/ / Общественно-политические
26.07.2018

Усё аб ільготах шматдзетных сем'яў: Мінпрацы падзялілася самай свежай інфармацыяй

Наша дзяржава зацікаўлена ў тым, каб нараджалася як мага больш дзяцей, таму стараецца стымуляваць нараджэнне другога дзіцяці, а таксама праводзіць палітыку падтрымкі шматдзетных сем'яў. Нагадаем, што сям'я набывае статус шматдзетнай ужо пры нараджэнні трэцяга дзіцяці, і з гэтага моманту мае шэраг ільгот і гарантый.

Многодетные семьи

Больш падрабязна пра іх, а таксама пра дадатковыя прэферэнцыі пры з'яўленні ў сям'і чацвёртага і пятага дзіцяці нам расказала намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Марына Арцеменка.

Статус шматдзетнай сям'і пацвярджаецца пасведчаннем шматдзетнай сям'і, якое выдаецца пры нараджэнні трэцяга дзіцяці і пры наяўнасці ў жывых астатніх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Для шматдзетных сем'яў прадугледжаны наступныя асноўныя льготы і гарантыі:

  • налічэнне сямейнага капіталу (на дзяцей, народжаных (усыноўленых, удачароных) трэцімі і наступнымі ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года);
  • налічэнне стандартнага падатковага выліку ў павышаным памеры (па 57 рублёў у месяц на кожнае дзіця) па месцы працы бацькоў;
  • льгота па падатку на нерухомасць і па зямельным падатку;
  • зніжэнне аплаты на 50 % за карыстанне падручнікамі дзецьмі-школьнікамі;
  • зніжэнне аплаты на 50 % за харчаванне дзіцяці ў дашкольнай установе;
  • налічэнне скідкі са сфарміраванага кошту навучання ў дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі;
  • забеспячэнне навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі бясплатным харчаваннем;
  • льгота па аплаце паслуг электра- і газазабеспячэння;
  • па месцы працы даецца дадатковы свабодны ад работы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку ў парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны;
  • шматдзетным сем'ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аказваецца дзяржаўная падтрымка на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Так, субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыту, выдадзенаму на гэтыя мэты, даецца шматдзетным сем'ям у наступных памерах: пры наяўнасці траіх непаўналетніх дзяцей – у памеры 95 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па крэдыце; пры наяўнасці чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей – у памеры 100 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па крэдыце.

Акрамя таго...

Калі ў сям'і нарадзілася пяць і больш дзяцей, то для маці прадугледжаны яшчэ дадатковыя гарантыі.

Гэта прызначэнне датэрміновай пенсіі па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на пяць гадоў для маці, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей да 8-гадовага ўзросту. Без патрабаванняў па пенсійным узросце такія пенсіі прызначаюцца шматдзетным маці, якія працуюць у арганізацыях сельскай гаспадаркі непасрэдна ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры неабходнасці больш падрабязныя тлумачэнні могуць быць атрыманы ва ўпраўленні мясцовага органа ўлады па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Таксама ўзнагароджанне ордэнам Маці (з выплатай у памеры пяці бюджэтаў пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва) за нараджэнне і выхаванне пяцярых і больш дзяцей, пры дасягненні пятым дзіцем узросту аднаго года – па прадстаўленні мясцовых органаў улады, аблвыканкама. Гэты пункт датычыцца тых маці, якія забяспечваюць належнае ўтрыманне і выхаванне дзяцей.

Святлана Бусько, «Звязда», 26 ліпеня 2018 г.