/ / Общественно-политические
21.03.2018

Вы верыце ў дружбу паміж 40-гадовым мужчынам і 11-гадовай дзяўчынкай альбо як аберагчы сваё дзіця ад небяспечных дарослых?

«Маёй дачцэ нядаўна споўнілася 11 гадоў, – расказвае Ірына (імя жанчыны зменена па этычных прычынах). – Яшчэ дзіця, але ўжо і не зусім. Нядаўна з ёй адбыўся выпадак, ад якога мяне дагэтуль трасе... Раніцай, калі яна ішла да метро, яе сустрэў мужчына крыху за 40. Ён стаяў так, што прайсці міма яго было нельга. Сказаў маёй дачцэ: «Я цябе так чакаў!», пачаставаў шакаладкай і правёў яе амаль да самай школы. Па дарозе запрасіў заходзіць да яго ў госці на працу і сказаў, дзе працуе... Я тут жа патэлефанавала ў міліцыю. Ну не веру я ў дружбу і запрашэнне «ў госці», калі гаворка пра 40-гадовага мужчыну і 11-гадовую дзяўчынку!..»

Не все то хорошо, что мы видим

Спецыяліст: «Гэта вельмі падазроныя паводзіны для мужчыны»

Ірына кажа, што пра ўсё, што адбылося, дачка расказала ёй толькі пасля таго, як яна выявіла ў кішэні пухавіка дзяўчынкі шакаладку. «Тысячу разоў я казала ёй, што размаўляць і браць нешта ад незнаёмцаў нельга. І ўсё роўна яна ні на секунду не западозрыла нічога дрэннага. На маё пытанне «Як ты магла?» адказ быў: «Мама, я не надала гэтаму значэння, я ні хвіліны не думала, што гэта дрэнны чалавек».

Пазней пасля некалькіх гутарак з дачкой Ірына змагла прааналізаваць і «раскласці па палічках» прычыны, па якіх яе дзяўчынка ледзь не трапіла на вудачку незнаёмага мужчыны. Вось яны: дачцэ ён здаўся звычайным і добрым дзядзечкам. Ён успрымаўся дачкой як ужо знаёмы – толькі таму, што загаварыў з ёю першы раз яшчэ на мінулым тыдні, значыць, не страшны... Ён умее правільна задаваць пытанні і мякка гаварыць – дачка зусім не запомніла яго выгляд, толькі ўзрост і голас. Голас, кажа, быў добры... Дзяўчынцы было нязручна не адказваць на пытанні дарослага – гэта ж няветліва! Ён даў ёй шакаладку? Ну, напэўна, ён адзінокі і добры чалавек...

«Вось так. Нягледзячы на ўсе размовы і сістэматычнае паўтарэнне правілаў бяспекі... Гэта дзеці. Яны ўсё роўна не разумеюць усяго», – робіць выснову Ірына.

Акрамя расказу аб тым, што здарылася, нашаму выданню, Ірына напісала пра гэта ў сваім акаўнце ў «Фэйсбуку» і атрымала мноства каментарыяў. Вельмі шмат іх было ад іншых мам у стылі «вы малайчына, але я не здагадалася б звярнуцца ў міліцыю». Але што, калі Ірына занадта трывожная маці і зрабіла з мухі слана?

Я пераказала гэтую гісторыю начальніку аддзела псіхолага-фізіялагічных даследаванняў галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз цэнтральнага апарату ДКСЭ Людміле Мун, якая праводзіць апытанні дзяцей, што пацярпелі ад сексуальнага гвалту. «Гэта вельмі падазроныя паводзіны для мужчыны, – адказала спецыяліст. – І мама правільна зрабіла, што забіла трывогу. Дзіця ў сілу адсутнасці жыццёвага вопыту не заўсёды можа вызначыць, нармальныя паводзіны ў дарослага чалавека ці яны павінны выклікаць падазрэнні. Не заўсёды яшчэ нашы дзеці разумеюць, што людзі бываюць розныя і не варта, безумоўна, давяраць усім дарослым...»

Дзеці і іх бацькі часта маўчаць да апошняга

У апошні час СМІ ўсё часцей пішуць пра дзяцей, якія сталі ахвярамі педафілаў, павялічылася і раскрывальнасць такіх злачынстваў міліцыяй.

– Толькі за два месяцы 2018 года колькасць пацярпелых ад сексуальнага гвалту дзяцей павялічылася амаль у два разы ў параўнанні з мінулым годам – выяўлена 113 ахвяр, але сапраўдная іх колькасць нашмат большая, – гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Генадзь Казакевіч. – А ў цэлым за апошнія пяць гадоў колькасць устаноўленых фактаў сексуальнага гвалту над дзецьмі вырасла ў 15 разоў, колькасць ахвяр гэтых злачынстваў – амаль у чатыры разы. Але рост колькасці выяўленых злачынстваў кажа толькі аб тым, што праваахоўнікі больш актыўна сталі імі займацца. А сама праблема існавала заўсёды. Толькі раней абмяркоўваць яе было не прынята. Цяпер сітуацыя змянілася... На жаль, злачынцы і іх ахвяры доўгі час застаюцца па-за полем зроку праваахоўнікаў. Сярод асноўных прычын – замоўчванне такіх фактаў бацькамі або самімі дзецьмі. Не выкаранена таксама практыка «не выносіць смецце з хаты» і ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя.

«Мы знаходзілі інструкцыі, як схіліць дзіця да сексуальнага кантакту»

Разам з тым спецыялісты адзначаюць, што расследаванне сексуальных злачынстваў супраць дзяцей – вельмі складаная задача. «Так, адна з праблем – цяжкасці са зборам доказнай базы для расследаванняў, – кажа Людміла Мун. – Дзеці могуць маўчаць гадамі, і, калі нарэшце расказваюць, часта ўжо няма ніякіх матэрыяльных слядоў гвалту. Яшчэ вельмі важна правільна ацэньваць словы дзяцей – гэтаму прысвечана вялікая колькасць навуковых распрацовак. Таму што бываюць выпадкі, калі малыя становяцца інструментам у нейкіх дарослых гульнях, дарослых узаемаадносінах (маюцца на ўвазе сітуацыі, калі дзіця могуць выкарыстоўваць для паклёпу на мужчыну, – такія выпадкі таксама часам сустракаюцца ў судовай практыцы)».

Дарэчы, калі вярнуцца да ўжо даказаных злачынстваў, то, паводле статыстыкі, у большасці выпадкаў дзіця ідзе за гвалтаўніком па добрай волі, паддаўшыся на тыя ці іншыя ўгаворы. Справа ў тым, што педафілы часта паводзяць сябе так, што дзіця можа і не адчуць небяспекі, як у апісанай гісторыі ў пачатку артыкула. «Мы знаходзілі нават інструкцыі для патэнцыйных педафілаў, як схіліць дзіця да сексуальнага кантакту, з дапамогай чаго, якімі псіхалагічнымі метадамі... – адзначае Генадзь Казакевіч. – Гэтыя рэкамендацыі і парады дастаткова прадуманыя. І мы можам канстатаваць, што ў нашай краіне існуюць не проста супольнасці педафілаў у інтэрнэце, а і інцэст-супольнасці. Гэтыя людзі паміж сабой камунікуюць».

Што рабіць з педафіламі?

У Беларусі педафілам пагражае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пасля выхаду на волю судзімасць захоўваецца, за педафілам назірае міліцыя, таму што сярод такіх людзей дастаткова высокі працэнт рэцыдыву. Але ці ёсць эфектыўныя метады прадухілення дадзеных злачынстваў і іх паўтораў?

У нашай краіне заканадаўча не прадугледжана прымусовае лячэнне дадзенага захворвання, – гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Асцянка. – Але чалавек з такім дыягназам можа звярнуцца па медыцынскую дапамогу, і з яго згоды такая дапамога яму будзе аказаная. Што да іншых краін, то існуе розная практыка. Але варта адзначыць, што максімальны эфект ад лячэння магчымы пры ўжыванні не прымусовых мер, а пры забеспячэнні педафілам выбару: напрыклад, адседзець 10 гадоў альбо выйсці праз 5 гадоў і пры гэтым трапіць у спецыяльную праграму лячэння з досыць жорсткімі мерамі, якія ўключаюць у тым ліку хімічную кастрацыю. Паўтаруся: максімальны эфект дасягаецца пры добраахвотнай згодзе на лячэнне.

Што датычыцца праваахоўнікаў, то Генадзь Казакевіч лічыць, што вельмі неэфектыўна вырашаць праблему метадам запалохвання. «Гэта не працуе. Патэнцыйнага педафіла не спыніць артыкул у крымінальным кодэксе, – упэўнены ён. – Таму павінен быць комплекс мер. МУС лічыць, што трэба задзейнічаць усе магчымыя дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі. Без грамадзянскай супольнасці паспяховае процідзеянне праблеме немагчымае». Дарэчы, Міністэрства ўнутраных спраў ужо выпрацавала пакрокавую стратэгію, разлічаную на некалькі гадоў сістэмнага процідзеяння сексуальнаму і іншым відам гвалту ў дачыненні да дзяцей...

Як абараніць сваё дзіця

Мы папрасілі галоўнага пазаштатнага дзіцячага псіхіятра Міністэрства аховы здароўя Вольгу Літвінаву расказаць, як аберагчы сваё дзіця ад небяспечных дарослых.

Якія прыёмы выкарыстоўваюць педафілы?

Такіх прыёмаў мноства. Яны могуць, напрыклад, папрасіць аб дапамозе: дапамажы, калі ласка, знайсці страчанае кацяня або сабачку. Могуць выкарыстоўваць пахвалу. Вельмі часта на гэты прыём «ловяцца» дзеці, якім не хапае бацькоўскай любові і клопату, тыя, каго рэдка хваляць бацькі, дзеці-ізгоі. І тут з'яўляецца дарослы, які пачынае адзначаць іх вартасці, хваліць: ты такі прыгожы, неардынарны...

Такі дарослы можа частаваць прысмакамі і абяцаць яшчэ больш, калі дзіця пагодзіцца пайсці з ім. Можа падарыць цацку, прапанаваць пайсці да яго дадому, каб убачыць нешта цікавае: сапраўднага зайчыка, вожыка і г. д.

Што важна данесці да дзіцяці

  • Дапамагаць даросламу павінен дарослы, а не дзіця! Таму незнаёмы дарослы чалавек павінен звярнуцца не да дзіцяці, а да іншага дарослага.
  • Якую б выдатную цацку ні даваў дзядзька, браць нельга! Браць падарункі можна толькі з рук добра знаёмага чалавека – мамы, таты, сваякоў і найбліжэйшага акружэння.
  • Калі дзядзька ці цётка прапануе сфатаграфавацца, таму што ты вельмі прыгожы, ты павінен гучна і выразна сказаць «не» і што ты раскажаш пра гэта маме. Наогул вельмі важна навучыць дзіця казаць слова «не», бо многія з іх баяцца сказаць так даросламу.
  • Ніколі нельга паведамляць незнаёмым людзям свой адрас, імя, прозвішча, тэлефон і г. д. Трэба казаць на такую просьбу «Я раскажу пра гэта маме».
  • Трэба навучыць дзіця выконваць правіла выцягнутай рукі. Вось ты выцягнуў ручку. Ведай: ніхто з незнаёмых дарослых не мае права падысці да цябе бліжэй за тваю выцягнутую руку. Дзіцяці трэба растлумачыць: калі дарослыя парушаюць правіла выцягнутай рукі і табе непрыемна, ты павінен неадкладна гучна казаць «не!».
  • Навучыць правілу трох крокаў: ты не падыходзіш бліжэй за тры свае вялікія крокі, калі спынілася машына і цябе пачынаюць клікаць. І ніколі не садзішся ў чужую машыну, каб паказаць незнаёмаму даросламу дарогу.
  • Дарослы можа прыкінуцца знаёмым бацькоў дзіцяці і расказаць гісторыю, напрыклад, пра тое, што тата або мама малога папрасілі забраць яго са школы ці адвезці кудысьці. Нават калі ў вашай сям'і прынята кагосьці прасіць, каб забралі дзіця і г. д., вы павінны навучыць яго слову-паролю. І давяраць толькі таму даросламу, які ведае яго. Напрыклад, дзядзька прыходзіць і кажа: «Мама папрасіла праводзіць цябе на трэніроўку, вось пароль...» Але такі пароль добра развучыць з больш дарослымі дзецьмі, таму што маленькае дзіця можа гэта разбалбатаць і потым паддацца на гэтае ж слова. Таму з гэтым варыянтам таксама трэба быць асцярожным.
  • Дзіця павінна ведаць аб бяспечных дарослых людзях і бяспечных месцах. Хто такія бяспечныя дарослыя? Гэта настаўнік, доктар, ахоўнік, міліцыянер, вайсковец. Калі раптам дзіця апынулася ў сітуацыі, калі яму патрэбна дапамога, то з усіх людзей на вуліцы ён павінен знайсці бяспечнага дарослага. Калі дзіцяці страшна, яму здаецца, што хтосьці за ім ідзе, трэба ісці ў бяспечнае месца: школу, паліклініку, банк... І ніякіх двароў, пад'ездаў, падваротняў і гарышчаў – там хавацца нельга!
  • Бацькам вельмі важна разумець усю небяспеку інтэрнэту. Дзіця, якое «завісла» ў інтэрнэце, фактычна адпушчанае ў адзіночнае плаванне. Таму бацькам варта ведаць, на якія сайты яно заходзіць. Для гэтага трэба пабудаваць даверлівыя адносіны, дарыць дзіцяці час і ўвагу, тлумачыць, што знаёмства ў інтэрнэце можа быць небяспечным, што перапіска павінна быць толькі з людзьмі, якіх яно ведае асабіста, – аднакласнікамі, настаўнікамі і інш.
  • Падлеткам трэба растлумачыць, што лепш не абменьвацца сваімі фотаздымкамі, тым больш інтымнымі, у інтэрнэце. Трэба, каб дзеці разумелі: любая інфармацыя, якая выкладзена ў інтэрнэце, можа стаць даступнай для кожнага.
  • Бацькі павінны ведаць, што цяпер ёсць магчымасць усталяваць паролі, ключы і абмежаваць магчымасць дзіцяці зайсці на пэўныя сайты. Ужо існуюць і абмежаванні па наборы пэўных слоў. Бацькі, якія хочуць абараніць сваіх дзяцей, павінны быць у курсе ўсіх сучасных магчымасцяў, якія існуюць для гэтага.
  • На жаль, часцяком немагчыма падлетку забараніць сустрэцца з тым, з кім ён пазнаёміўся ў інтэрнэце. Ён усё роўна можа пайсці на спатканне. Але трэба растлумачыць яму, што сустракацца трэба ў бяспечным людным месцы і абавязкова днём.
8 801 100-16-11 – нумар агульнанацыянальнай тэлефоннай дзіцячай лініі. Працуе кругласутачна, званок бясплатны, можна патэлефанаваць ананімна.

Самае галоўнае

Вельмі важна не проста расказаць дзіцяці аб гэтых правілах, але і патрэніравацца, як яно будзе сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі. Пагуляць з ім, каб замацаваць патрэбныя паводзіны.

І самае галоўнае: у бацькоў павінны быць даверлівыя адносіны з дзіцем. Чаму малыя часам доўга хаваюць нейкія факты? Таму што баяцца. Педафіл можа «згуляць» на пачуцці сораму, страху... Дзіця павінна ведаць, што яно пра ўсё можа расказаць сваім бацькам і што на яго не будуць сварыцца, яно знойдзе ў бацькоў дапамогу і абарону.

Святлана БУСЬКО, «Звязда», 21 сакавіка 2018 г.
(фота 
– Кіслая Вікторыя)