабочага часу прыпадае на начны час.

Даплата за кожную гадзіну работы ў начную змену можа праводзіцца толькі пры выкананні наступных умоў:

  • работніку ўстаноўлены зменны рэжым працы;
  • працягласць рабочай змены не перавышае 12 гадзін;
  • больш за 50 працэнтаў рабочага часу ў змену прыпадае на начны час (з 22 гадзін да 6 гадзін).

Калі змена не з'яўляецца начной, то даплаты адбываюцца толькі за кожную гадзіну работы ў начны час (з 22 гадзін да 6 гадзін).

Святлана Бусько, «Звязда», 13 снежня 2019 г.