/ / Общественно-политические
13.07.2018

Трэба быць бліжэй да людзей: Як зрабіць працу дэпутатаў мясцовых саветаў больш плённай

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк сустрэўся ў Віцебскім аблвыканкаме з кіраўнікамі мясцовай прадстаўнічай улады, ідэалагічным актывам вобласці. Ён у сваім выступленні выказаў меркаванне, як зрабіць працу дэпутатаў мясцовых саветаў больш плённай.

Владимир Жевняк

– Праца дэпутатаў па-старому не задаволіць. Ад іх чакаюць адкрытасці, высокай публічнай актыўнасці, настойлівасці ва ўзаемадзеянні з выканаўчай уладай у вырашэнні сацыяльных пытанняў. Прыярытэтам у рабоце павінна стаць выяўленне праблем, якія хвалююць насельніцтва, іх актыўнае абмеркаванне. Неабходны пошук шляхоў вырашэння, актыўны ўдзел у дзейнасці мясцовых улад, – адзначыў Уладзімір Жаўняк.

Таксама выступоўца нагадаў, што народныя абраннікі – людзі, якія могуць хутчэй дастукацца да начальства, каб данесці, што цікавіць людзей. Менавіта дэпутаты на месцах лепш ведаюць сітуацыю і могуць паўплываць на рашэнне праблемных пытанняў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што сустрэчы з выбаршчыкамі, у працоўных калектывах, выступленні ў СМІ таксама маюць вялікае значэнне.

Што датычыцца дзейнасці мясцовай улады, то адказным асобам, адзначыў выступоўца, трэба ўмець слухаць людзей і не баяцца ўступаць у дыскусіі з тымі, у каго іншыя погляды.

– Людзі востра рэагуюць на тое, што датычыцца іх інтарэсаў. У якасці прыкладаў можна прывесці размяшчэнне асабліва небяспечных вытворчасцяў, высечку дрэў, ушчыльненне забудовы, – падкрэсліў Уладзімір Жаўняк.

Людзі павінны ведаць, што прадстаўнікі ўлады гатовыя прыслухвацца да прапаноў, улічыць аргументаваныя думкі... Іх меркаванні могуць быць улічаны пры прыняцці рашэнняў. Гэта дазволіць пазбегнуць грамадскай напружанасці, паспрыяе аўтарытэту адказных асоб раённага, гарадскога ўзроўняў.

Уладзімір Жаўняк заклікаў ідэолагаў актыўней карыстацца сучаснымі сродкамі інфармавання людзей. Трэба не забываць пра рэаліі часу: неабходна быць на сувязі з землякамі і ў сеціве.

– У сучасных умовах ідэалагічны актыў павінен валодаць новымі кампетэнцыямі, уменнем прымяняць сучасныя сродкі камунікацыі, працаваць з рознымі катэгорыямі грамадзян, – працягнуў спікер.

Работнікам вертыкалі ўлады неабходна весці дыялог, аргументавана спрачацца, купіраваць канфлікты, праводзіць інфармацыйныя кампаніі... Сёння нельга проста давесці да людзей цытаты з мясцовых газет і тэлеканалаў, агучыць і супакоіцца. Людзі ўжо не прымаюць аднабаковай сувязі. А хочуць атрымліваць канкрэтныя адказы на свае пытанні. Як і ведаць, што іх праблемы заўважылі, што яны ўдзельнічаюць у абмеркаваннях планаў развіцця сваіх населеных пунктаў, уплываюць на працэс, растлумачыў ён.

Важную ролю ў зваротнай сувязі абавязаны іграць дзяржаўныя мясцовыя СМІ. Іх сайты павінны быць канкурэнтаздольнымі, стаць віртуальнай пляцоўкай для абмену думкамі. Тады давер да іх узрасце і павысіцца іх папулярнасць.

Уладзімір Жаўняк агучыў і пытанні ў галіне маладзёжнай палітыкі. Не сакрэт, што юнакі і дзяўчаты часам пакідаюць Радзіму, бо ўпэўненыя, што за мяжой у іх больш перспектыў, шанцаў дасягнуць лепшага ўзроўню жыцця. Таму важна даць ім магчымасць рэалізаваць сябе ў Беларусі. Для гэтага трэба ствараць умовы для самарэалізацыі моладзі. Каб папярэдзіць маладзёжную міграцыю, трэба перагледзець схему адпаведнай палітыкі.

Ад грамадскіх арганізацый, у тым ліку ветэранскай, жаночай, маладзёжнай, улада чакае пастаяннай плённай працы.

Падчас сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адказаў на пытанні.

Аляксандр Пукшанскі, «Звязда», 13 ліпеня 2018 г.