/ / Общественно-политические
19.04.2019

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Калі вы праспалі ранейшае браніраванне ў пачатку вясны, тады «пуцёўкі, якія гараць» – ваша ўсё. Толькі памятайце, што неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка, якая пазбавіць вас ад неабходнасці дэклараваць наяўныя пры перасячэнні мяжы і выключыць рызыку кішэнных крадзяжоў. Акрамя таго, апошнім часам стала модна мець пры сабе як мага менш наяўных. А многія нават робяць для паездак асобную картку.

Платежные карты

Якую? Вось у чым пытанне

У прынцыпе, працаваць будзе любая пластыкавая міжнародная банкаўская карта, з дапамогай якой можна расплачвацца ў інтэрнэце і ў рэале. Яна вам патрэбна для браніравання білетаў і гатэляў, а таксама для аплаты ў крамах і зняцця наяўных. Такім чынам, вам падыдзе картка Vіsа і MаstеrСаrd любога банка, акрамя пластыку тыпу БЕЛКАРТ, якія служаць для выкарыстання толькі ў нашай краіне.

Але, калі вы падарожнічаеце не раз у дзесяць гадоў, то мае сэнс зрабіць імянную карту з чыпам, каб ужо напэўна працавала ўсюды. Вам за вочы хопіць Vіsа Сlаssіс / MаstеrСаrd Stаndаrt, вышэй ужо не трэба. Як варыянт, падыдуць і Vіsа Еlесtrоn / Mаеstrо, але часам па іх аплата не праходзіць у інтэрнэце.

Акрамя тарыфаў, ёсць яшчэ такі момант, як зручнасць карыстання, якая залежыць ад тэхпадтрымкі банка і функцыянальнасці інтэрнэт-банка, бо нейкія пытанні прыйдзецца вырашаць на адлегласці.

У якой валюце адкрываць рахунак для карты?

Самы лагічны адказ – у той валюце, у якой у вас прыбытак. Вы ж атрымліваеце грошы ў рублях, то і рахунак павінен быць рублёвы. Так, калі едзеце, напрыклад, у Еўропу, то пры зняцці наяўных у банкамаце ці аплаце пакупак у краме аўтаматычна будзе адбывацца канвертацыя ў еўра. Таму ці варта з-за кароткіх падарожжаў заводзіць рахунак адразу ў еўра, вырашаць вам. Тут трэба разумець, што курсы валют пастаянна мяняюцца, таму ў ідэале трэба класці на валютныя карткі долары ці еўра, набытыя па добрым курсе. У ідэале мець некалькі картаў у розных валютах (рублі, долары, еўра) і карыстацца імі ў залежнасці ад сітуацыі. Трэба разумець, што калі сапраўды хочацца выгады, то прыйдзецца разабрацца з курсамі і тарыфамі.

Што выбраць – MаstеrСаrd або Vіsа?

На жаль, адназначна сказаць нельга, што лепш. Вам прыйдзецца даведвацца ў свайго банка, праз якую валюту ён працуе з плацежнай сістэмай (гэта значыць праз долары ці еўра будзе ісці канвертацыя пры аплаце ў іншай валюце), якая камісія за трансгранічны плацеж і якая камісія за зняцце наяўных у банкамаце іншага банка. І тут трэба глядзець, ці адрозніваюцца тарыфы банка для розных плацежных сістэм. У цэлым усё зводзіцца да выбару банка, а не плацежнай сістэмы.

Схема ж – калі Еўропа, то Mаstеrсаrd, калі Амерыка, то Vіsа – некарэктная. Аднойчы хтосьці пусціў у сеціве гэты міф, і ўсе яго растыражавалі.

Таксама пры паездцы ў экзатычныя краіны мае сэнс даведацца, ці прымаецца там адпаведная плацежная сістэма. Чытаў, што на Кубе і ў Афрыцы ёсць праблемы з Vіsа. На цяперашні момант, некаторымі экспертамі было заўважана, што пры іншых роўных больш выгадна заказваць карты Mаstеrсаrd, бо па іх часта адсутнічае камісія за трансгран. У той час як па Vіsа яна часцей ёсць. Але гэта не ісціна, таму трэба глядзець канкрэтны банк і яго тарыфы.

ІБ у падарожжы

Магчыма, інтэрнэт-банк (ІБ) і не спатрэбіцца вам, калі вы не актыўны карыстальнік картак і рахункаў і рэдка нешта робіце з імі, але лепш каб ён быў. Можа ўзнікнуць неабходнасць перакінуць грошы з адной карты на іншую або паглядзець выпіску па апошніх аперацыях (аплата гатэляў, пакупкі ў крамах і кафэ). Таксама, як правіла, праз інтэрнэт-банк можна звязацца з тэхпадтрымкай, заблакаваць карту, аплаціць тэлефон або ўнесці квартплату ў сябе на Радзіме. Увогуле, у падарожжы ІБ – гэта вельмі карысная штука. А калі ехаць кудысьці надоўга, то я наогул не ўяўляю, як можна без інтэрнэт-банка абысціся.

Таксама ёсць яшчэ мабільны банк, праграма, якая на тэлефон усталёўваецца. У ім альбо такі паўнавартасны функцыянал, альбо зрэзаны. Таксама карысная рэч, але пажадана толькі свой смартфон не губляць. І, вядома ж, каб мабільны інтэрнэт прысутнічаў.

«Пластыку» шмат не бывае

Лепш, калі будзе некалькі картак і ад розных банкаў. Напрыклад, адна асноўная для пакупак у крамах, другая для аплаты ў інтэрнэце, трэцяя для зняцця наяўнасці. Тады можна падгадваць вельмі добрыя тарыфы па кожным з гэтых варыянтаў.

Напрыклад, раптам адну картку банк заблакуе (такое бывае) або яе згубіце, тады можна будзе хуценька зайсці ў інтэрнэт-банк і перакінуць сродкі на іншую. Ці па адной з картак аплата праходзіць не будзе. Менавіта таму ў мяне іх некалькі. Яшчэ часам бывае зручна рабіць дадатковыя да асноўнай карткі для сваякоў. Рахунак адзін, а ў кожнага па сваёй асабістай картцы.

Бяспека

Памятайце: не трымайце на картцы шмат грошай. Хай асноўныя сродкі знаходзяцца на ўкладах, сейф-рахунках, бездакументарных аблігацыях – на крайняк. Бо, выкарыстоўваючы свой «пластык», вы свеціце яго даныя і рызыкуеце. На жаль, ашуканцы не дрэмлюць, ставяць счытвальныя прылады на банкаматы (скімеры), крадуць даныя картак у інтэрнэце і іншае. Таму на асноўных картках нельга захоўваць значныя грошы. У інтэрнэт-банку вызначце ліміты на сутачныя і месячныя аперацыі.

Авіябілеты аплачвайце карткай, якая ў руках

Віртуальныя карткі фізічна не існуюць. Але яны ўжо ёсць. Патрэбныя яны для памяншэння рызыкі пры плацяжах праз інтэрнэт. Дапусцім, вы хочаце купіць нешта за 1000 рублёў. Выпускаеце віртуальную карту ў сябе ў інтэрнэт-банку з сумай у 1000 рублёў на рахунку і лімітам часу для выкарыстання. Потым аплачваеце куплю – і ўсё, картка сваё адпрацавала. Гэта значыць, калі раптам плацежныя даныя гэтай карткі патрапяць у рукі зламыснікаў, то яны ўжо нічога не змогуць зрабіць, бо яе ўжо няма.

Калі ж даныя патрапяць да таго, як вы патрацілі грошы, то яны не змогуць зняць больш, чым на ёй ёсць цяпер. З іншага боку, прасунутыя банкі даюць магчымасць вызначаць ліміты на аперацыі. Напрыклад, можна выставіць 0 рублёў і толькі перад купляй змяніць суму да патрэбнай мяжы. Такой схемай некаторыя карыстаюцца для пакупак праз інтэрнэт у Азіі, бо яна з'яўляецца адным з самых рызыкоўных рэгіёнаў.

Толькі лепш не купляць авіябілеты па віртуальнай картцы. Пры пасадцы на рэйс вас могуць папрасіць прад'явіць гэты «пластык», што вы зрабіць не зможаце, раз картка віртуальная. Уласна, гэта і звычайнага «пластыку», пакінутага дома, датычыцца. Так што лепш аплачваць авіябілеты той карткай, якая будзе з вамі ў падарожжы.

Сяргей Куркач, «Звязда», 19 красавіка 2019 г.