/ / Общественно-политические
29.08.2019

У чым розніца паміж працоўнай пенсіяй і пенсіяй па ўзросце?

У чым розніца паміж працоўнай пенсіяй і пенсіяй па ўзросце? Я прачытала, што ў жніўні яны павысіліся, але не разумею, хто з беларусаў можа атрымліваць першую і хто – другую. (Н.І.Старасценка, г. Мінск)

Трудовой кодекс и трудовая книжка

На пытанне адказвае начальнік упраўлення рэгулявання пенсійных адносін галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алена Гомарава:

– У нас у краіне ў адпаведнасці з заканадаўствам прадугледжаны два віды пенсій: працоўныя і сацыяльныя. Калі тлумачыць спрошчана, працоўныя – гэта пенсіі за стаж працы з выплатай узносаў. Сацыяльныя пенсіі прызначаюцца пры недастатковасці або адсутнасці такога стажу.

У сваю чаргу, працоўныя пенсіі маюць некалькі падвідаў. Так, у іх лік уваходзяць пенсія па ўзросце, пенсія па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля, за выслугу гадоў і за асаблівыя заслугі перад рэспублікай. Значыць, пенсія па ўзросце адносіцца да працоўных пенсій.

Калі кажуць, што павышаюцца працоўныя пенсіі і пенсіі па ўзросце, то маецца на ўвазе, што павысяцца ўсе падвіды пенсій, якія ўваходзяць у паняцце «працоўныя пенсіі». Паняцце «працоўныя пенсіі па ўзросце» пры гэтым можа дадаткова выдзяляцца спецыялістамі, бо гэты від пенсій мае самую вялікую колькасць атрымальнікаў – 82 працэнты ад агульнай колькасці ўсіх пенсіянераў.

Святлана Бусько, «Звязда», 29 жніўня 2019 г.