/ / Общественно-политические
22.10.2018

Як засцерагчы дачу ад злодзеяў? Нескладаныя правілы, накіраваныя на абарону маёмасці ад злачынных замахаў

Мой сусед Уладзімір Міхайлавіч нядаўна прыехаў з дачы, дзе жыў усё лета і частку восені. Цяпер пахаладала, і ён, як многія, вярнуўся ў горад, пакінуўшы дачу «закансерваванай» да вясны. У размове са мной ён успомніў, што забыўся забраць з дачы бензапілу. Я заўважыў, што небяспечна пакідаць у неахоўным доме такія каштоўныя рэчы. На што Уладзімір Міхайлавіч даволі бестурботна адказаў, што побач жывуць суседзі, якія, калі што, дагледзяць і яго дом.

Дачный кооператив

Вядома, што дачныя ўчасткі заўсёды прыцягваюць увагу злачыннага элемента – і менавіта ў сілу сваёй безабароннасці.

Якраз з гэтай нагоды я гутарыў з намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага райвыканкама падпалкоўнікам міліцыі Наталляй Смятанкай:

– У нас на тэрыторыі раёна знаходзіцца 324 садовыя таварыствы. На вяснова-летні перыяд з горада на дачы прыязджае каля 60 тысяч чалавек. Папярэджанне проціпраўных дзеянняў, у прыватнасці замахаў на маёмасць грамадзян, – адна з нашых асноўных задач.

Ёсць Указ № 50 Прэзідэнта, які рэгулюе фінансава-гаспадарчую дзейнасць садовых таварыстваў (СТ). Ён прадугледжвае становішча, пры якім старшыні праўленняў СТ павінны прымаць меры па забеспячэнні захаванасці маёмасці членаў сваіх таварыстваў. Акрамя таго, мы, са свайго боку, прымаем меры па прафілактыцы правапарушэнняў у дачных пасёлках. Штогод СТ даследуюцца на прадмет іх тэхнічнай умацаванасці. Гэта праверка агародж па перыметры, надзейнасці ўязных варот, наяўнасці відэаназірання і іншага.

Участковыя інспектары разам са старшынямі праўленняў СТ абследуюць дачы, выяўляюць абставіны і ўмовы, якія ў далейшым спрыяюць правапарушэнням, і ўносяць адпаведныя прадстаўленні, дзе паказваецца, якія выяўлены недахопы і якім чынам яны павінны быць ліквідаваны. Старшыня праўлення абавязаны гэтыя недахопы разгледзець на агульным сходзе членаў СТ і прыняць меры, накіраваныя на ліквідацыю гэтых недахопаў.

– У мінулыя гады крадзяжы ў садовых таварыстваў складалі каля 15 % ад агульнай колькасці крадзяжоў, учыненых на тэрыторыі Мінскага раёна, – кажа Наталля Смятанка. – Агульнымі намаганнямі нам удалося гэты працэнт істотна знізіць. На базе райвыканкама праводзіліся сумесныя пасяджэнні, куды запрашаліся старшыні праўленняў СТ. На гэтых сходах таксама прысутнічалі прадстаўнікі Дэпартамента аховы МУС. Яны даводзілі інфармацыю пра свой спектр паслуг і раздавалі буклеты-памяткі, дзе паказана, якія існуюць магчымасці па прыняцці мер для аховы маёмасці.

Паводле звестак, за мінулыя 9 месяцаў на тэрыторыі раёна ў садовых таварыствах здзейснена 55 крадзяжоў. А, напрыклад, у 2015 годзе за той жа перыяд быў зарэгістраваны 91 крадзеж, у 2016 – 125, у 2017 годзе – 112 крадзяжоў. Такім чынам, дзякуючы сумесным намаганнямі ўдалося знізіць колькасць крадзяжоў больш чым на 50 %.

У чым складанасць раскрыцця «дачных» крадзяжоў? Людзі заканчваюць летні сезон, зачыняюць свае дамы на зіму і з'язджаюць. І да вясны, як правіла, не з'яўляюцца. А крадзяжы, якія здзяйсняюцца на іх участках у зімовы перыяд, выяўляюць толькі тады, калі гаспадары зноў прыязджаюць на дачы. Усплёск рэгістрацыі злачынстваў у садовых таварыствах – гэта, як правіла, сакавік-красавік. Хоць здзейснены яны былі восенню-зімой. Вядома, пасля таго, як мінуў час, раскрыць падобныя злачынствы нашмат складаней, чым «па гарачых слядах».

Ёсць больш буйныя садовыя таварыствы, дзе людзі застаюцца жыць на зіму і, такім чынам, існуе нейкі нагляд за пакінутымі дамамі. А ёсць невялікія пасёлкі, якія цалкам пусцеюць на зіму, і яны становяцца аб'ектам асаблівай цікавасці злачыннага элемента.

Прынята лічыць, што «дачныя» злачынцы – гэта большай часткай бамжы, якія крадуць толькі слоікі з закаткамі і іншую ежу. На самай справе, у першую чаргу выкрадаюцца каштоўныя рэчы. Напрыклад, «павышаным попытам», калі можна так сказаць, у зладзеяў карыстаюцца адзенне, посуд, розныя будаўнічыя інструменты (тут я ўспомніў свайго суседа, Уладзіміра Міхайлавіча), таксама, бытавая тэхніка: тэлевізары, халадзільнікі, іншыя прыборы. Яшчэ «цягнуць» з задавальненнем будматэрыялы. Напрыклад, з пакінутай будоўлі. Гаспадар усё лета ўзводзіў дом, не скончыў работы і з'ехаў у горад, пакінуўшы мяхі з цэментам, плітку, цэглу, той жа інструмент – усё гэта таксама служыць аб’ектам крадзяжу.

У пацвярджэнне сказанага Наталля Вячаславаўна прывяла прыклады з апошняй крымінальнай зводкі:

«Неўстаноўленая асоба шляхам падбору ключоў да замка ўваходных дзвярэй пранікла ў дачны дом, размешчаны ў СТ «Алгарытм» паблізу вёскі Анусіна Мінскага раёна, адкуль таемна выкрала: тэлевізар «Панасонік», бензапілу «Штыль», электрарубанак «Бош», электрадрыль «Бош» і набор аўтамабільных ключоў «Форс», чым прычыняла заяўніку матэрыяльны ўрон на агульную суму 970 рублёў».

«Неўстаноўленая асоба шляхам зрыву навяснога замка і замыкальнай прылады ўваходных дзвярэй пранікла ў дом, размешчаны ў СТ «Сонечнае» паблізу вёскі Хадакова Мінскага раёна, адкуль выкрала зімовую куртку і перфаратар «ДВТ», чым прычыніла матэрыяльны ўрон пацярпеламу на агульную суму 130 рублёў».

«Неўстаноўленая асоба шляхам узлому аконнай рамы пранікла ў садовы домік у СТ «Раманаўка» паблізу вёскі Анусіна Мінскага раёна, адкуль таемна выкрала маёмасць, а менавіта: бензапілу «STІHL», дзве тэлевізійныя прыстаўкі, дзве тэлевізійныя антэны, чым прычыніла матэрыяльны ўрон пацярпеламу на агульную суму 400 рублёў».

Гэты спіс, на жаль, можна працягваць. Але навошта, калі і так усё зразумела.

Што ж трэба рабіць грамадзянам, каб засцерагчы пакінутыя на зіму хаты ад крадзяжу?

– Існуюць нескладаныя, але абавязковыя правілы, накіраваныя на абарону сваёй маёмасці ад злачынных замахаў, – кажа Наталля Вячаславаўна.

Безумоўна, найбольш эфектыўнай абаронай маёмасці з'яўляецца абсталяванне лецішчаў ахоўнай і трывожнай сігналізацыяй з падключэннем да цэнтральнага пульта пазаведамаснай аховы. Але калі няма такой магчымасці, можна зрабіць шэраг іншых крокаў.

У першую чаргу рэкамендуецца не пакідаць на дачы каштоўных рэчаў. Лепш за ўсё везці іх з сабой у горад, ці аддаваць на захоўванне добра знаёмым суседзям, якія пастаянна пражываюць у вашым населеным пункце.

Таксама варта максімальна ўскладніць доступ у жыллё староннім. Трэба паставіць моцныя дзверы, абсталяваць іх складанымі замкамі, на вокны паставіць рашоткі.

Неабходна часцей наведваць сваё загараднае жыллё. Па нячышчаных дарожках зламыснікі зразумеюць, што гаспадары на дачы бываюць рэдка. Не зашкодзіць папрасіць суседзяў, якія пастаянна пражываюць у вёсцы, прыглядаць за вашым домам і адразу ж паведамляць вам пра здарэнні, якія адбыліся з вашай маёмасцю.

У выпадку страты ключа рэкамендуецца тэрмінова замяніць замкі. Калі ёсць магчымасць, трэба абсталяваць дом сродкамі відэафіксацыі.

А калі ўжо крадзеж адбыўся, трэба неадкладна паведаміць аб гэтым у міліцыю і да прыезду супрацоўнікаў аховы правапарадку пастарацца захаваць сляды злачынства.

Наша бяспека шмат у чым залежыць ад нашай пільнасці. Напрыклад, такая простая мера, як паведамленне ў міліцыю аб падазроных асобах альбо аўтамабілях паблізу вашага дома можа зберагчы вас у далейшым ад крадзяжу. Крыху больш ініцыятывы, уважлівасці – і ваш дом будзе вашай крэпасцю, якую не возьме ні адзін злачынец.

Сяргей КУЛАКОЎ, «Звязда», 20 кастрычніка 2018 г.