/ / Общественно-политические
26.06.2018

«Можа, мне трэба цяпер ужо высвятляць, колькі «націкала» страхавога стажу?»: Мінпрацы адказала на пытанні пра пенсіі

Як не трапіць у «пенсійную пастку»? Ці могуць прызначыць пенсію за памерлага мужа жонцы, якая знаходзілася на яго ўтрыманні? Як пацвердзіць стаж працы, калі згубілася працоўная кніжка? Калі ІП некалькі гадоў не плаціў пенсійныя ўнёскі, ці будзе ўлічаны гэты перыяд пры прызначэнні пенсіі? Гэтыя і іншыя пытанні паўставалі на анлайн-канферэнцыі «Пытанні пенсійнага забеспячэння», якая была арганізавана Міністэрствам працы і сацабароны сумесна з БелТА.

Пенсионный стаж

На іх адказвалі намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валерый Кавалькоў, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Наталля Мурашкевіч і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Ларыса Яшкова.

«Працавала толькі 4 гады. Ці будзе мне прызначана якая-небудзь пенсія?..»

– Чытаючы ў інтэрнэце розныя гісторыі пра «пенсійную пастку», хачу разабрацца, што гэта такое і як у яе не патрапіць. А калі трапіў, ці можна выбрацца, куды звяртацца? Можа, мне трэба цяпер ужо высвятляць, колькі «націкала» страхавога стажу?

Валерый Кавалькоў:

– З падачы СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў сітуацыя, калі людзі, якія не адпрацавалі на працягу жыцця хоць бы 10-15 гадоў, да дня дасягнення пенсійнага ўзросту не зарабілі права на працоўную пенсію, атрымала назву «пенсійная пастка», «пастка страхавога стажу». У гэтай сувязі хацелася б адзначыць наступнае.

Пэўныя ўмовы для атрымання пенсіі – у тым ліку па працягласці стажу працы з выплатай страхавых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны – у пенсійным заканадаўстве прысутнічалі і да прыняцця рашэнняў аб павышэнні патрабаванняў па стажы. У 2018 годзе для прызначэння пенсіі неабходна мець не менш за 16 гадоў 6 месяцаў працы з выплатай унёскаў (штогод гэтае патрабаванне павялічваецца на 6 месяцаў – да 20 гадоў у 2025 годзе, гэта значыць у 2019 годзе трэба мець ужо 17 гадоў працы і гэтак далей).

Калі з нейкіх прычын на дату дасягнення пенсійнага ўзросту патрабаваны стаж адсутнічае, можна працягнуць працоўную дзейнасць і дапрацаваць стаж. Заканадаўства гэта не забараняе.

Таксама хацелася б звярнуць увагу на тое, што для фарміравання паўнаважкага страхавога стажу (за год працы – год страхавога стажу) неабходна выплата ўнёскаў у фонд за ўвесь перыяд гэтай працы з заробку не ніжэй за мінімальную зарплату. Інфармацыю пра перыяды выплаты унёскаў і велічыню заработнай платы (даходу), з якіх яны выплачваліся, можна атрымаць у тэрытарыяльных органах фонду сацабароны насельніцтва.

– Памер сацыяльнай пенсіі ў нас нават ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму – гэта тое, што чакае многіх беларусаў, якія трапілі ў так званую пастку страхавога стажу. Ці плануецца павысіць памер гэтай пенсіі?

Валерый Кавалькоў:

– Паводле статыстычных даных за май 2018 года сярэдні памер сацыяльнай пенсіі – 191,45 руб. Гэта вышэй за бюджэт пражытковага мінімуму пенсіянера (157,50 руб.).

У асноўным сацыяльную пенсію ў нас атрымліваюць дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў і інваліды з дзяцінства. Памеры пенсіі ў іх розныя – ад 154,94 руб. (у інвалідаў ІІІ групы) да 227,24 руб. (у інвалідаў І групы, дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя).

Сацыяльная пенсія прызначаецца таксама жанчынам старэйшым за 60 гадоў і мужчынам старэйшым за 65 гадоў, якія не маюць права на працоўную пенсію з-за адсутнасці страхавога стажу. Такіх пенсіянераў – 3,6 тыс. чалавек (гэта 5 % ад агульнай колькасці атрымальнікаў сацыяльнай пенсіі або 0,14 % ад агульнай колькасці пенсіянераў). Многія з тых, хто сёння атрымлівае такую пенсію, не адпрацавалі нават 5 гадоў.

– Пасля смерці мужа я засталася адна з дзіцем трох гадоў і без даходаў. Дзіця часта хварэе, і з гэтай прычыны я не працую. Зараз займаюся афармленнем пенсіі з прычыны страты карміцеля на дзіця. А ці можа быць прызначаная пенсія за памерлага мужа мне, бо я таксама знаходзілася на яго ўтрыманні?

Ларыса Яшкова:

– Так, можа. Заканадаўства прадугледжвае права на пенсію з выпадку страты карміцеля непрацуючай жонцы, занятай доглядам за дзіцем памерлага карміцеля, якое не дасягнула васьмі гадоў. Пры гэтым варта ведаць, што пры вашым працаўладкаванні або дасягненні дзіцем васьмі гадоў выплата вам прызначанай пенсіі з нагоды страты карміцеля будзе спынена.

– З 1996 года да 1999 года займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю і добрасумленна плаціла падаткі. Пенсійныя ўнёскі не плаціла. У органах сацыяльнай абароны мне тлумачаць, што гэты перыяд не будзе ўлічаны пры прызначэнні пенсіі. Але гэта ж тры гады стажу, якія маюць значэнне для пенсіі. Хіба правільна іх не ўлічваць?

Наталля Мурашкевіч:

– Згодна з арт. 51 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні» перыяд прадпрымальніцкай дзейнасці ўключаецца ў стаж для прызначэння пенсіі пры ўмове выплаты абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Падстаў для ўключэння ў стаж перыядаў прадпрымальніцкай дзейнасці без выплаты страхавых унёскаў няма.

– З 2007-га д 2011 года даглядаў інваліда І групы з атрыманнем дапамогі. Ці будзе гэты перыяд улічаны ў агульны стаж пры прыняцці рашэння аб прызначэнні пенсіі?

Ларыса Яшкова:

– Так, такі перыяд залічваецца ў агульны стаж і ўлічваецца ў памеры пенсіі. Аднак, паколькі ў гэты перыяд выплата страхавых унёскаў не ажыццяўляецца, ён не ўлічваецца ў мінімальна неабходным стажы працы з выплатай страхавых унёскаў, які патрэбны для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце (у 2018 годзе – гэта 16 гадоў 6 месяцаў).

– У сілу сямейных абставін працавала толькі 4 гады. Увесь астатні час займалася хатняй гаспадаркай. Дзяцей няма. Ці будзе мне прызначана якая-небудзь пенсія?

Валерый Кавалькоў:

– У вашай сітуацыі ў сувязі з адсутнасцю патрэбнага для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце стажу працы з выплатай унёскаў па дасягненні ўзросту 60 гадоў вам будзе прызначана сацыяльная пенсія.

Уся інфармацыя аб вашых страхавых унёсках – у раённым аддзеле ФСАН

– Ці можа быць прызначана і выплачвацца пенсія грамадзянцы Рэспублікі Беларусь, якая выехала ў сувязі з замужжам на пастаяннае жыхарства ў Рэспубліку Польшча? Мае працоўны стаж у РБ 18 гадоў, узрост 58 гадоў. Зарэгістравана ў Польшчы.

Ларыса Яшкова:

– Згодна з нашым заканадаўствам права на пенсійнае забеспячэнне маюць грамадзяне Беларусі пры ўмове пастаяннага пражывання на тэрыторыі краіны. Іншы парадак пенсійнага забеспячэння можа прадугледжвацца міжнароднымі дагаворамі, якія заключаюцца Беларуссю з замежнымі дзяржавамі. У цяперашні час беларускімі і польскімі экспертамі вядзецца работа над праектам дагавора ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Дагавор будзе прадугледжваць прызначэнне пенсіі кожнай дзяржавай (РБ і РП) за стаж працы на яе тэрыторыі і экспарт прызначаных пенсій у дзяржаву пражывання пенсіянера. Пры заключэнні гэтага дагавора можа быць вырашана пытанне вашага пенсійнага забеспячэння Беларуссю за стаж працы на яе тэрыторыі.

– Калі ў пенсіянера, які доўгі час працуе пасля прызначэння пенсіі, зарплата перавысіла тую, з якой назначалася пенсія, лагічна, што ён мае права зрабіць пераразлік сваёй пенсіі. Бо з яго заробку працягвалі рабіцца ўсе адлічэнні, якія даюць права на пенсійнае забеспячэнне. Які парадак пераразліку?

Ларыса Яшкова:

– Пераразлік прызначанай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў з улікам перыядаў работы (стажу) пасля яе прызначэння робіцца пры ўмове неатрымання пенсіі ў гэты перыяд. Пераразлік пенсіі па ўзросце з заробку за перыяды работы пасля яе прызначэння заканадаўствам не прадугледжаны.

– Мой дзядзька, грамадзянін Беларусі, цяпер працуе кіроўцам у Маскве, афіцыйна выплачвае ўнёскі ў пенсійны фонд РФ. Яму засталося 7 гадоў да пенсіі. Ці будзе праца ў Расіі залічаная ў працоўны стаж пры налічэнні пенсіі ў Беларусі?

Валерый Кавалькоў:

– Згодна з Дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 24 студзеня 2006 года кожная з краін прызначае і вылічвае пенсію на падставе стажу, набытага на яе тэрыторыі з прымяненнем палажэнняў Дагавора і свайго заканадаўства. То-бок, за час працы ў Расіі пенсію павінна прызначаць і выплачваць Расійская Федэрацыя ў адпаведнасці са сваім заканадаўствам.

Больш падрабязную кансультацыю па пытанні пенсіявання ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі можна атрымаць у тэрытарыяльным органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Беларусі, з заканадаўствам Расіі – у тэрытарыяльным падраздзяленні Пенсійнага фонду Расійскай Федэрацыі на падставе прадстаўленых дакументаў пра стаж працы.

– У верасні гэтага года мне спаўняецца 56 гадоў, і я магу аформіць пенсію па ўзросце. Працоўная кніжка страчана. Як мне пацвердзіць свой стаж?

Ларыса Яшкова:

– Дзеля пацвярджання перыядаў вашай працы, якія мелі месца да 1 студзеня 2003 года, вам неабходна звярнуцца па адпаведныя даведкі да былых работадаўцаў (іх правапераемнікаў) або ў архіўныя ўстановы. Пасля 1 студзеня 2003 года перыяды работы пацвярджаюцца выпіскай з індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы, якая пры вашым звароце па прызначэнне пенсіі будзе запытана органам, які ажыццяўляе пенсійнае забеспячэнне, з раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

– Я ўжо некалькі месяцаў не працую. Да пенсіі па ўзросце мне яшчэ чакаць паўтара года. Ці можна ў такой сітуацыі аформіць пенсію раней?

Наталля Мурашкевіч:

– Такая магчымасць прадугледжана. Калі вы будзеце зарэгістраваны беспрацоўнай з правам на дапамогу па беспрацоўі на працягу 52 каляндарных тыдняў (такое права даецца жанчынам пры стажы працы не менш за 33 гады), то пры адсутнасці магчымасці для вашага працаўладкавання па прапанове органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне замест дапамогі па беспрацоўі з вашай згоды вам можа быць прызначаная датэрмінова пенсія па ўзросце, але не раней чым за адзін год да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Абавязковай умовай для прызначэння такой пенсіі з'яўляецца таксама і наяўнасць стажу працы з выплатай абавязковых страхавых унёскаў – у 2018 годзе ён складае не менш за 16 гадоў 6 месяцаў.

– У многіх краінах пенсіянер ведае, колькі сродкаў знаходзіцца на яго персанальным пенсійным рахунку. Дзе можна паглядзець, якая сума знаходзіцца ў мяне, колькі ўнёскаў у ФСАН аддадзена мною за сваё жыццё?

Ларыса Яшкова:

– Інфармацыю аб выплаце за вас працадаўцам страхавых унёскаў можна атрымаць у раённым аддзеле ФСАН за перыяд з 1 студзеня 2003 года, гэта значыць з даты ўвядзення індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку.

Святлана Бусько, «Звязда», 26 чэрвеня 2018 г.