/ / Общественно-политические
15.11.2018

Колькі разоў выходзіць на работу і вяртацца ў дэкрэт на працягу трох гадоў – кансультацыя юрыста

Тры месяцы таму я знаходзілася ў дэкрэце. Калі малому споўнілася два гады, вярнулася на работу. Аднак не заладзілася з дзіцячым садком, таму вырашыла вярнуцца і дабыць з сынам тэрмін па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, які дазваляе наша заканадаўства. Аднак кіраўніцтва сказала, што я не магу так зрабіць. Выйшла – значыць, працуй. Прапануе сыходзіць у адпачынак за свой кошт альбо ў наступны дэкрэт з другім дзіцем. Ці маюць яны рацыю ў такіх патрабаваннях? Мая сяброўка, казала, што яна так рабіла: выходзіла на работу і вярталася назад у дэкрэт і нават грошы дэкрэтныя не страчвала. Ці такія магчымасці залежаць ад канкрэтнага прадпрыемства?
Вольга Ч., г. Мінск

Декретный отпуск

На пытанне адказвае Дар'я ГРЫЦКЕВІЧ, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

– Водпуск па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў замацаваны ў артыкуле 185 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абавязак наймальніка – даць гэты водпуск па жаданні працуючай жанчыны на падставе яе пісьмовай заявы незалежна ад працоўнага стажу. Яна можа выкарыстаць яго поўнасцю або падзяліць на часткі любой працягласці. Так што адмовіць у вяртанні ў дэкрэтны адпачынак нават пасля выхаду на работу наймальнік не мае права. Вы можаце выходзіць на работу і вяртацца ў дэкрэт столькі разоў, колькі трэба, разбіваць яго на пэўныя перыяды і выкарыстоўваць часткамі любой працягласці, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады.

Звяртаю вашу ўвагу, што заканадаўствам не прадугледжаны тэрмін, за які трэба папярэдзіць наймальніка аб намеры пайсці ў водпуск па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Гэты водпуск прадастаўляецца з даты, якая пазначана ў заяве.

Акрамя таго, у выпадку выхаду на работу раней вызначанага тэрміну выплата дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў праводзіцца да дня дасягнення малым трох гадоў уключна. Гэта вызначана Законам Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 года «Аб дзяржаўнай дапамозе сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Так што пры выхадзе работніцы на працу дапамога не знікае, можа толькі змяніцца яе велічыня. Так, дапамога назначаецца і выплачваецца ў памеры 50 % ад яе поўнай колькасці, у тым ліку калі асоба, якая ажыццяўляе догляд за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, працуе на ўмовах поўнага рабочага часу, няпоўнага рабочага часу (больш за палову месячнай нормы рабочага часу) у аднаго або некалькіх наймальнікаў.

Пры ўзнікненні абставін, якія ўплываюць на памер назначанай дапамогі, яе велічыня мяняецца з першага дня месяца, які ідзе следам за месяцам узнікнення такіх абставін.

Памер дапамогі не пераглядаецца, калі абставіны, якія ўплываюць на яе велічыню, заканчваюцца ў месяцы іх узнікнення. Гэта вызначана Палажэннем аб парадку прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем»ям, якія выхоўваюць дзяцей, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2013 года № 569 «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 15 лістапада 2018 г.