/ / Общественно-политические
04.04.2019

Ратавальнікі прапануюць дзецям і іх бацькам прайсці праз складаныя квэсты

Паспрабаваць патушыць агонь, зрабіць штучнае дыханне, прайсці праз задымлены пакой, выратаваць чалавека, які трапіў у палонку, пагутарыць з дыспетчарам службы 101... У Гомельскім цэнтры бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС дзецям разам з бацькамі прапануюць прайсці праз складаныя квэсты. Дарэчы, самі сітуацыі ратавальнікі не з галавы ўзялі.

Девочка

Відавочны прыклад: расчыняецца ліфт, і ў яго праёме – нейкі брудны чалавек. Амаль усе з тых, у каго пытаюць пра далейшыя дзеянні, адмаўляюцца ехаць з непрыемным персанажам.

– А калі ў тым жа ліфце адбудзецца сустрэча з незнаёмцам, які шчыра ўсміхаецца – паедзеце ці не? – распытвае школьнікаў начальнік цэнтра бяспекі Дзяніс КРУК.

Усе хорам кажуць, што ў гэтым выпадку яны спакойна паедуць разам з мужчынам. Між тым вядома, што маньякі і гвалтаўнікі часцей за ўсё не выклікаюць падазрэнняў і выглядаюць прыстойна. Дарэчы, спецыялісты цэнтра не проста тлумачаць розныя сітуацыі на прыкладах. Яны даюць магчымасць самому паспрабаваць, напрыклад, выратаваць чалавека з палонкі. І вось ужо пяцікласнік Арцём Бурлевіч з Глушкавічаў Лельчыцкага раёна паўзе па імправізаваным лёдзе і працягвае клюшку манекену, які гучна просіць ратунку і здольны «рукамі» ўхапіцца за прыладу для выратавання.

Простыя з першага погляду тэсты на камп’ютарах часта выдатна праходзяць дзеці, а дарослыя пачынаюць сумнявацца ў адказах. Пры гэтым супрацоўнікі МНС добра ведаюць, што малыя могуць губляцца ў сітуацыі, калі небяспека ўзнікае ў рэальным жыцці. Менавіта таму ў асобным пакоі ўстаноўлены тэлефоны, каб навучыцца выклікаць службу выратавання. Высвятляецца, што многія школьнікі нават у імітаваных абставінах не ведаюць, як адказваць на пытанні дыспетчара пра ўмоўнае здарэнне. Ім мякка падказваюць спецыялісты цэнтра і паступова падштурхоўваюць да самастойнай размовы. У некаторых атрымліваецца, а іншыя дзеці нават слова не могуць вымавіць. Тое ж адбываецца, калі школьнікам прапануюць прайсці праз цёмную задымленую «кватэру».

– Навучыць можна толькі на практыцы, – упэўнены Дзяніс Крук. – Мы тут пачынаем заняткі непасрэдна з калідора ўстановы. У нас ён – калідор небяспек. Бачыце – вакол выявы ўсіх прыродных небяспек, якія сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі. Вось багна, напрыклад, вось вадаёмы і рэкі, вось пяшчаныя кар’еры...

На кожны ўзрост – свая падача вучэбнага матэрыялу. Але ж здаецца, дзеці яго тут успрымаюць не як сумную навуку. Наадварот, з цікавасцю і задавальненнем бяруць у рукі сапраўдны вогнетушыцель, які «гасіць» умоўнае полымя на экране.

– Важна, каб дзеці зразумелі, што ў выпадку складанай сітуацыі дарагая кожная секунда, – падкрэслівае Дзяніс Уладзіміравіч. – Каб бралі ў рукі тэлефон не з мэтай, каб зняць відовішча і выкласці потым у сацыяльную сетку, а каб паведаміць хутчэй у адпаведныя службы. Трэба навучыць дзяцей саміх аказваць першую дапамогу.

Навучальны пакой ёсць і для маладых бацькоў, якія часта небяспеку пачынаюць успрымаць толькі тады, калі сутыкаюцца непасрэдна з яе сумнымі наступствамі. «Кватэру», дзе можна заўважыць небяспечныя моманты штодзённага жыцця, адкрылі зусім нядаўна. На гэтай пляцоўцы паказваюць, як пазбегнуць сітуацый, якія прыводзяць да траўмаў і трагедый.

Самае простае і відавочнае – кубачак з гарачым напоем, пакінуты на краі стала. Менавіта ён часцей за ўсё становіцца прычынай апёкаў, з якімі дзяцей прывозяць у стацыянар. Мэбля, электрапрыборы, лекі і батарэйкі – вось тое, што ў кватэры трэба схаваць далей ці замацаваць. У гэтым пакоі знаходзяцца яшчэ і сучасныя трэнажоры, вельмі падобныя... на сапраўдных немаўлят. На іх супрацоўнікі МНС навучаюць аказанню першай дапамогі ў выпадках, калі малое ўзяло ў рот нейкі іншародны прадмет.

Цэнтр бяспекі спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь у год наведваюць 12–13 тысяч чалавек. Ён знаходзіцца хоць і блізка, але за Гомелем. А вось іміджавыя пакоі з падобнай інфармацыяй – у самым цэнтры горада, у Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

Правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях вучаць спецыялісты МНС. Асновы бяспекі дома, на вуліцы, пры пажары, на рацэ даступна тлумачаць праз гульню, мультфільмы і ілюстрацыі. Гуляць і вучыцца тут можна штодзень пад наглядам выхавальнікаў. Кожны тыдзень асобныя заняткі з дзецьмі праводзяць прафесіяналы – супрацоўнікі Гомельскага гарадскога падраздзялення МНС. Яны сваімі рукамі аформілі сцены гульнявога пакоя ў стылі мультфільма «Кот Леапольд». Героі, намаляваныя на сценах, нагадваюць аб правілах бяспекі, звяртаюць увагу на нумары тэлефонаў экстранных службаў. Цацачная пажарная тэхніка, разнастайныя па форме і змесце тэматычныя гульні ўводзяць дзіця ў курс рэальных жыццёвых сітуацый. Усё разам дапамагае зрабіць працэс навучання займальным і запамінальным.

Да канца года падобныя іміджавыя пакоі для дзяцей з'явяцца ў кожным раённым цэнтры Гомельскай вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, «Звязда», 4 красавіка 2019 г.