/ / Общественно-политические
30.03.2018

Як палепшыць абстаноўку ў сям'і і не дапусціць сацыяльнага сіроцтва і якія сем'і на асаблівым кантролі ў органаў апекі?

Якія сем'і на асаблівым кантролі ў органаў апекі? Каго часцей пазбаўляюць бацькоўскіх правоў? Ці стала ў нас менш сірот? І як часта ўдаецца вярнуць дзяцей у сям'ю? Разбіраемся, як сёння дзейнічае Дэкрэт № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях» і што змянілася за 10 гадоў яго існавання.

Лишение родительских прав

Кожная сітуацыя патрабуе расследавання

На пачатак года ў краіне налічвалася 20,8 тысячы дзяцей-сірот і малых, што засталіся без апекі бацькоў. У Міністэрстве адукацыі адзначаюць, што з прыняццем Дэкрэта № 18 назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння колькасці такіх дзяцей. Так, за апошнія пяць гадоў іх стала менш на 10 працэнтаў.

Прафілактычная работа па папярэджванні сацыяльнага сіроцтва праводзіцца амаль з 15 тысячамі сем'яў, дзе выхоўваецца 25 тысяч дзяцей. У ёй удзельнічаюць навучальныя ўстановы, міліцыя, медыкі. Прафілактыка заключаецца ў тым, каб як мага раней звярнуць увагу на праблемную сям'ю. На гэтым этапе малых не разлучаюць з бацькамі, але прызнаюць, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І задача спецыялістаў – дапамагчы палепшыць абстаноўку ў сям'і. Бо на сёння 80 працэнтаў «сірот» – гэта дзеці пры жывых бацьках.

Якія фактары выклікаюць хваляванне?

– Кожная сітуацыя індывідуальная і патрабуе сацыяльнага расследавання, – каментуе Алена ГАЛАЎНЁВА, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі. – Увагі патрабуюць сем'і, дзе бацькі злоўжываюць спіртнымі напоямі, не працуюць, не ажыццяўляюць належны догляд малых. Нават па выглядзе дзіцяці можна сказаць, ці добра яно харчуецца, ці клапоцяцца пра яго адзенне і абутак. Бывае, школьнік спіць на ўроках, бо дома гэта зрабіць немагчыма з-за пастаянных скандалаў. Правяраюцца санітарна-гігіенічныя ўмовы жылога памяшкання. Калі там, напрыклад, няспраўная электраправодка, разеткі вырваны, адключана электраэнергія ці водазабеспячэнне з прычыны няплаты за камунальныя паслугі, казаць пра тое, што дзіця знаходзіцца ў бяспецы, не прыходзіцца.

Спачатку сем'і наведваюць класныя кіраўнікі. Калі сітуацыя выклікае асцярогу – тады выходзіць камісія. Па словах Алены Галаўнёвай, дзіця адбіраюць у крайніх выпадках:

– Рашэнне прымаецца калегіяльна на пасяджэнні камісіі, дзе прысутнічаюць і самі бацькі. Пасля на працягу шасці месяцаў праводзіцца работа па рэабілітацыі сям'і. Складаецца план па абароне правоў дзіцяці, а потым аналізуецца, як ён быў выкананы. Прынамсі, ці ліквідаваны прычыны і ўмовы, што прывялі да адабрання малых. У сярэднім штогод 50 працэнтаў з ліку адабраных дзяцей вяртаюцца праз шэсць месяцаў у сям'ю па рашэнні камісій. Там, дзе гэтага не ўдалося зрабіць, у суд перадаецца справа аб пазбаўленні таты і мамы бацькоўскіх правоў.

Каб гэтага не дапусціць, сям'я павінна ісці на кантакт са спецыялістамі. Ва ўстановах адукацыі праводзяць індывідуальныя гутаркі, запрашаюць татаў і мам да ўдзелу ў школьных мерапрыемствах. Добра, калі бацькі працаўладкоўваюцца, а тыя, хто п'е, добраахвотна праходзяць курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.

– Пастаноўка сям'і на ўлік як сацыяльна небяспечнай – гэта не пакаранне, як многія думаюць, а дапамога, якую гатовы аказаць сям'і, – тлумачаць у ведамстве. – І толькі калі яна не прымаецца, устае пытанне аб больш жорсткай меры.

Што чакае дзяцей у такім выпадку? Найбольш аптымальнай лічыцца сямейная форма ўладкавання. Таму 80 працэнтаў сірот і малых, што засталіся без апекі бацькоў, перадаюць у прыёмныя і апякунскія сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Ёсць такая форма ўладкавання, як дзіцячая вёска (гарадок) – там непаўналетнія жывуць у выхаваўчых групах. На сёння ў краіне шэсць такіх устаноў.

Астатнія 20 працэнтаў трапляюць у дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, у тым ліку ў сацыяльна-педагагічныя прытулкі.

Якія спосабы работы з праблемнымі сем'ямі найбольш эфектыўныя? У Міністэрстве адзначаюць індывідуальныя гутаркі.

– Плённа, калі ўсе спецыялісты працуюць у адной звязцы. Бо калі кожны прад'яўляе сям'і свае патрабаванні, не ўзгодненыя з іншымі, то бацькі тады ў разгубленасці, – кажа галоўны спецыяліст названага ўпраўлення Алена СІМАКОВА.

Тысячы пратаколаў і адзнакі ў пашпартах

Бацькі, чые дзеці знаходзяцца пад апекай дзяржавы, павінны аплачваць іх утрыманне (выключэнне – недзеяздольныя і тыя, хто не можа выконваць бацькоўскія абавязкі па стане здароўя). Цяпер на ўліку органаў унутраных спраў стаіць 11,5 тысячы абавязаных асоб. Да 70 працэнтаў ад іх заробку спаганяецца на карысць дзяцей. Наколькі добрасумленна абавязаныя асобы ходзяць на работу, кантралююць наймальнікі сумесна з міліцыяй.

– Праблема нежадання гэтай катэгорыі працаваць застаецца актуальнай. Ёсць такія, хто ўхіляецца ад адказнасці. Па выніках 2017 года з гэтай прычыны было складзена 19,5 тысячы адміністрацыйных пратаколаў, – канстатуе намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі ГУАПП МГБ МУС Сяргей ЯНКОЎСКІ.

Летась з дапамогай службы занятасці на пастаянную работу было ўладкавана 3,7 тысячы абавязаных асоб: у Брэсцкай вобласці – 546 чалавек, Віцебскай – 507, Гомельскай – 599, Гродзенскай – 518, Мінскай – 639, Магілёўскай – 512, Мінску – 404.

На гэты год пералік арганізацый для ўладкавання ўключае амаль сем тысяч суб'ектаў гаспадарання, устаноўлена бронь для прыёму на работу 9,4 тысячы бацькоў, якім неабходна плаціць за ўтрыманне дзяцей. За студзень-люты працай забяспечылі 685 абавязаных асоб.

У пашпарце такіх бацькоў ставіцца спецыяльная адзнака. Справа ў тым, што на абавязаных асоб накладаюцца пэўныя абмежаванні ў частцы здзяйснення маёмасных здзелак. Ім забараняецца адчужаць нерухомую маёмасць, якая ім належыць і падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі, і транспартныя сродкі. Адзнака ў пашпарце дазваляе спецыялістам, што рэгіструюць такія здзелкі, не дапусціць памылкі.

На думку Сяргея Янкоўскага, станоўчы эфект ад мер, прадугледжаных дэкрэтам, ёсць. Часам нядбайных бацькоў дастаткова пакрытыкаваць на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх і яны выпраўляюцца, бо разумеюць, чым пагражае іх безадказнасць. «Многіх страшыць разлука з дзіцем. Усё ж такі, каб знік бацькоўскі інстынкт, павінна адбыцца пэўная дэградацыя асобы», – лічыць прадстаўнік МУС.

Ён дадае, што дэкрэт накіраваны на згуртаванне сям'і. «Але мы не можам пакінуць дзіця ў дрэнных бацькоў – мы павінны пакінуць яго ў добрых».

Якую ж сям'ю лічыць добрай? Тую, дзе кожны вечар на стале пірагі і катлеты? Забяспечаную? Дзе школьнікі добра вучацца?

– Тую, дзе дзеці ведаюць, што бацькі іх любяць, – адказвае Алена Галаўнёва.— Галоўнае, каб яны бачылі ў маці і бацьку апору, абарону.

– Няма пэўнага шаблону, які можна накласці на сям'ю і сказаць, што калі яна ўпісваецца ў гэтыя рамкі, то добрая, – разважае Алена Сімакова. – Матэрыяльная забяспечанасць сама па сабе не з'яўляецца паказчыкам дабрабыту. Нярэдка бывае, што дзеці ў вонкава ўзорных сем'ях здзяйсняюць проціпраўныя ўчынкі: гэта іх рэакцыя на тое, што нешта не так. Напрыклад, не хапае ўвагі, клопату. Гэта не значыць, што бацькам трэба патураць капрызам. Але варта даваць сынам і дочкам падтрымку, спрабаваць разумець іх.

Толькі лічбы

Летась судамі было разгледжана 2880 спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. З іх з задавальненнем іскавых патрабаванняў – 2619. Такое рашэнне было прынята ў дачыненні да 728 мам (з якіх 502 – адзінокія) і 1443 татаў. Яшчэ ў 448 выпадках вердыкт быў вынесены ў дачыненні да абаіх бацькоў.

Большасць спраў (75 %) аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў датычыліся аднаго дзіцяці. Яшчэ 17 % – дваіх дзяцей, 5 % – траіх, 1 % – чацвярых. У 19 справах фігуравала па пяць і больш малых.

Усяго летась былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў 3072 чалавекі (у 2016-м – на 58 менш). Мужчын у паўтара раза больш за жанчын: 62 і 38 працэнтаў адпаведна.

Амаль палове тых, каго пазбавілі права выхоўваць дзяцей, ад 31 да 40 гадоў. Ва ўзросце да 20 гадоў быў адзін працэнт татаў і мам, ад 21 да 25 – 6 %, ад 26 да 30 – 18 %, ад 41 і старэйшыя – 24 %.

Без апекі бацькоў летась засталося 3531 дзіця (у 2016-м гэта лічба склала 3448). Ва ўзросце да года было 287 малых, ад двух да трох – 486, ад чатырох да шасці – 641, ад сямі да дзесяці – 851. Падлеткаў 11–17 гадоў – 1266 чалавек.

Акрамя гэтага, у мінулым годзе суды разгледзелі 272 справы аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах. У 161 з іх іск задаволілі. У выніку 169 татаў і мам змаглі вярнуць дзяцей у сям'ю.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, «Звязда», 30 сакавіка 2018 г.