/ / Общественно-политические
23.03.2018

Спрэчкі аб шуме могуць доўжыцца бясконца. Як супакоіць неўгамонных суседзяў на законнай падставе?

Часам спрэчкі аб шуме нагадваюць размовы пра тое, што было раней – курыца ці яйка? Яны таксама могуць доўжыцца бясконца. Парушальнікі спакою звычайна прыдумваюць сабе мільён апраўданняў: па буднях я працую да шасці, калі яшчэ рамонт рабіць, як не ў выхадныя?.. Ну так, пасядзелі трохі з сябрамі, але ж дзень нараджэння толькі раз у год... І любімае – паслухай, ну з кім не бывае...

Шум

«Музычнае» суправаджэнне

Сусветны жаночы дзень сёлета пачаўся ў мяне даволі нестандартна. А дзявятай раніцы мяне разбудзіла... На жаль, не серэнада пад акном і нават не трэль званка ў дзверы ад кур'ера з кветкамі. Гэта была дрыль суседзяў зверху, у якіх нечакана прачнуўся працоўны запал. Я дапускаю думку, што гэта была адна з частак падарунка да 8 Сакавіка ад знаходлівага суседа сваёй жонцы. Маўляў, так, пра кветкі забыўся, затое мужчынскае слова сваё трымаю: сказаў, што павешу паліцу, і павесіў – адтэрміноўка ў тры гады нічога не вырашае. Магчыма, жонка гэты ранішні подзвіг нават ацаніла (раптам гук дрыля здаецца ёй меладычным?). Я асабіста падобнае захапленне падзяліць не змагла, бо мне замест міні-рамонту дастаўся галаўны боль.

Наогул суседзі вельмі любяць падобныя сюрпрызы: калі, напрыклад, дзеляцца з намі хараством любімай песні, выкананай ужывую а трэцяй гадзіне ночы, ці пасвячаюць нас ва ўсе падрабязнасці сямейных перыпетый – і сапраўды, не адзіным жа «Няхай гавораць» здавольвацца... У адказ хочацца таксама зрабіць суседзям нешта настолькі ж прыемнае: напрыклад, арганізаваць экскурсію... у аддзяленне міліцыі – яркія ўражанні сапраўды будуць забяспечаны.

Уявіш падобнае ва ўсіх падрабязнасцях – і трохі адпускае. Усё ж такі не хочацца сеяць шматгадовую варожасць паміж жыхарамі хоць і шматкватэрнага, але агульнага дома. Тым больш што з пытаннем гучных суседзяў усё не так проста. Розніца ўсяго ў дзясятак хвілін можа сыграць аднаму з бакоў на руку. Давайце паспрабуем разабрацца ва ўсіх тонкасцях тэмы. Дарэчы, раім захоўваць гэтую інфармацыю пад рукой – на выпадак важных перамоў у начны час.

Малаток у рукі – хоць з 7 раніцы

Пачнём з галоўнага. У адпаведнасці з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі з 23 да 7 гадзін не павінны здзяйсняцца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум. Да іх адносяцца ігра на музычных інструментах, гучная прамова і спевы, прымяненне піратэхнічных сродкаў, выкананне бытавых (рамонтных) работ, правядзенне ручных пагрузачна-разгрузачных работ, рэзкае закрыццё дзвярэй і іншыя дзеянні. Па меншай меры ў гэты час права спаць спакойна можна назваць безумоўным, прычым пазначаны прамежак часу не змяняецца ні ў будныя, ні ў выхадныя дні. Але калі з правядзеннем рамонту і ігрой на музычных інструментах усё зразумела, то як быць з хатнімі жывёламі, застаецца загадкай. Хоць, магчыма, ужо з'явіўся і такі кірунак у дрэсіроўцы – пасля 23 маўчок.

А вось з рамонтам сітуацыя больш складаная. У Палажэнні аб умовах і парадку перабудовы і (або) перапланіроўкі прыведзены пэўны пералік работ, якія можна праводзіць толькі з 9 да 19 у буднія дні. Да іх адносяцца замена або перанос сістэм газазабеспячэння, цэнтральнага ацяплення, смеццевыдалення, газавыдалення; абсталявання гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі; змены ў апорных канструкцыях; змена плошчы, колькасці жылых пакояў і падсобных памяшканняў у кватэры за кошт разборкі існуючых і (або) абсталявання новых перагародак; змена плошчы і колькасці памяшканняў у ізаляваных нежылых памяшканнях за кошт разборкі існуючых і (або) абсталявання новых перагародак; абсталяванне, павелічэнне праёмаў у не нясучых сценах і перагародках. З усяго гэтага вынікае, што прыбіваць той самы цвік або прасвідраваць сцяну з іншымі – не пералічанымі вышэй – мэтамі можна ў любыя дні, з 7 і ажно да 23. Так што мой сакавіцкі сюрпрыз таксама быў цалкам у межах закона. Дзякуй яшчэ, што не ў 7 раніцы...

«Давайце жыць дружна»

Хоць часу для «пашумець» дастаткова шмат, заўсёды знаходзяцца тыя, каму яго катэгарычна не хапае. Чым гэта пагражае? Суседзяў-«гучнагаварыцеляў» могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 21.16 КаАП, што вядзе да накладання штрафу памерам да 30 базавых велічынь, а гэта, між іншым, 735 рублёў. Дастойная плата за няўменне стрымлівацца!

У пачатку сакавіка пракуратура горада Мінска заявіла, што гэтай тэме будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага – для гэтага распрацаваны адзіныя падыходы, якія датычацца, у першую чаргу, збору доказаў і пошуку вінаватых. Так, цяпер супрацоўнікі міліцыі на месцы павінны высветліць усе падрабязнасці, вызначыць вінаватых, пацярпелых і сведак. Пасля апрацаваныя звесткі перадаюцца ў адміністрацыі раёнаў горада, а адтуль у арганізацыі ЖКГ. У сваю чаргу, пракурор раёна ажыццяўляе нагляд за выкананнем законнасці пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу. Актыўная работа, звязаная з гэтай праблемай, вядзецца з мінулага года. І відавочныя вынікі ўжо ёсць: у 2016-м за парушэнне правілаў карыстання жыллём у сталіцы былі прыцягнуты да адказнасці 659 чалавек, а ў 2017 годзе – амаль удвая больш, 1035 чалавек.

Хоць жаданне, каб справядлівасць перамагла, цалкам зразумелае, усё ж большасці людзей хочацца пазбегнуць канфліктаў. Тым больш, што з суседзямі трэба ўмець дамаўляцца, бо аб малых дзецях або пажылых сваяках і іх стаўленні да шуму ў кодэксе не гаворыцца. Застаецца толькі скончыць артыкул словамі героя вядомага савецкага мульціка: «Давайце жыць дружна». А галоўнае – з павагай і разуменнем, бо менавіта гэты сэнс і ўкладаецца ў слова «па-суседску».

Дар'я КАСКО, «Звязда», 23 сакавіка 2018 г.