/ / Общественно-политические
29.11.2018

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, якія сем'і могуць разлічваць на паслугу няні

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны нам паведамілі, што такая паслуга аказваецца сем’ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, якія нарадзіліся адначасова (двойню, трайнят) ва ўзросце да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў – у межах 20 гадзін у тыдзень (трайнят – да 40 гадзін).

Декретный отпуск

Паслуга аказваецца бясплатна:

  • сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, якія нарадзіліся адначасова;
  • няпоўным сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 4 гадоў, і поўным сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей-інвалідаў, адзін з якіх ва ўзросце да 4 гадоў;
  • на платнай аснове (па сацыяльна нізкіх тарыфах) паслуга аказваецца поўным сем’ям, якія выхоўваюць адно дзіця-інваліда, – да дасягнення ім узросту 4 гадоў і сем'ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў.

Пры гэтым катэгорыі сем'яў, якія маюць права на паслугу няні, паслядоўна расшыраюцца. Так, з гэтага года права на паслугу няні атрымалі сем’і, у якіх абодва бацькі — маці (мачаха), бацька (айчым) – альбо адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы.

Нагадаем, што аказанне сацыяльных паслуг ажыццяўляецца па заяўным прынцыпе пры звароце ў ТЦСАН па месцы жыхарства. Інфармацыя пра адрасы і тэлефоны цэнтраў размешчана на сайтах цэнтраў, камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Дарэчы, у першым паўгоддзі 2018 года паслугамі няні скарысталіся 1957 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, у тым ліку 1703 сям’і, якія выхоўваюць двойню да 3 гадоў, 46 сем’яў, якія выхоўваюць трайнят да 3 гадоў, і 208 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў.

Святлана БУСЬКО, «Звязда», 29 лістапада 2018 г.