/ / Общественно-политические
21.05.2018

Начальнік сочыць ці кантралюе? Выкарыстанне работадаўцам сродкаў сакрэтнага атрымання інфармацыі недапушчальна

«Наш наймальнік апантаны выкананнем працоўнай дысцыпліны супрацоўнікамі. Паміж маімі калегамі ходзяць чуткі, што ён назірае за намі не толькі праз відэакамеры ў памяшканні, але і сакрэтнымі сродкамі, пра якія мы не ведаем. У тым ліку адсочвае, якія мы наведваем сайты і з кім гаворым па тэлефоне. Калі гэта так, ці мае ён права кантраляваць нас якім заўгодна спосабам?» Яніна Ш., г. Мінск.

Контроль за деятельностью сотрудников

На пытанне адказвае Сяргей Елісееў, юрыст-ліцэнзіят:

– Меркаванне, што начальнік мае права сачыць за супрацоўнікамі любым чынам, – міф. Такіх прывілей у яго няма. Атрымліваць інфармацыю пра падначаленага шляхам назірання за ім з дапамогай пэўных прылад можна толькі, калі чалавек папярэджаны пра гэта і згодны на такія ўмовы працы.

Эканамічныя рэаліі, камерцыйны шпіянаж, выкарыстанне работнікамі сродкаў наймальніка не ў службовых мэтах, сітуацыя на рынку працы і іншыя фактары сапраўды прывялі да таго, што наймальнікі сталі больш патрабавальна ставіцца да супрацоўнікаў. Аднак пры гэтым работадаўцы павінны ўсведамляць, што атрымліваць інфармацыю пра падначаленага сакрэтным чынам недапушчальна і супрацьзаконна.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 года № 307-З «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці» (частка 3 артыкула 11) арганізацыям забараняецца выкарыстанне сродкаў сакрэтнага атрымання (фіксацыі) інфармацыі.

Не дазваляецца атрымліваць пра супрацоўніка інфармацыю, якая фіксуецца з дапамогай прылад, спецыяльна створаных, распрацаваных, запраграмаваных або мадэрнізаваных для сакрэтнага атрымання (фіксацыі) інфармацыі, без паведамлення і згоды на гэта фізічнай асобы, пра якую здабываюцца звесткі. Такімі прыладамі могуць быць тэхнічныя сродкі, абсталяванне, апаратура, прыборы, прыстасаванні, прэпараты, праграмныя прадукты.

Выкарыстанне такіх прылад без паведамлення пра іх наяўнасць супрацоўніку і пры адсутнасці згоды чалавека на іх ужыванне з'яўляецца сакрэтным атрыманнем (фіксацыяй) інфармацыі, што супрацьзаконна.

Сакрэтным атрыманнем будзе лічыцца, напрыклад, усталяванне на працоўным камп'ютары работніка праграмнага забеспячэння, якое дазваляе збіраць інфармацыю пра сайты, якія наведваў чалавек, або вызначаць час працы з пэўнымі файламі і праграмамі, ці праглядаць раздрукаваныя ім дакументы пры ўмове, што супрацоўніка не апавясцілі пра наяўнасць такой праграмы і ён, адпаведна, не пагаджаўся на яе выкарыстанне.

Запісы тэлефонных размоў супрацоўніка ці праз мікрафон камп'ютара, відэазапісы праз вэб-камеру, пра якія чалавек не ведае, таксама лічацца сакрэтным атрыманнем (фіксацыяй) інфармацыі.

Згодна з артыкулам 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць. Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь (пункт 8 артыкула 11) таксама замацавана, што супрацоўнікі маюць, у прыватнасці, права на неўмяшанне ў асабістае жыццё і павагу асабістай годнасці.

Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23) Канстытуцыі. Выкарыстанне сродкаў сакрэтнага атрымання (фіксацыі) інфармацыі дазваляецца толькі спецыяльна ўпаўнаважаным на гэта органам у строга ўстаноўленых заканадаўствам выпадках. Ужыванне такіх сродкаў наймальнікамі да падобных выпадкаў не адносіцца.

Выкарыстанне работадаўцам сродкаў сакрэтнага атрымання (фіксацыі) інфармацыі можа прывесці да ўмяшання ў асабістае жыццё супрацоўніка, што недапушчальна. З гэтай нагоды наймальніку варта памятаць, што за парушэнне тайны карэспандэнцыі, тэлефонных перамоў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў артыкулам 203 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена крымінальная адказнасць.

Ірына Сідарок, «Звязда», 19 мая 2018 г.