/ / Общественно-политические
06.12.2019

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату, якія меры спагнання ў гэтым выпадку прадугледжаны да наймальнікаў, якія рашэнні прымаюць прафсаюзы, каб работнікі своечасова атрымлівалі матэрыяльнае ўзнагароджанне за сваю працу? Пра гэта і іншае – гутарка з начальнікам галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрыем Шаўчуком.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў кастрычніку 2019 года

– Дзмітрый Аляксандравіч, прафсаюзы пастаянна вядуць маніторынг па пытаннях заработнай платы. Якія яго вынікі? У якіх рэгіёнах, галінах народнай гаспадаркі сітуацыя з выплатай зарплаты нездавальняючая, і дзе самыя нізкія заробкі?

– Пытанне своечасовасці выплаты заработнай платы – адно з найважнейшых для работнікаў і знаходзіцца на пастаянным прафсаюзным кантролі. У межах маніторынгу, які праводзіць Федэрацыя прафсаюзаў, рэгулярна фіксуюцца арганізацыі, што дапусцілі парушэнні заканадаўства аб выплаце заработнай платы. У прыватнасці, на 1 студзеня года пратэрмінаваная запазычанасць дапушчана ў 83 арганізацыях і склала 7,6 мільёна рублёў, на 1 сакавіка – у 179 арганізацыях – 13,9 мільёна рублёў, на 1 ліпеня – у 23 арганізацыях – 5,3 мільёна рублёў. На 1 лістапада сітуацыя не палепшылася – 55 суб’ектаў гаспадарання мелі запазычанасць па аплаце працы перад работнікамі ў памеры 8,4 мільёна рублёў.

За студзень–кастрычнік выяўлена больш за 700 выпадкаў парушэння суб’ектамі гаспадарання тэрмінаў разліку з работнікамі. Для параўнання: за аналагічны перыяд 2018-га было больш за 940 такіх выпадкаў.

Большасць даўжнікоў фіксуецца ў Віцебскай (на 1 лістапада – 42), найменш – у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

– Што датычыцца памераў заработнай платы, якая сітуацыя тут?

– Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў арганізацыях краіны ў студзені–кастрычніку склала 1073,7 рубля. Тэмп росту ў кастрычніку 2019-га да аналагічнага перыяду 2018-га – 111,8 працэнта, да снежня 2018-га – 100,7 працэнта, да верасня 2019 – 101,3 працэнта. У разрэзе раёнаў, па звестках статыстыкі, найменшы памер зарплаты адзначаны ў Мсціслаўскім, Чавускім раёнах на Магілёўшчыне, Ушацкім і Сенненскім на Віцебшчыне і ў Кармянскім раёне на Гомельшчыне. У гэтых раёнах намінальная налічаная заработная плата ніжэйшая, чым у абласцях і краіне ў цэлым.

Такая сітуацыя часткова абумоўлена тым, што большасць рэгіёнаў з нізкім узроўнем заработнай платы – пераважна аграрныя. А як вядома, памер сярэдняй заработнай платы ў сельскай гаспадарцы ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі – 825,9 рубля.

– Дзмітрый Аляксандравіч, прафсаюзы не маюць права прымяняць штрафныя санкцыі да наймальніка, караць яго. І ўсё ж: што робіцца, каб ён своечасова і цалкам разлічваўся з работнікамі?

– Інфармацыю аб парушэннях тэрмінаў выплаты заробкаў прафсаюзныя арганізацыі накіроўваюць у вышэйшыя органы, тэрытарыяльныя падраздзяленні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. А ў асобных выпадках – і ў пракуратуру для прыняцця адпаведных мер. Гэтыя пытанні разглядаюцца на пасяджэннях калегіі міністэрстваў і ведамстваў, галіновых, тэрытарыяльных саветах па працоўных і сацыяльных пытаннях. Даўжнікі знаходзяцца на пастаянным кантролі ў прафсаюзаў. Штомесяц прадстаўнікі прафсаюзаў наведваюць прадпрыемствы, якія сістэматычна парушаюць тэрміны выплаты заработнай платы. Упаўнаважаныя членскіх арганізацый ФПБ, Мінскага гарадскога і абласнога аб’яднанняў прафсаюзаў пры выяўленні парушэнняў калектыўнага дагавора, што датычацца абавязацельстваў па выплаце зарплаты, выдаюць наймальніку рэкамендацыі па ліквідацыі запазычанасцяў. Акрамя таго, кожны работнік мае права звярнуцца ў прафсаюзныя арганізацыі любога ўзроўню па юрыдычную кансультацыю і дапамогу ў складанні іскавай заявы ў суд.

– Колькі ў краіне прадпрыемстваў – «хранічных даўжнікоў»? І што прапаноўваюць прафсаюзы, каб абараніць правы іх работнікаў?

– На жаль, праблемы арганізацый – «хранічных даўжнікоў» у многіх выпадках вырашаюцца шляхам працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва). У сувязі з гэтым вельмі актуальнае пытанне аб павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароны работнікаў. Колькасць даўжнікоў з нявыплачанай зарплатай, па звестках Міністэрства эканомікі, павялічылася з 319 арганізацый у 2016 годзе да 821 у 2018-м, а памер нявыплачанай зарплаты – з 1215 тысяч да 8686 тысяч рублёў адпаведна.

Федэрацыя прафсаюзаў на працягу 2017–2019 гадоў выступае з ініцыятывай, накіраванай на паляпшэнне сацыяльнага становішча грамадзян і павышэнне гарантый абароны правоў работнікаў у выпадку неплацежаздольнасці наймальніка. Інакш кажучы – за ўвядзенне дадатковых гарантый работнікам, якія, не чакаючы працяглых працэдур банкруцтва, змогуць атрымаць гарантаваную выплату ўзамен страчанага (недаатрыманага) імі заробку. А таксама захаваць страхавы стаж, неабходны для пенсійнага забеспячэння, шляхам аплаты за іх абавязковых страхавых узносаў, стымуляваць у актыўным пошуку новых прапаноў па самастойным працаўладкаванні.

Сёлета Федэрацыя прафсаюзаў сумесна з зацікаўленымі бакамі падтрымала распрацаваную Мінэканомікі і Мінфінам канцэпцыю абавязковага страхавання ад нявыплаты зарплаты пры банкруцтве арганізацый. Станоўчыя сацыяльныя наступствы ад увядзення прапанаванага механізма нейтралізуюць меркаваную нязначную фіскальную нагрузку на суб’екты гаспадарання. Думаем, што ў гэтым пытанні могуць быць выпрацаваны ўзаемапрымальныя рашэнні, якія дазволяць улічыць інтарэсы ўсіх удзельнікаў працэсу.

– Якія меры адказнасці прадугледжаны для наймальнікаў за нясвоечасовую выплату зарплаты?

– Заканадаўствам прадугледжана дысцыплінарная адказнасць кіраўніка і адміністрацыйная адказнасць службовай асобы і арганізацыі-наймальніка. На службовую асобу могуць накласці штраф ад чатырох да дваццаці базавых велічынь, на юрыдычную – да ста.

Прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці мае права Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, яго структурныя падраздзяленні. Кіраўнік арганізацыі можа быць звольнены за парушэнне без уважлівых прычын парадку і тэрмінаў выплаты зарплаты.

Таццяна Лазоўская, «Звязда», 6 снежня 2019 г. 
(інфаграфіка – «Звязда»)