/ / Общественно-политические
30.05.2018

Як засцерагчы дзяцей на час канікул ад правапарушэнняў – супрацоўнікі МУС даюць парады

Сёння ў школах па ўсёй краіне пройдуць урачыстыя лінейкі ў гонар апошняга званка. Для ўсіх, акрамя выпускнікоў, гэта падстава з палёгкай выдыхнуць. А вось для бацькоў гэты час, наадварот, павінен стаць перыядам больш пільнай увагі за сваімі дзецьмі. Бо часта так бывае, што летам падлеткі на працягу ўсяго дня пакінутыя самі сабе. Пра тое, што трэба рабіць, каб засцерагчы сваіх дзяцей на час канікул як ад небяспечных здарэнняў, так і правапарушэнняў, мы пагаварылі з начальнікам арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнікам міліцыі Ігарам Гатальскім.

Каникулы

Вораг нумар адзін

Паводле статыстыкі, пачынаючы з 2014 года крымінагенная абстаноўка сярод падлеткаў паступова памяншаецца. Адзіным выключэннем стаў 2015 год, які быў адзначаны ўсплёскам ужывання забароненых рэчываў, аднак досыць хутка сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Першыя чатыры месяцы гэтага года таксама паказалі зніжэнне колькасці злачынстваў, якія здзяйсняюць падлеткі, амаль на чвэрць. Аднак ёсць і негатыўныя моманты. На паводзіны падлеткаў можа падзейнічаць новы фільм або камп'ютарная гульня – юнакі вельмі хутка схопліваюць усе модныя тэндэнцыі, прычым часам, каб здавацца круцейшымі ў асяроддзі аднагодкаў, выбіраюць не самыя лепшыя прыклады для пераймання.

Сёння аўтамабілі часта становяцца сродкам здзяйснення правапарушэнняў. Адзін з прыкладаў – кіраванне без правоў. Што датычыцца аўтамабіля, то шлях да кіравання ім падлеткам у прынцыпе закрыты: як мы ўсе памятаем, правы можна атрымаць толькі пасля дасягнення 18 гадоў. А вось з мапедамі і матацыкламі такая магчымасць ёсць і раней, але абавязкова трэба ўлічваць нюансы. У любым выпадку садзіцца за руль можна толькі маючы прыдатную катэгорыю правоў. А ў ідэале – яшчэ і вопыт, бо падлеткі ў сілу свайго ўзросту нярэдка хочуць паказаць свае навыкі і бясстрашнасць, што можа прывесці да аварыйных сітуацый на дарозе. Часам такія думкі ім прыходзяць праз затуманеную свядомасць: кіраванне без правоў у нецвярозым стане – камбінацыя, якую інакш як страшэннай не назавеш.

Дарэчы, ёсць факты, калі падлеткаў затрымліваюць за ўжыванне алкагольных напояў, а таксама знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Адказнасць за гэтыя ўчынкі надыходзіць з 16 гадоў, да наступлення гэтага ўзросту яна цалкам кладзецца на плечы бацькоў. Ёсць толькі шэраг выключэнняў, калі падлетак можа прыцягвацца да адказнасці ўжо з 14 гадоў. Самае непрыемнае, што злоўжыванне алкаголем часта цягне за сабой наступствы ў выглядзе боек, дробных крадзяжоў, пашкоджання маёмасці і гэтак далей – увогуле да ўсяго таго, што большасць у цвярозым стане нават не можа сабе ўявіць.

Лагічным пытаннем пры затрыманні падлетка ў нецвярозым выглядзе становіцца наступнае: дзе ён узяў алкаголь? Фармулёўкі «пачаставалі сябры» ці «папрасіў незнаёмца купіць у краме» могуць быць вельмі небяспечныя для тых самых «добразычліўцаў», бо ўцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны шляхам куплі для яго алкаголю або сумеснае ўжыванне спіртных напояў, моцнадзейных або адурманьваючых рэчываў цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь.

Летнія ночы дома

Яшчэ адно правіла, якое дарослыя часта ігнаруюць, тое, што ў перыяд з 23 да 6 раніцы падлеткі, якія не дасягнулі 16 гадоў, не маюць права знаходзіцца адны на вуліцы. Іх павінны суправаджаць альбо бацькі, альбо іншыя дарослыя па іх даручэнні. А вось доступ ва ўсе начныя забаўляльныя ўстановы закрыты падлеткам аж да паўналецця.

Свая спецыфіка ёсць і ў сельскай мясцовасці. Тут непаўналетнія часта «трапляюцца» без святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак або пры пераходзе дарогі ў неналежным месцы.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення часта скардзяцца, што дзяцей і падлеткаў немагчыма адправіць пагуляць на вуліцу. І гэта таксама наклала пэўны адбітак на склад правапарушэнняў. Значна больш за апошні час стала злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, якія здзяйсняюць юныя хакеры. Менавіта таму супрацоўнікі міліцыі рэкамендуюць бацькам больш увагі ўдзяляць кантролю за тым, чым іх дзіця займаецца ў інтэрнэце.

Найлепшая прафілактыка

Каб знізіць агульную колькасць правапарушэнняў сярод падлеткаў, а таксама гарантаваць высокі ўзровень іх бяспекі ў летні перыяд, органы ўнутраных спраў сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі праводзяць актыўную прафілактычную работу. Так, да 5 чэрвеня працягнецца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага – дзеці!», накіраваны на прадухіленне ДТЗ з удзелам непаўналетніх. Кіроўцам падчас правядзення СКМ нават днём рэкамендуецца рухацца з уключаным блізкім святлом фар.

Яшчэ адзін маштабны комплекс мерапрыемстваў – рэспубліканская міжведамасная праграма «Клопат», якая праходзіць у перыяд з 1 мая па 1 кастрычніка. Яе асноўная мэта – стварэнне спрыяльных умоў для развіцця і занятасці падлеткаў, каб у іх не ўзнікала думак аб учыненні супрацьпраўных дзеянняў.

Не застаюцца ў гэты перыяд без удзелу дзеці з сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама так званыя цяжкія падлеткі. Іх адмыслова накіроўваюць у лагеры спартыўнага і ваенна-патрыятычнага кірункаў, многія з іх арганізаваны на базе воінскіх фарміраванняў, таксама распаўсюджаны і палатачныя гарадкі. Абавязковы распарадак дня – адзін з эфектыўных спосабаў прывіцця дысцыпліны. Што датычыцца дзіцячых аздараўленчых лагераў у прынцыпе, то ў кожным з іх на працягу ўсяго перыяду працы абавязкова знаходзіцца супрацоўнік унутраных спраў. Дарэчы, яшчэ адзін з важных напрамкаў акцыі – летняя занятасць. Падлеткі могуць далучыцца як да валанцёрскага, так і да працоўнага руху, тым самым атрымаўшы магчымасць легальным чынам зарабіць свае першыя грошы.

– Як толькі падлетак знаходзіць сабе занятак па душы, перастае пакутаваць ад гультайства, пры гэтым атрымліваючы досыць клопату і ўвагі ад сваёй сям'і, усе думкі аб супрацьпраўных дзеяннях проста знікаюць з яго галавы. Наша задача – сарыентаваць яго ў правільным кірунку, – падкрэсліў Ігар Гатальскі.

Дар'я КАСКО, «Звязда», 30 мая 2018 г.