/ / Общественно-политические
04.09.2018

Паднялі на дыбкі: па краiне iдзе хваля праверак супраць матацыклiстаў-экстрэмалаў

Закон аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях апублікавалі ў канцы ліпеня. Самымі абмяркоўваемымі сталі змены, якія закранулі матацыклістаў. Цяпер язда на заднім коле афіцыйна стала парушэннем, за якое нават можна пазбавіцца права кіравання. Папраўкі ўступілі ў сілу 29 жніўня. Карэспандэнт «Рэспублікі» падзяжурыла з інспектарамі ДАІ на ўпадабаных ліхачамі ўчастках дарог і праверыла, ці ўсе матацыклісты выконваюць новыя правілы.

Мотоцикл

На гадзінніку 18.00. Рабочы дзень для многіх скончыўся. Людзі масава едуць дадому. Многія – у загарадным кірунку. Надвор'е вабіць да адпачынку на прыродзе. Атрымаць асалоду ад відаў вырашылі і матацыклісты. Адзін за адным яны вёртка манеўруюць паміж легкавушкамі. Нясуцца па МКАД у трэцяй паласе, хаваюцца за грузавікамі. Выхапіць іх з патоку, не ствараючы пры гэтым перашкод для іншых удзельнікаў дарожнага руху, няпроста. Неўзабаве інспектар тармозіць першага матацыкліста. Ім аказаўся 32-гадовы мінчанін Міхаіл.

Пакуль старшы інспектар ДПС АДАІ Цэнтральнага РУУС Аляксей Хадасевіч правярае дакументы, Міхаіл разгаварыўся:

– Па маладосці таксама лётаў на заднім коле. А потым ажаніўся, сын нарадзіўся. Цяпер ужо не паліхачыць. Усё ж такі цябе дома чакаюць.

Дакументы ў Міхаіла ў поўным парадку. Хвіліны чакання наступнага матацыкліста бавім за абмеркаваннем змяненняў у ПДР.

– Раней матацыкліст мог побач з маёй машынай праехаць на заднім коле – і нічога. Ну, спыніш ты яго, ну, пагаворыш, маўляў, гэта небяспечна і стварае дыскамфорт для іншых удзельнікаў дарожнага руху. А яму дваццаць гадоў, і ў яго спартыўны байк. Ды няўжо ж ён цябе паслухаецца? – Аляксей Хадасевіч адмахнуўся рукою, як бы падкрэсліваючы ўсё глупства такога ліхацтва.

Манеўры на заднім коле для многіх хлопцаў скончыліся смерцю. За 6 месяцаў гэтага года на дарогах краіны па віне вадзіцеляў мотатранспарту адбылося 78 аварый, у якіх 9 чалавек загінулі, 80 атрымалі траўмы. Здавалася б, на чужых памылках вучацца. Але сябры загінулых працягваюць ганяць, быццам гэта камп`ютарная гульня i яны захаваліся на папярэднім узроўні.

...Некаторыя ўмудраюцца пагарцаваць на пярэднім коле ці едуць стоячы, не трымаючыся пры гэтым за руль. У ДАІ часта паступаюць скаргі ад жыхароў дамоў, размешчаных паблізу галоўных магістраляў Мінска. Людзі папросту не могуць ноччу заснуць з-за імклівых байкаў. Асабліва шмат такіх скаргаў паступае з вуліцы Кальварыйскай, якая ўжо даўно стала негалосным прыстанкам для аматараў мотатэхнікі. Адпраўляемся туды.

Першы спынены намі тут матацыкліст і зусім не чуў пра змены ў ПДР.

– За кіраванне матацыклам на адным коле штраф складзе ад 5 да 10 базавых велічынь. Таксама вадзіцеля матацыкла ці мапеда могуць пазбавіць правоў на 6 месяцаў, – папярэджвае яго інспектар. – Санкцыі будуць прымяняцца да тых, хто ездзіць, не трымаючыся за руль ці прыбраўшы ногі з педаляў і падножкі... У некаторых выпадках прадугледжана магчымасць пазбаўлення права кіравання на тэрмін да двух гадоў.

Чаму так? У Законе ёсць фраза, якая азначае, што такія дзеянні ствараюць аварыйную абстаноўку. Гэта значыць – вымушаюць іншых удзельнікаў руху мяняць хуткасць, кірунак руху ці прымаць іншыя меры, каб пазбегнуць сутыкнення.

– Тры гады ўжо на матацыкле, – з гонарам падлічыла першая спыненая намі моталедзі. – Вельмі зручна для перамяшчэння па горадзе. На заднім коле? Ды не, што вы! Гэта небяспечна. Ды і мой Suzuki для гэтага не прызначаны.

А вось матацыкліст, якога мы спынілі следам, прытрымліваўся іншага меркавання.

– Калі і выконваю трукі, то раблю гэта на вольнай ад транспарту шырокай дарозе. Правіл не парушаю, – сам сабе пярэчыць Вадзім. – Гэта ж класна, калі на невялікай хуткасці падымаеш пярэдняе кола і балансуеш. Небяспечна, калі падымаць матацыкл з газу…

Сёння ДАI аштрафавала многіх: за адсутнасць пасведчання вадзіцеля, за няспраўныя паваротнікі, за пратэрмінаваны тэхагляд... А за язду без рук – нікога. Напэўна, ліхачы вырашылі не свяціцца, хоць бы ў першыя дні, каб перачакаць хвалю рэйдаў ДАІ.

– Большасць аматараў мотатэхнікі імкнуцца сябраваць з правіламі, – рэзюмаваў Аляксей Хадасевіч. – Напэўна, справа ва ўзросце. Маладыя ганяюць часцей, а пасля трыццаці гэта праходзіць. Перш чым падняць матацыкл на задняе кола, людзі пачынаюць міжволі задумвацца пра тых, хто чакае іх дома.

Я адпраўляюся дадому, а інспектары застаюцца дзяжурыць на вуліцах начнога Мінска. Пазней даведаюся, што наступным вечарам супрацоўнікі АДАІ Цэнтральнага РУУС пераследавалі 20-гадовага парушальніка на матацыкле Yamaha. Падчас пагоні ён выскокваў на тратуар і на сустрэчную паласу, неаднаразова праязджаў на забараняльны сігнал святлафора. Па ўсім маршруце пераследу супрацоўнік ДАІ неаднаразова падаваў сігналы аб спыненні, а матацыкліст ехаў з перавышэннем хуткасці і ні на што не рэагаваў. Толькі на скрыжаванні вуліц Няміга і Гарадскі Вал ён не справіўся з кіраваннем і трапіў у ДТЗ. «Хуткая» павезла хлопца ў бальніцу. Колькі яшчэ такіх хлопцаў адвязуць у бальніцу – пакажа час і статыстыка ДАІ.

ДАРЭЧЫ

За 6 месяцаў гэтага года на дарогах краіны па віне вадзіцеляў мотатранспарту адбылося 78 аварый, у якіх 9 чалавек загінулі, 80 атрымалі траўмы.

Выхапіць матацыклістаў з патоку, не ствараючы пры гэтым перашкод для іншых удзельнікаў дарожнага руху, няпроста.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 4 верасня 2018 г.