/ / Общественно-политические
25.07.2018

«Свежыя» жыроўкі за ліпень: Плаціць за «камуналку» будзем па-новаму. За што і калі?

Асобны кранік на паліў агарода пакуль не запатрабаваны.

Жировка

У апошнія дні чэрвеня ў нашай краіне перагледзелі парадак разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Дык вось, асноўныя змены ўступілі ў сілу з 1 ліпеня, а асобныя – з 1 кастрычніка.

«Свежыя» жыроўкі атрымаем у жніўні за ліпень

Нагадаем, што з гэтага месяца перагледжаны ў бок павелічэння нарматывы на электраэнергію для тых, чые жылыя памяшканні не абсталяваны сістэмамі цэнтральнага гарачага водазабеспячэння і цэнтралізаванага забеспячэння прыродным газам. Для гэтай катэгорыі нарматыў павышаны да 250 кВт/гадзін. Больш за тое, пры спажыванні ад 250 да 400 кВт/гадзін аплата таксама будзе праводзіцца па субсідаваных тарыфах, але з прымяненнем павышаючага каэфіцыента 1,3. І толькі пры перавышэнні 400 кВт·гадзін плаціць прыйдзецца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.

Таксама пачала працаваць зніжка на ацяпленне ў 10 % на працягу трох гадоў для тых, хто за свой кошт установіць прыборы індывідуальнага ўліку расходу цеплавой энергіі. А тым, у каго ўжо былі такія лічыльнікі да 1 студзеня гэтага года, але імі не карысталіся, будзе зроблена зніжка ў 5 % на ацяпленне на працягу трох гадоў, калі яны пачнуць аплачваць па прыборах.

З першых дзён ліпеня непрацуючыя пенсіянеры, а таксама тыя, хто мае права на льготы па аплаце жыллёва-камунальных плацяжоў, і інваліды III групы могуць аплачваць паслугі электра- і газазабеспячэння па субсідаваных тарыфах у дачыненні да двух жылых памяшканняў: па адрасе абавязковай рэгістрацыі па месцы жыхарства і рэгістрацыі па месцы знаходжання.

У ліпені, калі б не залевы, мог бы запрацаваць «асобны кранік на паліў агарода». Гаспадары індывідуальных дамоў, якія ўтрымліваюць жывёлу і займаюцца агародам, могуць устанавіць асобны прыбор уліку спажывання вады. Ён будзе кантраляваць расход вады менавіта на паліў і ўтрыманне жывёлы, і гэты аб'ём вады будзе выключацца з платы за паслугу водаадвядзення.

Наступныя змены ўбачым у лістападзе. Калі будзем плаціць за кастрычнік

«Не плаціць за смецце, якога няма» можна будзе з пачатку кастрычніка. Так, уласнікі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, у якіх ніхто не прапісаны, змогуць на 6 месяцаў у каляндарным годзе прыпыняць аказанне паслугі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі. І, адпаведна, не плаціць за гэта.

Тыя, хто жыве ў інтэрнаце і заключыў дагавор найму жылога памяшкання, за кастрычнік абавязаны ўносіць плату за водазабеспячэнне, водаадвядзенне, электрычную энергію. Гэта датычыцца ў тым ліку спажыванай электраэнергіі на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, а таксама санітарнага ўтрымання дапаможных памяшканняў. Увага! У абавязковым парадку трэба будзе плаціць за ўсе паслугі, якія налічваюцца ў залежнасці ад колькасці не зарэгістраваных, а тых, хто пражывае.

Таксама з кастрычніка пачне дзейнічаць новы парадак ліквідацыі дапушчаных выканаўцам памылак, у выніку якіх прыходзіцца дадаткова налічаць плацельшчыку пэўныя сумы. Даналічэнне цяпер магчыма ажыццяўляць толькі за тры месяцы.

Сяргей Куркач, «Звязда», 25 ліпеня 2018 г.