/ / Общественно-политические
16.08.2019

Якія праблемы ўзнікаюць падчас прымянення на практыцы Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці»

Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве правяла ў Гомелі пашыранае выязное пасяджэнне, прысвечанае праблемам, якія ўзнікаюць падчас прымянення на практыцы Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці».

Пасяджэнне прайшло на базе Гомельскай абласной натарыяльнай палаты Беларускай натарыяльнай палаты. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел члены Савета Рэспублікі, кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі, Беларускай натарыяльнай палаты, кіраўнік і натарыусы Гомельскай натарыяльнай акругі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады.

«Зносіны з практыкамі на месцах дапамагаюць парламентарыям паглыбіцца ў іх праблемы і якасна сфармуляваць Закон аб натарыяце», – заявіў журналістам намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар Чайчыц.

Законапраект аб унясенні змяненняў у Закон «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні ў чэрвені. «Аднак яшчэ ёсць магчымасць адшліфаваць нейкія фармулёўкі, ліквідаваць магчымыя недакладнасці. Для гэтага неабходна мець зносіны з натарыусамі. Наша мэта – пачуць людзей на месцах, даведацца з першых вуснаў, з якімі пытаннямі яны сутыкаюцца на практыцы. Гэта дапаможа дакладна і якасна сфармуляваць Закон, каб ён спрыяў развіццю і далейшаму ўдасканаленню дзейнасці натарыята», – растлумачыў Віктар Чайчыц.

Ён падкрэсліў, што самае галоўнае патрабаванне да законаў – каб яны былі зразумелыя людзям і выкладзены простай і даступнай мовай. «А гэта немагчыма, калі не ведаць праблемныя аспекты, якія ёсць на месцах», – адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі.

На думку старшыні Беларускай натарыяльнай палаты Наталлі Барысенкі, у дзейнасці натарыята няма глабальных праблем, практыка напрацаваная, аднак некаторыя карэкціроўкі ў існуючы Закон неабходныя. «Натарыят штодня развіваецца, павышаючы кваліфікацыю і ўдасканальваючы базу для прыёму грамадзян. Людзі прыходзяць у тэхнічна і функцыянальна абсталяваныя памяшканні. Тым самым мы гарантуем выкананне прынцыпаў натарыяльнай дзейнасці, у тым ліку захавання натарыяльнай таямніцы, незалежнасці і бесстароннасці», – удакладніла яна.

Пры гэтым важна ўлічваць новыя павевы і патрэбы грамадзян, а такім чынам, і неабходнасць пашырэння функцый натарыусаў. Карэкціроўка Закона звязана і з некаторымі зменамі падыходаў да прававога рэгулявання, выкліканымі аўтаматызаваннем працэсаў і магчымасцяў адзінай электроннай сістэмы ўліку натарыяльных дзеянняў. Па словах Наталлі Барысенкі, сёння натарыят краіны валодае сучаснымі электроннымі сэрвісамі і рэсурсамі, якія дазваляюць выконваць новыя задачы і функцыі.

«Вельмі важна, каб Закон быў вывераны ў плане усіх нарматворчых патрабаванняў, адназначна прыняты ўсімі практыкамі і спрыяў рашэнню асноўнай задачы – забеспячэнню абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб і дзяржавы», – сказала яна.

На пасяджэнні разгледжаны шырокі спектр пытанняў, уключаючы дапаўненне Закона паняццямі «натарыят», «натарыяльны акт» і «натарыяльны дакумент», пашырэнне кампетэнцыі натарыусаў. Адным з найважнейшых аспектаў стала таксама вывучэнне магчымасцяў электроннага натарыята ў эпоху развіцця лічбавых інфармацыйных тэхналогій. Важнасць шэрагу прапанаваных карэкціровак падкрэсліў таксама намеснік Міністра юстыцыі Беларусі Мікалай Старавойтаў. Віктар Чайчыц запэўніў, што ўсе прапановы будуць пачутыя і перададзеныя па прызначэнні. У комплексе гэта дазволіць прыняць даступны і зразумелы для грамадзян Закон, які не ўтрымлівае розначытанняў.

«Звязда», 16 жніўня 2019 г.